21.02.2019
21.02.2019

Функцыянальныя прадукты. Ежа, якая нас выратуе, ці маркетынгавы трук?

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ежа павінна не толькі насычаць, але і прыносіць карысць здароўю. З гэтай мэтай Навукова-практычны цэнтр па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук распрацаваў шырокую лінейку функцыянальных прадуктаў харчавання, і вытворцы вось ужо некалькі гадоў спраўна пастаўляюць іх на паліцы крамаў.

У якасці ежы, якая закліканая выратаваць рацыён ад дысбалансу нутрыентаў, спажыўцу прапануюць вітамінізаваныя сасіскі, малочку з павышаным утрыманнем бялкоў і кальцыю, хлеб і здобу з даданнем інуліну... На іх фоне кавалак свежага мяса, шклянка звычайнага малака і луста жытняга хлеба выглядаюць у прамым сэнсе бедным падабенствам ежы, якому ўсё меней месца на абедзенным стале.

Што такое функцыянальныя харчовыя прадукты? Ці сапраўды без іх не абысціся? Чаму морква і рыба – звычайная ежа, а маркоўнае пюрэ і рыбныя кансервы – ежа функцыянальнага прызначэння? Пра гэта і многае іншае – у нашым матэрыяле.

Правільнае харчаванне

Правільнае харчаванне

Ежа – залог здароўя. Альбо нездароўя

Па-за усялякіх сумневаў, харчаванне – адзін з найважнейшых фактараў, якія вызначаюць здароўе нацыі. Па некаторых ацэнках, разнастайны і збалансаваны рацыён на 60% забяспечвае работу арганізма без збояў на працягу ўсяго жыцця.

Але сучасныя рэаліі такія, што харчавацца правільна сёння – усё роўна, што плыць супраць плыні. Нарошчванне аб'ёмаў выпуску перапрацаваных харчовых прадуктаў, імклівая ўрбанізацыя, змены ў ладзе жыцця прывялі да зрухаў у рэжыме і рацыёне харчавання людзей па ўсім свеце. Не засталіся ў баку ад сусветных тэндэнцый і жыхары Беларусі. У меню нашых суайчыннікаў усё больш прадуктаў з высокім утрыманнем насычаных тлушчаў, транстлушчаў, цукру і солі. Усё менш садавіны, гародніны і клятчаткі.

Адсюль, як той казаў, карціна алеем. Па дадзеных СААЗ, у Беларусі амаль 44% мужчын і больш за 30% жанчын, якія старэйшыя за 20 гадоў, носяць на сабе лішнія кілаграмы, праблемы з вагой адзначаныя і ў 15% дзяцей да 17 гадоў. Статыстыка Міністэрства аховы здароўя сведчыць, што ў 2017 годзе захворванне сярод дарослых на хваробы эндакрыннай сістэмы, расстройствы харчавання і парушэнні абмену рэчываў склала больш за 96 тысяч чалавек; на хваробы органаў стрававання – звыш 227 тысяч. У педыятрыі – 55 тысяч і амаль 313,5 тысячы дзяцей адпаведна. Пэўны дэфіцыт мікранутрыентаў, асноўнай крыніцай якіх перш за ўсё служыць ежа, назіраецца практычна ў кожнага жыхара Беларусі.

Сусветны вопыт сведчыць, што найбольш эфектыўным і мэтазгодным з эканамічнага, сацыяльнага, гігіенічнага і тэхналагічнага пунктаў гледжання спосабам кардынальнага вырашэння праблем харчавання беларусаў з'яўляецца распрацоўка і вытворчасць функцыянальных прадуктаў харчавання. Такая пазіцыя вучоных Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН, агучаная намеснікам генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў, кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам Аленай Маргуновай на чарговым пасяджэнні Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры Нацыянальнай акадэміі навук.

Вучоныя ўпэўненыя: аб'ёмы вытворчасці неабходна нарошчваць, асартымент пашыраць. Пры гэтым спасылаюцца на даследаванні, праведзеныя з 1990 па 2016 гады нямецкімі калегамі ў 65 краінах Еўропы. Згодна з вынікамі, Беларусь займае 7 месца ў рэгіёне па ўзроўні смяротнасці ад хвароб, выкліканых няправільным харчаваннем. Стаўка на прадукты функцыянальнага прызначэння, на думку вучоных, закліканая палепшыць сітуацыю.

Функцыя «ўсё ўключана»

функцыянальныя харчовыя прадукты

Можна падумаць, што функцыянальныя харчовыя прадукты – якоесьці ноу-хау. Гэта не зусім так. У 2018 годзе сусветны рынак функцыянальнай ежы дасягнуў амаль 70 мільярдаў долараў. І хаця яго доля ў краінах Еўропы і ЗША пакуль складае 1/10 частку ўсяго аб'ёму харчовай прамысловасці, штогод адзначаецца рост на 15-20%. Немалаважную ролю ў яго пашырэнні адыгрывае папулярнасць здаровага і актыўнага ладу жыцця, якая расце.

Што да Беларусі, дык яшчэ ў 2007 годзе быў уведзены нацыянальны стандарт СТБ 1818-2007 «Харчовыя прадукты функцыянальныя. Тэрмін і яго вызначэнні». Згодна з ім, да функцыянальных адносяць харчовыя прадукты сістэматычнага ўжывання, якія захоўваюць і паляпшаюць здароўе, зніжаюць рызыку развіцця захворванняў, дзякуючы наяўнасці ў іх складзе функцыянальных інгрэдыентаў. Яны не з'яўляюцца лекавымі сродкамі, але перашкаджаюць узнікненню асобных хвароб, спрыяюць росту і развіццю, тармозяць старэнне арганізма.

Акрамя таго, функцыянальным прадукт можа быць толькі пры выкананні трох умоў (іх вывелі японскія вучоныя, нашы салідарныя з калегамі):

  1. Вырабляецца толькі з прыродных інгрэдыентаў.
  2. Яго можна і трэба ўжываць у складзе штодзённага рацыёну.
  3. Валодае выяўленым дзеяннем, якое рэгулюе асобныя працэсы ў арганізме, напрыклад, узмацненне механізму біялагічнай абароны, папярэджанне пэўнага захворвання, кантроль фізічнага і душэўнага стану, запавольванне старэння.
 
Алена Маргунова
Намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН, к.т.н., дацэнт
У развітых краінах сектар функцыянальных харчовых прадуктаў мае першараднае значэнне, бо гэта натуральная форма насычэння арганізма мікранутрыентамі, такімі, як поліфенолы (крыніцай служаць садавіна, ягады, гародніна), вітаміны, мінералы. Для нашай краіны гэтая праблема таксама актуальная па шэрагу прычын: глебы ў краіне бедныя на мікраэлементы; наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС працягваюць аказваць уплыў; харчаванне ў краіне носіць, у асноўным, вугляводна-тлушчавы характар... Таму структура харчавання, па ацэнцы спецыялістаў, мае патрэбу ў істотнай карэкцыі.

Дык у чым жа заключаецца карэкцыя і на каго яна арыентаваная ў першую чаргу?

Па словах Алены Маргуновай, ужо цяпер распрацаваны, вырабляюцца і даступныя ў гандлёвай сетцы шырокія лінейкі функцыянальных прадуктаў, арыентаваныя на пэўныя катэгорыі насельніцтва:

  • для людзей сталага ўзросту;
  • цяжарных і кормячых жанчын;
  • жыхароў Чарнобыльскай зоны і пацярпелых ад наступстваў аварыі на АЭС;
  • для тых, хто актыўна займаецца спортам;
  • дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту;
  • людзей, якія маюць пэўныя захворванні (фенілкетанурыя, цэліякія, цукровы дыябет).

Асноўную долю функцыянальных прадуктаў прадстаўляюць хлебабулачныя і мучныя, малочныя і мясныя вырабы: хлеб, здоба, макароны, малако, кісламалочныя прадукты, ёгурты, тварожныя пасты, мясныя і рыбныя кансервы, сасіскі, вяндліна, вараныя каўбасы, паштэты, кандытарскія вырабы. А таксама чай, сокі, плодаагароднінныя пюрэ, джэмы, прысмакі (напрыклад, жавальны мармелад і шакаладныя цукеркі) і нават маянэз.

Адметнай іх асаблівасцю з'яўляецца тое, што ў склад прадуктаў уваходзяць тыя самыя функцыянальныя інгрэдыенты, закліканыя аказваць дабратворны ўплыў на арганізм чалавека і адпаведна яго здароўе.

У залежнасці ад таго, на якую групу насельніцтва арыентаваны прадукт, пры вытворчасці ў яго склад мэтанакіравана ўводзяць розныя вітаміны і мінералы, інулін, пекцін, бэта-глюкан, прабіётыкі, харчовыя валакны, лактулозу, Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты. Альбо наадварот, выключаюць ці зводзяць да мінімуму ўтрыманне пэўных рэчываў: да такіх адносяцца, напрыклад, безглютэнавыя макароны для харчавання хворых на целіякію, нізкалактозныя кісламалочныя прадукты, вырабы з паніжаным утрыманнем фенілаланіну.

Горкі шакалад без цукру – таксама функцыянальны прадукт, паколькі можа быць уключаны ў рацыён людзей з цукровым дыябетам.

 
Алена Маргунова
Намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН, к.т.н., дацэнт
Ужыванне функцыянальных прадуктаў, прызначаных для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, дазваляе задаволіць сутачную патрэбу дзіцячага арганізма ў вітамінах, мікраэлементах. Тое ж тычыцца і дарослых. Акрамя таго, функцыянальныя дабаўкі здольныя нармалізаваць абменныя працэсы ў арганізме, паляпшаць страваванне, спрыяць прафілактыцы розных захворванняў, павялічваць ахоўныя сілы арганізма, павышаць працаздольнасць. Такія прадукты можна і трэба ўключаць у рацыён таксама пры дыетычным харчаванні.

Уся прадукцыя ў абавязковым парадку праходзіць даклінічныя даследаванні і, калі гэта магчыма, клінічныя выпрабаванні. Калі на маркіроўку вынесена, што прадукт стымулюе пэўныя працэсы ў арганізме, значыць, гэта даказана клінічнымі даследаваннямі.

Ад дабра дабра не шукаюць?

Але вось якая цікавая штука атрымліваецца. Тыя ж морква, капуста, гарбуз або яблыкі, тварог ці рыба, крупы або мяса пры правільным падыходзе да складання меню і выбару страў ані не саступаюць па «функцыянальнасці» ўзбагачаным прадуктам. Больш за тое, з цяжкасцю верыцца, што фаршыраваная скумбрыя з гароднінай, прыгатаваная дома з клопатам і любоўю, саступіць пальму першынства рыбным прэсервам, няхай нават узбагачаным дадатковай дозай Амега-3 тлустых кіслот.

Магчыма, часам узбагачаныя вітамінамі сасіскі і хрумсткія хлябцы сапраўды больш просты і хуткі спосаб папоўніць сутачную патрэбу ў мікранутрыентах. Але адной функцыянальнай ежай, як той казаў, сыты не будзеш. Калі няма звычкі штодня з'ядаць хаця б адзін яблык, хлеб «Коласаўскі» з даданнем канцэнтрату яблычнага соку гэты прабел не папоўніць. Калі няма традыцыі ладзіць рыбныя чацвяргі, дык і функцыянальныя рыбныя кансервы – апошняе, да чаго пацягнецца рука радавога спажыўца.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама