05.07.2017
05.07.2017

Бяспечны ўльтрафіялет. Як правільна карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі

logo
Прыгажосць і догляд
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як вызначыць свой фотатып скуры? Як правільна карыстацца сонцаахоўнымі сродкамі? Што рабіць, калі абгарэў на сонцы?

Журналісту Слушна адказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскага клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі Ірына Яўсеенка.

Вызначаем фотатып скуры

Вызначаем фотатып скуры

Каб правільна выбраць сонцаахоўны сродак, трэба вызначыць уласны фотатып. Дэрматолагі і касметолагі вылучаюць шэсць.

  • I фотатып скуры – скандынаўскі, альбо нардычны. Гэта людзі са светлай і тонкай скурай, рудымі ці светлымі валасамі. У іх, як правіла, светлыя вочы, ёсць вяснушкі. Яны практычна не загараюць. На сонцы хутка развіваецца эрытэма (пачырваненне).
  • II фотатыпсветласкуры еўрапейскі. Асноўныя прыкметы гэтых асоб – светлая скура і светлыя валасы. Вяснушкі не такія яркія, як у прадстаўнікоў першага фотатыпу скуры. Колер вачэй – зялёны, шэры і блакітны. Хутка абгараюць на сонцы.
  • III фотатып сярэднееўрапейскі. Скура ў такіх людзей колеру слановай косці, валасы – ад светла-карычневага да цёмнага адцення. Вочы – светла-карыя. Загар кладзецца лёгка і раўнамерна, але з-за доўгага ўздзеяння прамога сонечнага выпраменьвання скура можа абгарэць.
  • IV фотатып – міжземнаморскі. Скура аліўкавага колеру, валасы – цёмна-карычневыя і чорныя. Колер вачэй – кары ці чорны. Такія людзі на сонцы практычна не абгараюць, хутка загараюць, а загар трымаецца доўга.
  • V фотатып – азіяцкі. Да яго адносяцца людзі з карычневым, жоўтым ці жоўта-карычневым колерам скуры і чорнымі валасамі. Скура не абгарае, ды і загар практычна незаўважны з-за прыроднага пігменту.
  • VI фотатып – афрыканскі. З цёмным (чорным) колерам скуры, цёмнымі вачамі і чорнымі валасамі.

Ірына Яўсеенка:

– У нашых шыротах з усіх шасці фотатыпаў скуры найчасцей сустракаюцца другі і трэці.

Як выбраць сонцаахоўны крэм у адпаведнасці з фотатыпам

Як выбраць сонцаахоўны крэм у адпаведнасці з фотатыпам

Чым больш светлая скура, тым вышэйшы мусіць быць фактар SPF («Sun Protecting Factor» – «сонцаахоўны фактар»).

Калі казаць прасцей, то светласкурыя людзі павінны выбіраць крэм з высокім індэксам – 30, смуглыя – 20.

На пляжы светласкурым неабходна выкарыстоўваць сродкі з SPF–фактарам 50, тым, хто мае аліўкавы колер скуры – SPF 30. Пераходзіць на сродкі з больш нізкім SPF можна не раней, як праз тыдзень.

Чым больш цёмнае натуральнае адценне скуры, тым больш у ёй меланіну. А гэта значыць, што вы можаце разлічваць на прыродную ахову ад шкодных выпраменьванняў. Слушна, але не зусім.

Калі ў вас смуглая скура, то прыродная ступень аховы знаходзіцца прыкладна на ўзроўні SPF 13. Каб засцерагчыся ад фотастарэння і анкалагічных захворванняў, патрэбны фактар не ніжэйшы за 30.

Ірына Яўсеенка:

– Калі вагаецеся, да якога фотатыпу вы належыце, лепш выбірайце сродак з больш высокім SPF, каб забяспечыць патрэбную ахову.

Ці абавязковая такая ахова?

Адзін з найбольш моцных аргументаў на карысць выкарыстання сонцаахоўных крэмаў – фотастарэнне. Ультрафіялетавыя прамяні тыпу А псуюць валокны калагену і затым разбураюць іх. Прыкметы фотастарэння можна заўважыць ужо ў маладым узросце – гэта пігментацыя, пашырэнне сасудзістай капілярнай сеткі, сухасць скуры, ажно да так званага сонечнага эластозу (агрубелая, маршчыністая скура).

Ірына Яўсеенка:

– Сонцаахоўныя сродкі варта выкарыстоўваць таксама людзям з павышанай фотаадчувальнасцю, з алергіяй на ўльтрафіялетавыя прамяні, а таксама тым, хто ўжывае медыкаменты, што ўплываюць на фотасенсібілізуючае дзеянне (яно павышае адчувальнасць да сонечных прамянёў).

Часам можна пачуць і такое меркаванне: у нас так мала сонца, што можна пазагараць пару тыдняў падчас адпачынку, каб назапасіць вітамін D на будучыню.

На самай справе зрабіць «запас» гэтага вітаміну немагчыма, а два тыдні апантанага загару, асабліва без выкарыстання сонцаахоўных сродкаў, могуць моцна нашкодзіць, бо мы рэдка бываем на сонцы.

Скура прызвычайваецца выпрацоўваць пэўную колькасць меланіну для аховы ад занадта агрэсіўных ультрафіялетавых прамянёў. Пасля доўгіх халадоў, калі цела схаванае пад адзеннем і адкрытыя толькі рукі і твар, з надыходам сонечных дзён мы атрымліваем інтэнсіўнае выпраменьванне. Уявіце, што наша скура адчувае, калі мы распранаемся да купальніка і бавім цэлыя дні на пляжы? Арганізму папросту бракуе абароны.

Ірына Яўсеенка:

– Адбываецца пашкоджанне клетак і ДНК, што ў выніку робіць скуру больш грубай і заўчасна старой, правакуе з’яўленне маршчын і павышае рызыку ўзнікнення раку скуры. Сонцаахоўныя сродкі здольныя запаволіць, але не парушыць рэакцыі абмену вітаміну D у скуры. Да таго ж, кароткачасовага ўздзеяння непрамых прамянёў сонца (у цяньку) на абмежаваны ўчастак скуры (напрыклад, далоні) дастаткова для сінтэзу вітаміну D у неабходнай для арганізму колькасці.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў прагнозе надвор’я раіць звяртаць увагу на UV-індэкс. Пры яго значэннях 0-2 (воблачна) – дастаткова прадукта з SPF 20, пры індэксе 3-7 неабходны сродак з высокім сонцаахоўным каэфіцыентам, апоўдні лепш быць у цяньку. З індэксам 8-9 у сярэдзіне дня не варта пакідаць памяшканне.

Калі такой магчымасці няма, і трэба знаходзіцца на вуліцы, тады варта карыстацца крэмам з максімальным фактарам аховы.

Як абараніць дзіця ад сонечных апёкаў

Як абараніць дзіця ад сонечных апёкаў

Дзяцей неабходна больш засцерагаць ад сонца. Сонечны апёк, атрыманы ў дзяцінстве, павялічвае рызыку развіцця меланомы ў сталым узросце.

Малыя да 3-гадоў не павінны знаходзіцца на адкрытым сонцы.

Дзецям любога ўзросту варта карыстацца спецыяльнымі дзіцячымі ласьёнамі з фактарам аховы каля 40. Звычайна такія сродкі вырабляюць на мінеральнай аснове, яны гіпаалергенныя.

Як правільна наносіць сонцаахоўны крэм

Каб забяспечыць добрую ахову ад сонца, для твару (у тым ліку вушэй) неабходна 5 мл (прыкладна чайная лыжка) крэму, на грудзі і жывот – каля 15 мл (сталовая лыжка), столькі ж на спіну і кожную руку, на ногі – па 2 мл.

Ірына Яўсеенка:

– Фотаахоўны крэм трэба абавязкова наносіць на ступні, падкаленныя ямкі, участкі пад шлейкамі купальніка, вушы, ніжнюю частку падбародка, лінію росту валос, прабор. Хімічныя фільтры працуюць толькі пасля ўбірання пад скуру, іх трэба размяркоўваць за 15-20 хвілін да выхаду.

Абавязковая ўмова для эффектыўнай аховы – сродак неабходна рэгулярна абнаўляць.

Ад крэму з SPF 50 праз 2 гадзіны застаецца прыкладна 25, праз 3 гадзіны сонцаахоўны фактар будзе складаць ужо 15, а праз 4-5 гадзін можна лічыць, што аховы зусім няма.

Ірына Яўсеенка:

– На адкрытым сонцы сродкі з SPF- фактарам трэба абнаўляць кожныя 2 гадзіны, калі ж большая частка дня праходзіць ў памяшканні, то так часта абнаўляць не трэба. Калі вы на пляжы, наносіць новы слой сонцаахоўнага крэму варта кожны раз пасля купання ці душу, калі на ўпакоўцы сродку не пазначана «Waterproof» (водаўстойлівы).

Самае слабое месца для сонечных апёкаў – нос. Пакутуюць таксама плечы і прабор.

Танальныя крэмы, пудры самі па сабе не маюць сонцаахоўных уласцівасцей.

Ірына Яўсеенка:

– Часта касметолагам задаюць пытанне, як спалучаць сонцаахоўную і доглядавую касметыку. Спачатку неабходна выкарыстоўваць свой звычайны дзённы крэм або сываратку, а праз некалькі хвілін – крэм з сонцаахоўным фактарам.

Калі два сродкі, напрыклад пудра і крэм, маюць сонцаахоўны эфект, то «працаваць» будзе толькі той, дзе SPF вышэйшы.

https://bel.24health.by/kali-sonca-ne-vorag-10-vazhnyx-pravilau-pavodzinau-u-spyakotu/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».