13 Верасня
13.09.2019

Жураўлінае веча. Па журавіны можна – ад сёння...

logo
Думкі ўслых
8 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Народныя традыцыі настолькі шматлікія і разнастайныя, што цікаўся імі – не цікаўся, вывучай – не вывучай, але і праз месяц, праз год, праз 5 даведаешся пра штосьці новае. І здзівішся, і захопішся, і задумаешся. Так і ў мяне гэтым разам атрымалася.

Аказваецца, нашы продкі хадзілі па журавіны, пачынаючы… з 13 верасня. І зусім не таму, што ягады да гэтага часу добра выспявалі ці людзям хтосьці з вышэйшага начальства раней забараняў. Лічылася, што менавіта 13 верасня, на Купрыянаў дзень, жураўлі збіраліся на балоце на сваё веча – перад адлётам.

Жураўлі і журавіны… Вядома ж, сугучныя словы. Таму паміж імі павінна быць сувязь. Ды яшчэ якая! Кажуць, што даўней журавіны зваліся… жураЎЛінамі! А птушкі падчас свайго веча кланяліся гэтай ягадцы. Вось чаму заўчасна нельга было ні іх трывожыць, ні накіроўвацца па журавіны.

Што ж жураўлі робяць на тым вечы? Ды, сцвярджалі старыя людзі, своеасаблівае спаборніцтва ладзяць, агляд. Хто мацнейшы, дужэйшы? Хто паперадзе кліна стане? Пара ж ужо адлятаць у цёплыя краіны… Літаральна 14 верасня можна ўжо згледзець жураўліныя кліны…

А мне падумалася: мусіць, і танчаць жа жураўлі на балоце яшчэ. Ва ўсёй сваёй прыгажосці. Эх, каб хоць калі зірнуць на тое веча! І журавінамі, вядома ж, харчуюцца, набіраюцца моцы перад далёкай дарогай. А што ж адчуваем мы падчас іх адлёту?! Светлы сум…

Нашы продкі і жураўлёў, як і буслоў, атаясамлівалі з людзьмі, прыпісвалі ім чалавечыя якасці. І розум, і прыстойнасць, і мудрасць… Магчыма, так яно і ёсць. Але не дадзена нам, на жаль, зразумець, пра што яны думаюць, пра што размаўляюць паміж сабой… Вечная загадка прыроды.  «І жураўлі без веры не жывуць» – лічылася ў народзе.

Дайшла да нашага часу і народная мудрасць, у якой выкарыстаныя шматгадовыя назіранні за гэтымі птушкамі. «Калі жураўлі ўвосень ляцяць нізка, то зіма чакаецца цёплая, калі высока, то халодная», «Жураўлі гучна курлычуць – да дажджу». А паколькі 13 верасня – Купрыянаў дзень… «На Купрыянаў дзень жураўлі збіраюцца на балоце дамову трымаць, якім шляхам-дарогаю на цёплыя воды ляцець».

Так, жураўлінае веча звычайна збіраецца на Купрыянаў дзень, на які ў нашых продкаў таксама існавалі свае звычаі і традыцыі. Напрыклад, прыбіраць з палеткаў ураджай бульбы, буракоў, морквы, прыгаворваючы: «Усякі карэньчык у свой час», «Гаспадыня пры кароўцы, а дзеўкі – пры моркве».

Шмат усяго цікавага казалі пра таго, хто зваўся Купрыянам. Маўляў, ён з жураўлямі сябруе, і яны яго не баяцца, давяраюць адно аднаму. Калі Купрыян будзе ведаць, дзе хаваецца гэтая птушка з пашкоджаным крылом, дык нікому і не скажа, а жураўлю дапаможа.

А яшчэ быццам бы Купрыян не баяўся розных зданяў, блукаючых балотных агеньчыкаў, заўсёды мог прайсці праз багну і не патануць. Але ў наш час лепей такое ўменне Купрыянам і не правяраць…

А вяртаючыся да журавінаў… Вельмі карыснай для здароўя гэтая ягада лічыцца здаўна. Толькі калі яе збіраць ужо ў спелым выглядзе, а не даспельваць зялёную прымусова.

Думаю, многія з дзяцінства памятаюць кіславаты смак морсу, якім нашы бацькі літаральна адпойвалі дзяцей падчас хваробы, высокай тэмпературы. І лепшала ж! Бо журавіны ўтрымліваюць шмат вітамінаў групы В, а таксама С, А, К. Плюс калій і кальцый, магній і фосфар, натрый, жалеза, ёд, марганец…

А гэта – гарачкапаніжальны, супрацьзапаленчы, супрацьмікробны эфекты і не толькі. Журавіны паляпшаюць склад крыві, рэгулююць абмен рэчываў. Пры рэгулярным ужыванні здольныя паніжаць артэрыяльны ціск. І яшчэ шмат-шмат-шмат усяго!

Таму, не трывожачы сёння жураўлінае веча, кіруем на балота заўтра – па журавіны! Поспехаў усім у збіранні, прыемных адчуванняў пры спажыванні!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

8 0 24

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.