23.09.2020
23.09.2020

Зноўку – Пётр і Павел. Рабіннікі

logo
Беларускі код
0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ушанаваўшы гэтых святых 12 ліпеня, улетку, мы яшчэ раз прыгадваем іх сёння, 23 верасня, калі ў народзе адзначаюцца Пётр і Павел восеньскія, альбо Рабіннікі. А яшчэ (неафіцыйна) сёння – імяніны ў рабіны! Святкуйма!

Пётр і Павел. Рабіннікі. Імяніны рабіны.

А гронкі рабіны тым часам з кожным днём усё больш і больш наліваюцца сокам, робяцца важкімі і прыкметнымі… Даўней нашыя продкі ў сезон збіралі іх гэтак жа заўзята, як грыбы ды дзікарослыя ягады. Бо пасля першых замаразкаў (а сёлета адзін з іх ужо таксама напаткаў нас – у ноч на 21 верасня, Раство Маці Божай) рабіна ўжо робіцца больш салодкай, чым гаркавай. А значыць, яе можна спажываць, не «прапускаючы» праз лядоўню.

Цікава, што нашыя продкі абцярэблівалі звычайна не ўсе гронкі. Лічылася, што частку рабінавага ўраджаю трэба абавязкова пакінуць птушкам на зіму.

З гэтага часу пачыналі ўжо гатаваць і рабінавы квас. Нягледзячы на выкарыстанне дрожджаў, рэцэпты нескладаныя. Вось адзін з іх.

Інгрэдыенты:

  • рабіна чырвоная – 1 кг;
  • вада – 4 л;
  • цукар – 2 шклянкі;
  • дрожджы – 10 г.

Прыгатаванне:

  1. Ягады рабіны абабраць з галінак і прамыць.
  2. Насыпаць у драўляную бочачку альбо шкляную ёмістаць на ¼ аб’ёму.
  3. Заліць гатаванай вадой.
  4. Дадаць дрожджы.
  5. Добра закаркаваць.
  6. Паставіць у халоднае месца на 5-6 сутак.
  7. У гатовы квас дадаць цукар ці мёд па смаку.

Ну што, паспрабуем?! Сама ні разу не рабіла, але прыгатаваць хочацца. Дужа ж смачна напісана…

Рабіннікі. Рабінавы квас.

Ну, пра тое, што рабіна – дрэва жаночае, памятаем, так? Але, па меркаванні спецыялістаў, яна спрыяе толькі дарослым жанчынам – ад 40 гадоў. І таксама не забываемся, што апрача станоўчай энергетыкі (па словах спецыялістаў, вельмі моцнай!) рабіна назапашвае і адмоўную, негатыўную.

Нашыя продкі лічылі, што ў ёй… жыве нячыстая сіла. Таму ўсе праклёны адсылалі на рабіну. Вось і не раілі выкарыстоўваць гэтае дрэва на дровы. Маўляў, той, хто яе ссячэ, возьме на сябе ўвесь негатыў… Майце на ўвазе! Але, тым не менш, рабіну ля хаты нашыя продкі садзілі актыўна.

А гронкі рабіны ахвотна падвешвалі пад столлю з мэтай ахоўнай, абарончай. Асабліва 23 верасня, на Пятра і Паўла восеньскіх. А яшчэ гронкі рабіны даўней былі абавязковым упрыгажэннем падчас вясковых вяселляў.

Пётр і Павел Рабіннікі. Упрыгажэнні з рабіны на вясковых вяселлях.

І вось нарэшце тлумачэнне, чаму мы так заўзята ў дзяцінстве рабілі сабе каралі ды бранзалеты з ягадак рабіны! Аказваецца, рабінавыя каралі – вельмі моцны абярэг ад сурокаў! А яшчэ яны дапамагаюць духоўна развівацца.

Праўда, нашыя продкі, цалкам дарослыя дзяўчаты і жанчыны, абыходзіліся з рабінавымі каралямі трохі па-іншаму. Калі мы, малыя, даволі часта (выпадкова!) рвалі ніткі, на якія нанізваліся рабінавыя ягадкі, альбо выкідалі ўпрыгажэнне, як толькі яно пачынала зморшчвацца, дык нашыя продкі па жаночай лініі насілі свае абярэгі… цэлы год! Пасля рабілі новыя, чарговыя, а старыя спальвалі.

І калі зараз, у дарослым жыцці, многія з нас пасаромеюцца насіць рабінавыя каралі, зрабіць практычна нябачны абярэг можа кожны. Спецыялісты раяць узяць невялікую галінку рабіны, зняць кару, лісце і ягады. І – захоўваць яе ў зручным месцы. Альбо ў сумачцы насіць, альбо на стале трымаць. Галоўнае – каб гэтага своеасаблівага талісмана-абярэгу не краналі чужыя рукі, толькі вашы.

Пётр і Павел Рабіннікі. Абярэг з рабіны.

І хочаце – верце, хочаце – не, але простая рабінавая галінка можа паспрыяць прасоўванню па кар’ернай лесвіцы, абараніць ад канкурэнтаў, прывесці ў дом спадарыню Удачу, а таксама ўмацаваць сілы. Як фізічныя, так і духоўныя. Толькі, вядома ж, трэба ў гэта верыць…

Ёсць і іншы рэцэпт выраблення абярэгу з рабіны. З яе драўніны трэба выразаць пласцінку акруглай формы. Існуе меркаванне, што жанчыны, якія яе маюць, адчуваюць сябе больш абаяльнымі, прыгожымі і жаданымі. І яшчэ абярэг-амулет навучыць кантраляваць свае пачуцці.

Па іншым жа меркаванні, любая галінка рабіны ў любым выглядзе так ці інакш будзе спрыяць чалавеку, які яе носіць з сабой.

Так што ў чарговы раз сёння ўшаноўваем рабіну, просім у яе спрыяння і… назапашваем ягады! Для абярэгаў, квасу і не толькі…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 35

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама