27.02.2021
27.02.2021

5 звычак, якія псуюць зубы

logo
Здароўе дарослых
0 44
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Крыстафер Ор, кіраўнік стаматалагічнай клінікі ў Лондане, паказаў свету серыю фотаздымкаў зубоў сваіх пацыентаў (з іх, зразумела, згоды). Для ўрача гэта зусім не піяр-акцыя з мэтай прасоўвання сваіх стаматалагічных паслуг. Бо ў зубоў на фота нічога агульнага з галівудскай усмешкай.

Проста доктар вырашыў наглядна прадэманстраваць, як будзе выглядаць рот, калі не пазбавіцца ад некаторых звычак: шкодных, не вельмі і нават тых, якія нібыта павінны прыносіць карысць.

Што карысна, а што шкодна для зубоў?

Зубы псуюцца. Вада з лімонам.

1. «Кіслая дыета»

На Захадзе ўсё большую папулярнасць набывае звычка пачынаць свой дзень не з кубачка кавы, а з асвяжальнага напою: гарачай вады з лімонам. Сярод прыхільнікаў лімоннай вадзіцы нямала знакамітасцяў, напрыклад, Гвінет Пэлтроу і Вікторыя Бэкхэм.

Перавага кіпню з лімонам аддадзеная з тых меркаванняў, што гэты напой уяўляецца больш здаровай альтэрнатывай кавы ці моцнага чаю, але бадзёрыць не горш і пакідае адчуванне чысціні і свежасці. Іронія ў тым, лічыць Крыстафер Ор, што чай і кава даволі нейтральныя з пункту гледжання кіслотнасці і аказваюць менш шкоднае ўздзеянне на зубы ў параўнанні з лімонным напоем. Ён з'яўляецца асноўнай прычынай разбурэння зубной эмалі ў людзей, якія прывыклі піць яго раніцай. Асабліва гэта тычыцца жанчын сярэдняга ўзросту.

Дарэчы, не менш разбуральным дзеяннем на зубы валодае яблычны воцат, разведзены ў вадзе. Такі напой часта ўжываюць людзі, якія жадаюць знізіць вагу альбо трымаць яе пад кантролем. І далёка не самая дрэнная звычка піць натуральныя фруктовыя сокі зубам таксама не падабаецца. Праблема ў фруктовых кіслотах, якія негатыўна ўздзейнічаюць на зубную эмаль. Доктар Ор кажа, што па яго асабістых назіраннях за апошнія некалькі гадоў такі тып пашкоджанняў зубоў сустракаецца на 50% часцей.

Калі вы, нягледзячы ні на што, не маеце намеру адмаўляць сабе ў «кісленькім», няхай гэта будзе вада з лімонам, воцат альбо натуральныя фруктовыя сокі, піце іх праз саломінку. Гэта пазбавіць вашыя зубы ад прамога кантакту з кіслымі напоямі, а значыць, паменшыць шкоднае ўздзеянне кіслаты на эмаль.

Зубы псуюцца. Фруктовыя сокі.

2. Пастаянны перакус

Есці часта і невялікімі порцыямі – добра для падтрымання фігуры. Але не вельмі добра для зубоў. Нават калі перакусваць карыснымі з усіх пунктаў гледжання прадуктамі (тымі ж садавінай, напрыклад, гароднінай альбо зелянінай).

Праблема ў тым, што кожны раз, калі мы што-небудзь ямо, асабліва салодкае, бактэрыі ў роце ўтвараюць кіслату, якая можа прывесці да разбурэння эмалі. Сліна натуральным чынам нейтралізуе дзеянне кіслаты на працягу 20-30 хвілін. Але калі жаваць штосьці пастаянна, «таймер» запускаецца зноў і зноў, і ў сліны няма дастаткова часу, каб выканаць сваю ахоўную функцыю. Адпаведна, пакуль дзеянне сліны знаходзіцца «на адкладзеным старце», бактэрыям з зубнога налёту нішто не пагражае (ў адрозненне ад зубоў).

У доктара Ора на гэты конт адна парада: старайцеся пазбягаць перакусаў паміж прыёмамі ежы. Калі вы з'елі штосьці кіслае, пачакайце хаця б паўгадзіны, перш чым чысціць зубы, каб сліна ўтварылася ў колькасці, дастатковай для абароны эмалі зубоў.

3. Курэнне і вейпінг

Мабыць, гэта самая відавочная звычка, якая шкодная для зубоў ва ўсіх адносінах. Курэнне афарбоўвае зубы, выклікае непрыемны пах з рота і хваробы дзяснаў. Курэнне запавольвае гаенне любых ранаў у роце, а таксама значна павялічвае рызыку развіцця ракавых захворванняў.

Вейпінг (курэнне электроннай цыгарэты, парэнне) быў прадстаўлены як больш бяспечная версія класічнага тытунекурэння. Але, мяркуючы па выніках найноўшых даследаванняў і паведамленнях пра першыя ахвяры вейпінгу, гэта далёка не так. Нікацін, які змяшчаецца ў сумесях для электронных цыгарэт, таксама, як і звычайныя цыгарэты, афарбоўвае зубы, разбурае эмаль, робіць дыханне смуродным, можа прыводзіць да ўтварэння язваў і злаякасных пухлінаў. Усё тое ж самае ў поўнай меры адносіцца і да тытунёвых сумесяў, якія не кураць (снюсаў), у складзе якіх таксама ёсць нікацін.

Зубы псуюцца. Вейпінг.

4. Выкарыстанне зубоў «не па прызначэнні»

Прызнайцеся, любіце пажаваць шарыкавую ручку? Поліэтыленавую ўпакоўку зубамі адкрываеце? Можа, пазногці грызяце? Доктар Крыстафер Ор папярэджвае: не для таго прырода зубы стварала. Выкарыстоўваючы іх не па прызначэнні, заўсёды ёсць рызыка іх сцерці альбо зламаць, давесці справу да трэшчыны альбо надлому. У параўнанні з такімі наступствамі парэзы вуснаў і дзяснаў, інфекцыі, якія можна падчапіць з бруднай упакоўкі (альбо нават з уласнага імяннога «Паркера»!), здаюцца дробяззю. Аднак і яны здароўя ні вам, ні вашым зубам не дадаюць. Гэта дакладна.

Зубы псуюцца. Сцёртая эмаль.

5. Залішняя стараннасць

Штодзённая двухразовая чыстка зубоў (раніцай і ўвечары) – гэта тое, што сапраўды працуе на карысць зубам. А вось занадта частая і інтэнсіўная чыстка можа нават нашкодзіць. У прыватнасці, празмерная стараннасць можа прывесці да заўчаснага зносу (сцірання) эмалі, пашкоджанняў дзяснаў, што ў сваю чаргу пацягне за сабой павышаную адчувальнасць зубоў.

Зубы псуюцца. Не чысціць шмат разоў на дзень.

 

Стаматолагі запэўніваюць: пасля кожнага прыёму ежы няма неабходнасці чысціць зубы з пастай, дастаткова прапаласкаць рот вадой.

https://bel.24health.by/yak-zaxavac-svae-zuby-adkazvayuc-stamatolagi/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 44

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».