07.06.2020
07.06.2020

Зялёным «маем» Тройцу сустракаем!

logo
Беларускі код
0 78
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Зноўку паяднаўшы народнае і царкоўнае, да нас прыйшла Тройца. Яна ж – Сёмуха, Пяцідзясятніца, Зелянец, Зялёныя святкі… Прыгожае свята, якое злучае вясну з летам, у чарговы раз адзначае поўнае абуджэнне прыроды і… з’яўляецца выключна жаночым.

Тройца. Жаночае свята.

Адмысловай траецкай традыцыяй, якая відавочна бярэ свой пачатак яшчэ з часоў паганства (язычніцтва), з’яўляецца ўпрыгожвання не толькі храмаў, але і хатаў свежай зелянінай – «маем». Найчасцей для гэтага выкарыстоўваюцца галінкі бярозы, ліпы і клёну. А таксама дубу, ясеню, рабіны… Словам, усё, да чаго можна дацягнуцца.

У асобных раёнах Беларусі пра гэта казалі так: «Не прыйшло свята ў лес, а лес прыйшоў на свята». Як заўсёды, трапна заўважана! Асабліва калі ўлічыць (і гэта я таксама бачыла на свае вочы), што храмы ўпрыгожваюць цэлымі маладымі бярозкамі, а не асобнымі галінкамі.

Даўней у сялянскіх хатах (і пра гэта распавядала яшчэ мая любімая мамачка, светлая ёй памяць!) да Тройцы шаравалі драўляную непафарбаваную падлогу і засцілалі яе свежым аерам. Хтосьці дадаваў да яго рагоз. Пра гэта ж казаў і слынны беларускі паэт Рыгор Барадулін – вершаванымі радкамі.

Тройца. Аер на падлозе.

Аднойчы мы засцялілі аерам сваю драўляную непафарбаваную падлогу на дачы. Гэтая расліна тады якраз з’явілася ў стыхійным вадаеме непадалёк. І сапраўды, які ж гэта быў цудоўны водар!

Таксама цудоўна заўсёды пахлі і галінкі ў кватэры, якія са свежых паступова рабіліся засохлымі, але не страчвалі з-за гэтага сваёй прывабнасці. А здабываць іх да Тройцы даводзілася ў розных месцах. І ў лесапарку непадалёк ад дома, і ў лесе, што поруч з дачай… Бывала, і ў дождж… Але чаго толькі ні зробіш з-за прыгожай традыцыі. Таму шчыра раю, калі ў вас яе няма, распачаць…

Даўней гэты «май» мог вісець у хатах да Купалля. Пасля яго альбо спальвалі (што мы звычайна і рабілі, толькі раней), альбо выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах.

Тройца. «Май».

Не кранаюся царкоўнага складніка свята, бо не валодаю такой інфармацыяй. Дакладней, валодаю, але гэта, як зазначала ўжо, не маё… А вось што тычыцца народных традыцый, якія праз маму, яе сям’ю сапраўды зрабіліся блізкімі…

Дык гэта – карагоды на прыродзе, пляценне вянкоў, завіванне бярозак, праводзіны русалкі, кумленне дзяўчат… Сапраўды, ёсць чым заняцца тым, хто пераймае і адраджае народныя традыцыі альбо проста хоча адпачыць з карысцю.

Вянкі звычайна пляліся альбо з галінак, альбо з зёлак… І часцей за ўсё на Тройцу іх рабілі і надзявалі на сябе незамужнія дзяўчаты. А ў асобных раёнах Беларусі іх надзявалі… на рогі карове! Калі вянкі рабіліся з пэўных зёлак, дык лічыліся сапраўды лекавымі. Іх пазней выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.

Тройца. Вянкі.

Актыўна паўдзельнічаць у рэканструяваных народных абрадах і святах можна зараз у многіх аграсядзібах Беларусі. Ну, з папраўкай на каранавірус, вядома ж… Які ўсё ніяк не дае нам вольна дыхаць у літаральным сэнсе гэтага слова. І хочаш-не хочаш, а ўсё роўна будзеш улічваць усе рызыкі. І захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

А вось проста прагуляцца асобным сямействам дзесьці на лузе ці ў полі, лесе, на прасторы, падалей ад натоўпу… Дык чаму б і не?! Толькі каб надвор’е дазволіла. А яно быццам ужо нагадвае нам, што лета нарэшце прыйшло – не толькі каляндарнае.

Калі ж у вашай мясцовасці прынята наведваць продкаў (Дзяды, Бабы) не перад Тройцай, а непасрэдна на яе, дык на могілкі раяць браць не толькі зеляніну, а і адмыслова пафарбаваныя бярозавымі лісточкамі яйкі.

Калі не памыляюся, павінен атрымацца жоўты колер… Штосьці такое прыгадваецца з тэтралогіі Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся…». Адна з маіх любімых кніг. Час перачытаць ужо, даўнавата апошнім разам чыталася…

Тройца. Яйкі, пафарбаваныя бярозавым лісцем.

Выдатнага ўсім настрою на сённяшняе адмысловае свята! І якія б традыцыі вы, шаноўныя сябры, ні абралі б – царкоўныя альбо народныя, а можа, і тыя, і тыя… Няхай усё будзе да душы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 78

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".