18.05.2023
18.05.2023

Жыццё анлайн. Карысныя лайфхакі для лічбавага дэтаксу

logo
Здаровы лад жыцця
0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Наша жыццё цяпер як ніколі раней завязанае на стасунках анлайн. Зручна, хутка – проста выратаванне. Аднак любыя тэхналогіі патрабуюць асцярожнага выкарыстання.

Лішак інфармацыі прыводзіць да таго, што яна не засвойваецца. Альбо запамінаецца толькі самае простае, нават прымітыўнае. Вось і атрымліваецца, што вы цэлы дзень правялі анлайн, загрузілі галаву бясконцым патокам усякіх розных дадзеных. А на выхадзе – стомленасць, невыкананыя справы, пачуццё знясілення, перагрузкі, нездаволенасці, залежнасць ад тэлефона і гаджэтаў.

У дадатак раздражненне, злосць і віна, якая падганяецца параўнаннем сябе з больш паспяховымі людзьмі, якія ў адрозненне ад вас паспяваюць усё. «Бонусам» прыходзіць і бяссонніца. А для жанчын апусканне ў лічбавае асяроддзе багатае на праблемы з рэгулярнасцю менструальнага цыклу. Акрамя таго, лічбавы кантакт не можа задаволіць нашу патрэбу ў эмацыянальных сувязях з іншымі людзьмі. Усё гэта ўзмацняе пачуцці адзіноты і нездаволенасці. Дапамагчы можа выкананне правілаў лічбавай гігіены.

Правілы лічбавай гігіены

Личбавы дэтакс

1. Раніцу пачынаем не з тэлефона

Большая частка сучасных людзей, ледзь расплюшчыўшы вочы, цягнецца да смартфона: праверыць пошту, сацсеткі, убачыць апошнія навіны. Ці не пакінуў хтосьці паведамленні, колькі «падабаек» назбіраў пост у сацсетцы, што новага апублікавалі і г.д. На наш мозг абвальваецца лавіна інфармацыі, а настрой чамусьці псуецца.

Важнае і першае правіла: прачнуўшыся, настроіцца на новы дзень, паляжаць у цішыні хаця б некалькі хвілін, адчуць сваё цела, пацягнуцца ў ложку, сказаць сабе штосьці добрае, узбадзёрыцца.

Затым памыцца, зрабіць усе гігіенічныя працэдуры. І толькі пасля гэтага, ужо канчаткова прачнуўшыся, паглядзець у тэлефон. Многія людзі адзначаюць, што нават гэты пункт робіцца для іх складаным. Не правяраючы паведамленні пастаянна, яны літаральна адчуваюць інфармацыйную ломку. Нагода задумацца.

2. Адключаем гук і паведамленні

Личбавы дэтокс 3

Вядомы расійскі псіхатэрапеўт Андрэй Курпатаў параўноўвае наша імкненне кідацца да тэлефона пры кожным сігнале месэнджараў з рэфлексамі сабакі Паўлава. Ад таго, што вы не адказалі ў гэтую ж секунду, ніхто не пацерпіць у 90% выпадкаў. Адкажаце тады, калі ўбачыце. Абвесткі можна пакінуць толькі на самыя важныя нумары або групы.

3. Фільтруем непатрэбнае

Ад багацця разнастайных месэнджараў, сацсетак і дадаткаў галава ідзе кругам. Ці сапраўды яны ўсе патрэбныя альбо некаторыя проста цягнуць час і адцягваюць увагу?

4. Ставім таймер для працоўных задачаў

Калі перад вамі ёсць працоўная задача, дык узнікае спакуса адцягнуць увагу: залезці спачатку «на пару хвілін» у Фэйсбук і знайсці пост Івана Пятровіча, праверыць новы рэцэпт чарговага блогера з інсты, «заліпнуць» на смешным відэа. І вось ужо прайшло 2-3 гадзіны, вы цалкам выматаныя, а нічога карыснага яшчэ не зроблена. Каб засцерагчы сябе ад такой сітуацыі, лепей карыстацца таймерам. Паўгадзіны-гадзіну канцэнтруемся выключна на працоўным пытанні, не чапаючы тэлефон, затым 15 хвілін адпачываем. Таксама строга па таймеры.

5. Рэгулюем час знаходжання ў сацсетках

Лічбавы дэтакс

Сацсеткі карысныя новымі важнымі знаёмствамі і кантактамі, але вельмі каварныя. Падглядванне за лічбавым жыццём іншых людзей багатае на расчараванне ва ўласным: вось яны ўжо і спортам пазаймаліся, і пяты па ліку вебінар асвоілі, і кнігу прачыталі, і кар'еру прасоўваюць, і дом заўсёды ў парадку, а я... Праблемы ёсць ва ўсіх. Але лічбавы свет фільтруе і прапускае толькі самыя паспяховыя моманты. Таму наша ўласнае жыццё здаецца нам не такім удалым у параўнанні. У многіх гэта выклікае апатыю. Але мы не ведаем, з чым насамрэч сутыкаюцца гэтыя людзі.

Вядомы расійскі журналіст і медыяменеджэр Уладзімір Якаўлеў калісьці вырашыў зацікавіцца гэтым пытаннем і пагутарыў з героямі гучных публікацый пра поспех. Усё, што было апісана пра гэтых людзей, аказалася праўдай. Толькі вось высвятлілася, што сапраўды паспяховы бізнэсмэн пакутуе ад сур'ёзных хваробаў і страціў кантакт з дзецьмі, шчаслівы сем'янін ужо знаходзіўся ў эпіцэнтры разбуральнага разводу...

Шчасце і поспех бетануюцца ў інтэрнэце як штосьці нязменнае. Насамрэч у жыцці людзей здараецца ўсякае. Для таго, каб пазбегнуць спакусы параўноўваць сябе і псаваць гэтым настрой, псіхолагі рэкамендуюць праводзіць у сацсетках рэгламентаваную колькасць часу. Напрыклад, паўгадзіны ў дзень. Пэўныя праграмы дазваляюць устанавіць таймер, які будзе сігналізаваць пра тое, што свой сённяшні час вы ўжо вычарпалі.

6. Выдзяляем час без гаджэтаў штодня

Сям'я

Вызначыце для сябе час, у які вы будзеце мець стасункі толькі з сямейнікамі ці зможаце прысвяціць сабе, цалкам засяродзіўшыся на адпачынку і не перагружаючыся інфармацыйным шумам.

Напрыклад, гэта можа быць традыцыя вячэраў, калі ўся сям'я мае стасункі ўжывую, а не гледзячы пастаянна на экран гаджата. Нават гэты невялікі, але рэгулярны час будзе важкім укладам у падтрыманне так патрэбнай для ўсіх нас эмацыянальнай сувязі са значнымі людзьмі.

Даследаванні псіхолагаў адзначаюць, што фабінг (звычка адцягваць увагу на мабільныя прылады замест таго, каб падтрымліваць размову з суразмоўцам) выклікае ў людзей пачуццё раз'яднанасці, непатрэбнасці, страты кантакту. З'ява, на жаль, зрабілася распаўсюджанай. А вось паходжанне слова кажа само за сябе – ад ангельскіх слоў «phone» (тэлефон) і «snubbing» (грэблівае стаўленне).

7. Рухаемся мінімум 30 хвілін у дзень

Звычка пастаянна сядзець у тэлефоне прыводзіць не толькі да эмацыянальнага знясілення, але і стомленасці вачэй, болю ў спіне. Бо нярэдка, захапіўшыся, чалавек забываецца пра позу і сядзіць, скрукаваўшыся, гадзінамі. Паўгадзіны фізкультуры ў дзень дапамогуць вам лепей адчуваць сябе і фізічна, і псіхалагічна.

Трэніроўкі

8. Арганізуем месца без гаджатаў дома

Андрэй Курпатаў раіць не насіць з сабой смартфон па ўсім доме (асабліва ў прыбіральню і ванны пакой), а адвесці для яго сваё месца, куды вы час ад часу будзеце падыходзіць. Так залежнасць ад гаджата будзе паступова слабець.

9. Выкарыстоўваем прадметы па прызначэнні

Смартфон робіцца незаменным: тут і будзільнік, і нататнік, і падлік калорый, і дадатак для чытання кніг... Для таго, каб не дазволіць гаджату перацягнуць на сябе занадта шмат увагі, псіхолагі рэкамендуюць часцей выкарыстоўваць рэчы па прызначэнні: запісваць інфармацыю звычайнай ручкай у папяровы нататнік, завесці механічны будзільнік (гэта нават рамантычна), часцей чытаць папяровыя кнігі. Гэтыя простыя змены сапраўды дапамогуць развіццю мозгу.

10. Знаходзім цікавы занятак у рэальнасці

Дэтакс 4

Часта мы пачынаем цягнуцца праверыць сацсеткі або пасерфіць у інтэрнэце не таму, што нам рэальна штосьці трэба даведацца, а... ад суму. Штораз, калі нам няма чаго рабіць, мы бяром у рукі тэлефон. А там ужо справа тэхнікі: інфармацыйная варонка пачынае засмоктваць. Як толькі вы адчуваеце, што хочацца пацягнуцца да тэлефона ад няма чаго рабіць, значыць, ваш мозг нічым карысным не заняты.

Адцягнуць увагу дапаможа цікавая справа ў рэальнасці. Ёй можа зрабіцца нават прыбіранне. Асабліва такое, якое паляпшае не толькі ваш дом, але і якасць жыцця. Кожны пры жаданні можа заняць сябе чымсьці цікавым не ў тэлефоне. Вядома, цяпер сітуацыя іншая. Для многіх адзіны спосаб атрымаць падтрымку і кантакт з іншымі людзьмі – стасункі анлайн. Але нават у гэтым выпадку правілы лічбавай гігіены павінны працаваць!

11. Арганізуем лічбавы выхадны.

Акрамя таго, каб знаходзіць хаця б гадзіну ў дзень на стасункі, адпачынак без тэлефона, планшэта, камп'ютара, тэлевізара, псіхолагі рэкамендуюць выдзяляць для такога рэлаксу адзін дзень штомесяц. Пры такім падыходзе галава робіцца яснай, сон і настрой паляпшаюцца.

У ЗША існуе нават Нацыянальны дзень адключэння (National day of unplugging). У гэты дзень людзі не карыстаюцца камп'ютарамі, каб заняцца чым-небудзь іншым. А сярод турыстаў трэнд лічбавага дэтаксу робіцца суперпапулярным. Паехаць у маляўнічае месца, дзе не працуюць тэлефоны і вайфай, робіцца элітным баўленнем часу.

Адпачынак

12. Не глядзім у смартфон за гадзіну да сну

Калі першае правіла лічбавага дэтаксу абвяшчае «не пачынаць дзень з тэлефона», дык не заканчваць свой дзень ім зробіцца не менш важкім укладам у ваша здароўе. Справа ў тым, што святло экрана ад смартфона занадта яркае, а для нармальнага начнога адпачынку нам патрэбная цемра.

Менавіта ноччу выпрацоўваецца жыццёва важны для нас мелатанін. Яркае святло, накіраванае прама ў твар у цёмны час сутак, збівае арганізм з панталыку. У жанчын такая сітуацыя можа прывесці не толькі да бяссонніцы, але і да збою менструальнага цыклу. За паўтары-дзве гадзіны да сну выкарыстанне гаджатаў рэкамендуецца выключыць. Дапамагчы можа звычайная папяровая кніга.

13. Ямо без гаджатаў

Часам замовіць піцу і паглядзець любімае кіно можа быць добрым варыянтам адпачынку. Але ўвесь час прымаць ежу ў спалучэнні з праглядам тэлевізара ці прагортваннем стужкі навінаў у смартфоне не варыянт па дзвюх галоўных прычынах.

Па-першае, адцягваючы ўвагу, вы не заўважыце, як адбылося насычэнне, і будзеце з'ядаць значна большыя порцыі, не клапоцячыся пра тое, як вы перажоўваеце ежу, не атрымліваючы асалоду ад яе смаку.

Ямо без гаджэтаў

Па-другое, падчас ежы ваш мозг робцца занадта ўспрымальным да любой інфармацыі, а крытычнае ўспрыманне практычна не працуе. Таму замест адпачынку вы зноў загружаеце сябе бескарысным патокам інфармацыйнага фастфуду. Адсюль зноў пастаянная стомленасць, апатыя, віна. І хочацца суцешыць сябе, з'еўшы што-небудзь смачнае. Цыкл запусціўся.

Вядома, гаджаты і анлайн-стасункі – неад'емная частка сучаснага жыцця. Аднак важна ацэньваць карысць, рызыкі і знаходзіць аптымальны баланс, які дазволіць захаваць здароўе. Лепшая стратэгія для матывацыі – не ўшчуванне сябе штораз, калі штосьці не атрымалася, а пахвала за тое, што атрымалася. Дзякуйце сабе, калі ў вас атрымалася правесці якасны час без гаджатаў для сябе, са сваімі блізкімі. Для фарміравання здаровых звычак досыць пратрымацца 21 дзень. Затым гэта ўвойдзе ў вашае паўсядзённае жыццё і прынясе свае станоўчыя плады.

https://bel.24health.by/gadzhety-dlya-dzyacej-karysc-shkoda-u-pracentax/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 19

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.