22.02.2022
22.02.2022

Зорны карагод над возерам (казка)

logo
Адукацыя і выхаванне
92 054
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

 

Калісьці, даўным-даўно, зоркі на небе не проста мігцелі і зіхацелі дзе каторай у галаву ўзбрыдзе. Яны безупынна вадзілі незвычайныя карагоды: зоркі не трымаліся за праменьчыкі, а беглі адна за адной роўненькімі  шнурочкамі ўсяго ў двух накірунках.

Так, насамрэч, карагоды былі два.  Адзін — з поўначы на поўдзень, другі — з поўдня на поўнач. Яны рухаліся побач, ніколі не збіваючыся са свайго шляху, не спыняючыся ні на імгненне, не перасякаючыся. Гэта было вельмі зручна: зоркі маглі ўвесь час вітацца з наступнай суседкай, хуценька дзяліцца навінамі.

Чароўныя заркі

Бывала, якая-небудзь зорка згасала. А недзе ў прасторах бясконцасці нараджаліся новыя зоркі і спяшаліся заняць месца ў карагодзе. Тым, хто з захапленнем глядзеў на неба, здавалася, што ў начной вышыні насустрач адзін адному цякуць два зіхоткія ручайкі.

Так і доўжылася б пэўна, аж да гэтай пары. Але нарадзіліся ў глыбінях космасу дзве зоркі-блізняткі. Былі яны падобныя як дзве кроплі вады. І характары мелі аднолькава вясёлыя і вельмі цікаўныя. Зорачкі адразу дамовіліся стаць у розныя карагоды, каб мець магчымасць хаця б зрэдку сустракацца.

Зоркі-блізняты

А возера, у роўнядзі якога, нібы ў люстэрку, адбіваліся карагоды, ажно кішэла русалкамі і вадзянікамі. Яны таксама любілі вадзіць карагоды, але іх ніхто не бачыў. Ніхто не захапляўся вытанчанасцю і зграбнасцю русалчаных постацей, ззяннем іх вачэй і серабрыстымі галасамі. А русалкам так хацелася, каб іх заўважылі! Яны нават спрабавалі карагод наладзіць тым жа парадкам, што і ў зорак, але нешта не атрымівалася. І таму русалкі танчылі, пабраўшыся ў мноства невялічкіх карагодаў.

Аднойчы адна з зорачак-блізнятак заўважыла, як прыветна махае ёй  рукой русалка з возера. Зорачка зацікавілася.

– Хто махае нам? – запыталася яна ў зоркі, якая на імгненне аказалася побач.

–Не ведаю. Запытайся яшчэ ў каго-небудзь.

Зокрка і русалка

Зорачка задала гэтае пытанне наступнай зорцы, і яшчэ некалькім. Але ніхто не мог нічога адказаць. Неўзабаве прыйшла чарга ёй сустрэцца са сваёй сястрыцай-блізняткай.

– Я таксама не ведаю, хто махаў табе. Але абавязкова пацікаўлюся ў сястрыц, якія бягуць за табой следам і з якімі я хутка сустрэнуся, – паабяцала зорачка.

Пытанне пашло гуляць ад зоркі да зоркі па абодвум ланцужкам. І  атрымалася так, што неўзабаве ўсіх зорачак зацікавіла адно і тое ж. Усё часцей кідалі яны свае позіркі на возера, спрабуючы што-небудзь разгледзець. Але на роўнядзі возера бачылі толькі сваё адлюстраванне.

Русалка на возеры

Той цікаўнай зорачцы, што першая звярнула ўвагу на возера, раптам прыйшло ў галаву:

– Глянь, сястрыца, – шапнула яна бліжэйшай суседцы, – там жа таксама зоркі танчаць. Пэўна, нашы суродзічы. Як цікава! Трэба было б наведацца да іх, пазнаёміцца.

Гэтая думка таксама хуценька абляцела зорныя карагоды. Цікаўнасць зорак усё расла, і калі зорачкі-блізняткі, сустрэўшыся ў чарговы раз, разам далі нырца на дно возера, следам за імі, нібы дамовіўшыся, пацяклі абодвы зорныя ручайкі.

Зорны караго над возерам

Якое ж было здзіўленне зорачак, калі замест суродзічаў, яны сустрэліся з ніколі нябачанымі істотамі: Русалкамі і Вадзянікамі. А Русалкі так зарадаваліся незвычайным госцям, што імгненна наладзіла свята і запрасілі зорачак патанчыць разам. Праўда, у возеры нябесным жыхаркам было цеснавата. Але ў цеснаце, ды не ў крыўдзе.

Што і гаварыць, вясёлыя атрымаліся скокі. Адны зоркі, пабраўшыся за рукі з Русалкамі, вадзілі русалчаныя карагоды, другія танчылі самі па сабе. Трэція разам з Вадзянікамі  гулялі ў сляпую курыцу. Набегаліся, наскакаліся!  Прыйшоў зоркам час на неба вяртацца, а яны не могуць у карагоды свае сабрацца. За бегатнёй  пераблыталіся так, што ўжо ніхто не мог дакладна успомніць, хто за кім стаяў. Нават да сваркі справа дайшла.

Зорны карагод

Адны даводзяць: так трэба, а іншыя – не, не так! Давялося зорачкам на неба вяртацца без усялякага парадку. Яны проста шуганулі з возера адтуль, дзе хто стаяў. І ўжо больш ніколі не змаглі дамовіцца стаць як мае быць. Толькі некаторым удалося захаваць ранейшы парадак.

Яны ўпарта трымаліся разам, не зважаючы на тых сястрыц, што назаўсёды адмовіліся станавіцца ў карагоды. Так утварыліся сузор’і. Нашы зорачкі-блізняткі як танчылі, пабраўшыся праменьчыкамі, так і апынуліся ў адным сузор’і. Ці не таму яно і стала звацца Блізнятамі? Праз нейкі час людзі далі назвы і іншым сузор’ям і склалі пра іх цікавыя легенды.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

92 0 54

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom».Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская