27.04.2022
27.04.2022

Ад механіка да ілюстратара. Гісторыя прафесійнага шляху Валерыя Слаука

logo
Асобы i лёсы
70 053
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Валерый Слаук — безумоўна, адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў школы сучаснай графікі Беларусі. Яго творчасць, інтэлектуальная і захапляльная, не можа пакінуць абыякавымі ні маленькіх дзетак, ні дарослых людзей. Фантазія аўтара невычэрпная, а яго героі запамінальныя і абаяльныя.

Сёлета ў красавіку таленавітаму аўтару споўнілася 75 год. З нагоды юбілею ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылі выстаўку творцы «Магія графікі», аснову экспазіцыі якой складаюць традыцыйныя казачныя вобразы сусветнай і беларускай міфалогіі. Гэта любімая тэма мастака.

Выстаўка Валерыя Слаука

У межах знакавых падзей карэспандэнт Слушна паразмаўляла з мастаком і даведалася не толькі пра акцэнты і сімвалы ў яго творчасці, але і пра шлях да прафесіі, які быў зусім не просты.

— Валерый Пятровіч, падзяліцеся, калі ласка, таямніцай вашага прозвішча. У розных выданнях яго пішуць па-рознаму. Як усе ж такі правільна — Слаук альбо Славук?

Пры нараджэнні мама дала мне дзявочае прозвішча — Славук. Аднак, калі выпісвалі пасведчанне аб нараджэнні, літару в прапусцілі, напісалі — Слаук. Так і засталося. Я заўсёды пішу так, як запісана ў пашпарце. А астатнія так, як ім больш падабаецца.

Вашы кніжныя ілюстрацыі захапляюць. Здаецца, што вы перанеслі іх з дзяцінства…

— Калі вучыўся ў школе на радзіме (у вёсцы Коханава Віцебскай вобласці), сябраваў з дачкой мясцовага дырэктара школы. У гэтым мне і пашанцавала. Асабістых кніжак у нас не было, бо жылі бедна, а на зарплату прыбіральшчыцы мама не магла дазволіць мне купляць кнігі. Тым часам у дырэктара школы было шмат добрых кніг, якімі са мной дзялілася яго дачка.

Мама таксама са школьнай бібліятэкі прыносіла розныя кнігі, якія я да гэтага часу памятаю. Напрыклад, казкі Братоў Грым з ілюстрацыямі Гюстава Дарэ. Унікальнае выданне ! Пасля тых часоў больш і не бачыў такіх кніг нідзе. Мне спадабаліся ў ёй гравюры. Ужо тады, разглядаючы іх, разважаў, як яны ствараюцца. Я тады нават чытаць не ўмеў, але ўсё роўна спрабаваў уяўляць апавяданні па малюнках.

— Ведаю, што частка вашага дзяцінства прайшла на Урале, дзе нават не было думак стаць мастаком. Ды і па вяртанні ў Беларусь вы хутчэй за ўсё не маглі падумць, што калі-небудзь будзеце звязаны з творчасцю…

— Калі я скончыў першы клас, майго старэйшага брата размеркавалі на Урал, ён там ажаніўся і пасля забраў маму і мяне да сябе. У горадзе Златавуст я і пайшоў у школу, вучыўся да сёмага класа. Дарэчы, у гэты горад былі эвакуіраваныя прадстаўнікі сталеліцейнай прамысловасці падчас вайны. Ён быў для мяне такім вялікім і вельмі непадобным на іншыя гарады. У нашым класе вучылася палова татараў, палова рускіх, сярод вучняў быў нават сын галоўнага пахана татарскага. Вельмі вёрткі хлопец з поглядам змяіным. Я многаму ў яго вучыўся.

Цікавы час быў!  Калі б застаўся там, адчуваю, жыццё маё павярнулася б па-іншаму. Але там быў дрэнны клімат, маме было складана. Мы вярнуліся на радзіму, купілі невялікі ўтульны домік. З таго часу я не люблю вялікія памяшканні.

Валерый Славук

Паступіў у тэхнікум, трэба ж было пасля сёмага класа неяк уладкоўваць жыццё. Калі паступаў, не задумваўся — падабаецца мне мая прафесія ці не. Неяк давучыўся. Пасля заканчэння нават папрацаваць паспеў паўгода ў калгасе — механікам. Ні ў чым там я не разбіраўся. Рабочыя хутка зразумелі, што не валодаю патрэбнай інфармацыяй, нават спецыяльна ламалі запчасткі, каб я шукаў прычыну. А я не разумеў, што і да чаго.

І быў рады, калі прыйшла павестка ў армію, хоць і думаў, што служыць не возьмуць: у той час у мяне ўжо не было ўказальнага пальца. Але бралі ўсіх.

Да арміі яшчэ папрацаваў на коханоўскім ільнозаводзе. Там, дарэчы, пазнаёміўся са сваяком Міхаіла Савіцкага. Гэта быў малады хлопец. Калі прывозілі лён, мы з ім складалі яго ў скірды, і ён распавядаў, што яго сваяк — вядомы мастак у Мінску. Я слухаў з захапленнем, але ў той момант нават не падумваў звязаць жыццё з мастацтвам. Не было такой мары, хоць маляваў заўсёды.

Святло, форма, колер і рух. Як выглядае сучасны авангард?

Папрацаваць у нятворчай сферы было цікава. Я даведаўся гісторыі і лёсы многіх людзей. Яны надоўга аддрукаваліся ў памяці. З адно боку, вопыт — складаны, з іншага — карысны. Цяпер мяне практычна немагчыма чымсці здзівіць. Тым больш, з часам дрэнныя ўспаміны знікаюць, застаюцца толькі добрыя.

— Як прыйшлі да мастацтва? Што падштурхнула да такога рэзкага павароту ў жыцці?

— Пасля арміі па спецыяльнасці тэхніка-механіка працаваць я больш не пайшоў. А старэйшы брат мне дапамог уладкавацца працаваць у Жодзіна на БелАЗ кантралёрам. Брат мне быў як бацька, толькі яго і слухаў. Мама са мной не заўсёды спраўлялася, а я быў той яшчэ шкоднік. Калі б не брат, нават і не ведаю, як склаўся б мой жыццёвы шлях.

Кантралёрам мне таксама не вельмі падабалася працаваць, бо я павінен быў быць строгім, а ў мяне не атрымлівалася. Падчас працы я шмат маляваў і аднойчы, дзеля цікавасці, паслаў у «Вожык» некалькі карыкатур, а іх узялі і апублікавалі. Тады на заводзе мяне сталі называць мастаком. Натхніла! Вырашыў паспрабаваць паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут.

Ілюстрацыі Валерыя Слаука

Калі паступаў, мне вельмі пашанцавала: у прыёмнай камісіі быў прафесар Павел Канстанцінавіч Любамудраў. Я набраў з сабой малюнкаў, якія рабіў яшчэ падчас службы ў арміі: гэта былі партрэты па фотаздымках. Паўлу Канстанцінавічу спадабалася, але ён спытаў: «Ты хоць аголенае цела маляваць умееш?». Вядома ж, я не ўмеў.

Прафесар адправіў мяне ў клас, паглядзець, як малююць аголеную дзяўчыну. Я адразу зразумеў, як можна злавіць момант. Пасля ён пачаў накіроўваць мяне ў іспытах.

Перад іспытам жывапісу сказаў: «Толькі, калі ласка, чырвоны колер чырвонай фарбай не пішы. Трэба рознымі фарбамі чырвонага дасягнуць». А я паняцця не меў, як гэта рознымі фарбамі можна прыйсці да аднаго колеру. Тады ён даў мне пэндзаль і паказаў, як змешваць палітру. Партрэт атрымаўся не вельмі якасным, а вось нацюрморт выйшаў добра. Калі справа дайшла да кампазіцыі, то нам трэба было ў аснове сюжэту паказаць чалавека падчас працы. Я адразу ж успомніў свой вопыт механіка ў калгасе: намаляваў карыкатурныя сюжэты, дзе адлюстраваў, як людзі капаюць бульбу, коней гоняць з поля.

Экзамен прымаў Васіль Пятровіч Шаранговіч. Ён хадзіў па класе, глядзеў, як мы малюем, потым падышоў да мяне, паклаў руку на плячо і сказаў: «Ты ж не з’едзь нікуды». Я зразумеў — шанс ёсць. Па балах я быў другім залічаным у групу. Мне вельмі пашанцавала. Калі б не паступіў, другі б раз нават і не спрабаваў. Характар ​​такі: не палезу больш у справу, якая не пайшла адразу.

— У час вучобы не ўзнікала пачуццё расчаравання, ці вы былі адназначна ўпэўнены, што зрабілі правільны выбар?

— Было цікава вучыцца, адкрываліся новыя гарызонты. З фантазіяй у мяне заўсёды ўсё было добра, таму працаваць з кнігай падабалася. Падчас дыплома я рабіў беларускую казку «Удовін сын». Нас, студэнтаў, прывучалі працаваць з сур'ёзнымі творамі —Янкі Купалы, Якуба Коласа. Аднак ў мяне іх ілюстраваць не атрымлівалася. Нават да гэтага часу стараюся не брацца за драматычныя кнігі. Па складзе розуму, тэмпераменце мне бліжэй ілюстраваць казкі альбо фантастычныя кнігі. Я люблю прыдумляць. Кнігу «Удовін сын» зрабіць атрымалася, потым яна была перакладзеная на некалькі моў.

Ілюстрацыя Валерыя Слаука

А цяпер я і сам выкладаю: запрасілі ў 1997 годзе. Мяне захапіў працэс абмеркавання рознай творчасці са студэнтамі, вельмі падабалася ім дапамагаць. Так я пачаў новую для сябе працу.

З часам у сістэме адукацыі шмат што змянілася. І сёння прад'яўляць студэнтам патрабаванні, якія былі ў нас, проста немагчыма. Гэта зусім іншыя людзі, яны па-іншаму думаюць. Але заўсёды ёсць студэнты, у якіх адразу бачыш прафесіянальных мастакоў. Вось, напрыклад, Кацярына Дубовік. Гэта мая дыпломніца. Часта кажа мне: «Валерый Пятровіч, а я калі толькі прыйшла вучыцца, ведала, што ў вас буду пісаць дыплом. Яшчэ ў дзяцінстве вашы ілюстрацыі да кніжак алоўкамі размалёўвала».

Аднак ведаю, што перавагу ў творчасці вы аддаеце афорту...

Афорт у нас выкладаў Уладзімір Пашчасцеў. Ён і зацікавіў мяне ім, таму што сам вельмі любіў. Афорт, як ён казаў, гэта самая арыстакратычная графічная тэхніка, хоць самая працаёмкая і брудная. Працаваць з бензінам, керасінам, ацэтонам зможа далёка не кожны. Але мне з афортом так спадабалася вазіцца, што да гэтага часу не перастаю захапляцца  працэсам.

«Мяне ўспрымалі як выскачку». Адна з самых маладых мастацтвазнаўцаў Беларусі расказала, як не баяцца крытыкі

На Захадзе многія мастакі працуюць з фотапалімернай тэхнікай. Гэта калі афорты можна рабіць не на метале, не апускаць іх у кіслату, а на фотапалімерных пласцінах: маляваць практычна нічога не трэба, з дапамогай камп’ютара можна выбраць малюнак. Але мне такая тэхніка не падабаецца. Яна штучная. У маім жа выпадку я кірую працай ад пачатку да канца: мая любая памылка — гэта мая памылка, гэтак жа як і поспех. Афорт, на мой погляд, яшчэ доўга не страціць пазіцый.

— Як прыйшлі да беларускай міфалогіі?

— Пасля дыплома мне ў рукі трапляліся розныя кніжкі. Першая кніга была пра тое, як піянеры метал збіраюць. Прытым нельга было зрабіць да яе палосных ілюстрацый, патрэбныя былі аборачныя, а яны самыя нелюбімыя для мяне. Праз гэты этап неабходна было прайсці, каб далей зразумець, як хачу працаваць.

Ілюстрацыя Валерыя Слаука

Другая кніжка «Піліпка сынок», якая да гэтага часу для мяне з'яўляецца прыкладам, як можна кніжкі рабіць, была па душы. Пасля ж яшчэ адно выдавецтва прапанавала зрабіць беларускую энцыклапедыю ў двух тамах пра фальклор. Мне было так цікава! Кніга атрымалася прыгожай. Аднак каб яе прынялі, прыйшлося паслухаць нямала негатыўных каментарыяў.

Хтосьці задаваўся пытаннем, што за чэрці на вокладцы, акцэнтуючы ўвагу на тым, што фальклор павінен быць добрым. Я ж застаўся пры сваім меркаванні: проста намаляваць на вокладцы сонца — у гэтым няма сэнсу, не захапляе. А вось такія персанажы, як дамавікі, лесавікі — яны жывыя, сапраўдныя. Пасля гэта выдавецтва, калі энцыклапедыя атрымала прызнанне ў Маскве, прапанавала мне зрабіць асобную кнігу пра маіх персанажаў.

Я шмат чытаў замежнай літаратуры, з дзяцінства падабалася чытаць пра эльфаў.

Беларускі фальклор вельмі адрозніваецца ад замежнага. Ён менш рамантычны. Аднак і ў нас ёсць прастор для фантазіі.

Кнігі, з якімі я працаваў, досыць часта падвяргаліся крытыцы. Казалі, толькі чарцей магу маляваць. Але тое, што прыдумаў народ, нельга выкрасліць з гісторыі. Поспех да маіх кніг прыходзіў не адразу. Цікава, што многія з кніжак, якія я рабіў гадоў дваццаць, трыццаць таму, сталі актуальнымі для чытачоў толькі зараз.

Вам патрэбна натхненне, калі вы ствараеце ілюстрацыі ці ўсё ж такі галоўнае, каб рука была набітая?

— Мне нават не натхненне патрэбна, а ўмовы. Калі чакаеш натхнення,  дачакаешся яго наўрадці. Мне неабходна пачаць працаваць і тады толькі пакрысе прачынаецца цікавасць. Як толькі ідэя зачэпіць, пачынаеш паглыбляцца ў працэс, абстрагуешся ад логікі і розуму, думаеш сэрцам. Аднак заўважаю, з узростам нават парыў можа прайсці. Робіш па інерцыі. А многія аўтары проста пачынаюць паўтарацца.

Ілюстрацыі Валерыя Слаука

Разумею, што калісьці я апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Хоць у тыя гады такую сітуацыю можна было назваць выпадковасцю, але ж сёння ведаю — я на сваім месцы. Зараз нават не магу ўявіць сябе ў іншай прафесіі, хоць вопыт мой у працы быў розны.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

70 0 53

Глядзіце таксама