30.05.2020
30.05.2020

Калі дакладна абмежаваць сябе ў салодкім? Асноўныя прыкметы пераддыябету

logo
Здароўе дарослых
0 69
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пераддыябет – гэта стан арганізма, пры якім нашы тканкі губляюць адчувальнасць да павышанай колькасці інсуліну ў крыві. З-за гэтага пажыўныя рэчывы не могуць трапіць у клеткі, што прыводзіць да іх галадання.

Зніжэнне адчувальнасці тканак да інсуліну называюць інсулінарэзістэнтнасцю. Калі своечасова заўважыць гэты стан, можна пазбегнуць цукровага дыябету. Што ж гэта за прыкметы?

Гэтай тэме прысвяціў ролік папулярны медыцынскі блогер, урач агульнай практыкі Андрэй Ягораў.

Відэа набрала ўжо 281 тысячу праглядаў і больш за 2 тысячы каментароў, мяркуючы па якіх, людзі мала ведаюць пра інсулінарэзістэнтнасць і магчымасці ўплываць на гэты працэс. Сам урач адзначае, што нашы пратаколы больш заточаныя на выяўленне дыябету, а не пераддыябетнага стану. Таму гэтая інфармацыя такая важная.

Доктар Ягораў выдзяляе 16 прыкметаў пераддыябету. Насцярожыцца варта ў тым выпадку, калі выявіцца тры і больш прыкметаў інсулінарэзістэнтнасці, адзначае ўрач.

Прыкметы інсулінарэзістэнтнасці

Прыкметы інсулінарэзістэнтнасці

1. Лішняя вага. Самая відавочная прыкмета. Калі ў целе больш за 20% тлушчу (для мужчын) і больш за 30% (для жанчын), хутчэй за ўсё, ужо маецца пэўная ступень інсулінарэзістэнтнасці.

2. Аднак худым і стройным таксама не варта расслабляцца. Бо існуе індывідуальная адчувальнасць да інсуліну. Дыябетыкі могуць быць худымі, а людзі з вагой у 150 кг не мець цукровага дыябету, бо ў іх вельмі высокая адчувальнасць да інсуліну па жыцці. Таму гэты індывідуальны фактар трэба ўлічваць, сачыць за сабой і не спадзявацца толькі на кантроль вагі, упэўнены ўрач.

3. Дрымотнасць пасля прыёму ежы, асабліва пасля абеду. Калі пасля ежы адчуваецца не прыліў сіл, а стомленасць, гэта сведчыць пра тое, што падчас прыёму ежы адбыўся вялікі рост інсуліну і глюкозы.

4. Прышчы (на твары, ягадзіцах, спіне) у дарослых. Падлеткавыя прышчы таксама часткова звязаныя з інсулінарэзістэнтнасцю, таму тынэйджары і налягаюць на салодкае. Але ў гэтым узросце прышчы можна абгрунтаваць і ўсплескам палавых гармонаў, а вось устойлівыя высыпанні ў дарослых людзей адназначна кажуць пра павышаны інсулін.

5. Тлустыя скура твару і валасы. Сальнасць, бляск скуры ў дарослага палаваспелага чалавека таксама паказваюць на павышаны інсулін і перабор вугляводаў у рацыёне.

6. Перхаць на галаве альбо бровах. Калі себарэйны дэрматыт не лечыцца спецыяльнымі шампунямі і прэпаратамі, гэта таксама нагода задумацца пра цукар у крыві. Варта абмежаваць салодкае і вугляводы ў рацыёне, і перхаць сыдзе на працягу месяца, упэўнены Андрэй Ягораў.

7. Розныя дэрматыты і іх рэцыдывы.

Алергіі

8. Алергіі і іх рэцыдывы. Алергія на асобны алерген можа быць самастойным захворваннем. Але калі з часам дадаюцца новыя алергены, не дапамагае лячэнне гарманальнымі прэпаратамі, варта больш пільна прааналізаваць сваё харчаванне і змяніць яго. Зараз алергій, бранхіяльных астмаў, псарыязаў, экзэмаў стала больш, чым 20 гадоў таму, што звязанае з павелічэннем цукру, вугляводаў у харчаванні, лічыць доктар.

9. Выпнуты жывот (быццам барабан на фоне агульнай худзізны і стройнасці). Такі жывот – прыкмета вісцаральнага атлусцення, пры якім асноўныя назапашванні тлушчу адкладаюцца вакол унутраных органаў. Гэта цягне за сабой парушэнні абмену вугляводаў, тлушчаў, гарманальнага фону і як вынік – цукровы дыябет 2-га тыпу.

10. Павышаны артэрыяльны ціск.

11. Папіламатоз і рост ангіёмаў. Калі на целе назіраецца рост утварэнняў, як правіла, колеру скуры (папіломаў), і чырвоных кропак (ангіёмаў), гэта прыкмета інсулінарэзістэнтнасці.

12. Сіндром полікістозных яечнікаў у жанчын.

13. Пастаяннае пачуццё голаду альбо яго хуткае надыходжанне пасля ежы. Гэта сведчыць пра тое, што арганізм не можа пераключыцца на выкарыстанне тлушчаў для атрымання энергіі, тлумачыць урач.

14. Цяга да салодкага. У чалавека з гнуткім метабалізмам няма цягі да ласункаў, бо арганізм лёгка пераключаецца з тлушчаў на глюкозу і назад. А вось тыя, чый арганізм ужо прывык працаваць выключна на глюкозе, якраз не могуць без салодкага. Таму пастаянныя думкі накшталт «У мяне разумовая праца і таму неабходна з'есці шакаладку з кавай» – гэта праблемны сігнал, падкрэслівае ўрач.

Пераддыябет. Калі кава з шакаладкай – не аргумент.

15. Мышачная слабасць, дрэнны рост мышцаў. Тут важна не перашчыраваць з трэніроўкамі па наборы мышачнай масы, бо ў пэўны момант колькасць тлушчу пачынае апярэджваць рост мышцаў. Чым больш тлушчу, тым горш працуюць і сілкуюцца нашыя мышцы. Фізічныя нагрузкі вельмі важныя, але яны павінны суправаджацца правільным харчаваннем. Не трэба займацца «тлушчабілдынгам», спажываючы шмат вугляводаў, папярэджвае ўрач. Важна ведаць, што з узростам адчувальнасць да інсуліну падае. Таму чым чалавек старэйшы, тым лепей трымаць «сухую» форму цела, сачыць за вагой.

16. Дрэнная праца імунітэту. Гэта можа выяўляцца ў частых прастудах і ВРВІ, рэцыдывах герпесу і грыбка на нагах.

Чым далей органы і тканкі ад умоўнага цэнтра арганізма (сэрца), тым горш іх кровазабеспячэнне. Пры павышаным інсуліне такія тканкі пакутуюць у першую чаргу. Таму, да прыкладу, пры запушчаным дыябеце развіваецца дыябетычная ступня – гнойна-некратычны працэс, які ў запушчаных выпадках прыводзіць да ампутацыі канечнасці, тлумачыць Андрэй Ягораў.

https://bel.24health.by/karysnyya-parady-dlya-znizhennya-uzrounyu-cukru-u-kryvi/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 69

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама