18.01.2023
18.01.2023

Як у Мінску працуюць майстэрні «ЗдольныЯ» для людзей з інваліднасцю?

logo
Здаровы лад жыцця
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На вуліцы Сямашка ў Мінску у ліпені 2021 года адкрылі свае дзверы спецыялізаваныя працоўныя майстэрні для людзей з інваліднасцю. Установа атрымала назву «ЗдольныЯ».

Майстэрні былі арганізаваны ў межах беларуска-нямецкага праекта «Мінск як інклюзіўны горад у кантэксце Позвы-2030. Інклюзіўная палітыка працы і занятасці». Партнёрамі праекта з нямецкага боку стаў федэральны горад Бонн, з беларускага — камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Мінгарвыканама, Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Мінская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

У межах праекта «ЗдольныЯ» былі абарудаваны 4 майстэрні: кравецкая, пякарня, ганчарная і майстэрня дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Майстэрня дэкаратыўна-прыкладной творчасці

Мэтай праекта з’яўляецца прасоўванне інклюзіі і пашырэнне занятасці людзей з асаблівасцямі, якія вельмі адчуваюць патрэбу ў сацыяльнай ахове. Праз абмежаваныя магчымасці яны не могуць паўнавартасна канкураваць на рынку працы, аднак з дапамогай майстэрні могуць атрымаць сацыяльную адаптацыю і інтэграцыю ў грамадастве.

Па апошнім дадзеным толькі ў Мінску пражывае больш за 3 тысячы чалавек ад 18 да 31 года з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.

Майстэрні «ЗдольныЯ» могуць рэалізаваць ахвоту і жаданні, а таксама дапамагчы адчуць сябе патрэбнымі.

Ганчарныя майстэрні. Праект "ЗдольныЯ"

Спецыялізаваныя майстэрні адчынілі свае дзверы больш за год таму. Аб працы ў цэнтры распавялі дзве супрацоўніцы «Здольных» Анастасія і Вікторыя. Абедзве дзяўчыны патрапілі ў цэнтр адразу пасля вучобы.

— Якое ў вас было першае ўражанне ад майстэрняў і як вы вырашылі працягнуць працу тут?

Вікторыя

— Мая спецыяльнасць была ў каледжы новая, да канца не было зразумела, куды варта ісці на працу. Майстэрні сталі вырашэннем, якое мне спадабалася. Я амаль адразу ўбачыла патэнцыял, неглядзячы на тое, якія энэргаёмкія рабяты ў нашым цэнтры.

Анастасія

— Для мяне вельмі важным фактарам стала творчая свабода. Як для выкладчыкаў, так і для наведвальнікаў. Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, і ў майстэрнях адчуваю магчымасць рэалізаваць свае ідэі разам з людзьмі, якія сюды прыходзяць. Тут няма ні груп, ні класаў. Мы працуем з 9 да 17 гадзін, у любую гадзіну чалавек можа прыйсці сюды і правесці час, як яму цікава.

Майстэрні "ЗдольныЯ". Як бавяць час людзі з інваліднасцю?"

— Што для вас галоўнае ў  камунікацыі з людзьмі з асаблівасцямі?

 Вікторыя

— Самае галоўнае для мяне — трыванне. Не адразу, але я навучылася слухаць і перазапытвацца, калі я нешта не зразумела. Гэта аднімае ў мяне лічаныя секунды, але для чалавека гэты час вельмі істотны. Без стрэсаўстойлівасці і эмацыйнай стабільнасці тут нікуды. Але пра гэта скажуць і настаўнікі ў школах. Мне дапамагае вярнуць рэсурс на працы сама праца — калектыў, атмасфера, самааднасць людзей сваёй справе. Таму і вяртацца сюды заўсёды хочацца.

З рабятамі я заўважыла адну цікавую асаблівасць. Іх настрой шмат у чым залежыць ад майго. То бок, як ты з імі павітаешся, так і яны з табой. Гэта так натуральна і зразумела. Яны рэдка штосьці недамаўляюць, наадварот — надзвычайна адкрытыя. Гэта людзі, якія жывуць эмоцыямі.

Анастасія

— Для мяне галоўнае, каб людзі побач са мной былі ў добрым настроі. Мы, безумоўна, называемся майстэрнямі, але на першым месцы ў нас стаіць не стварыць нейкі прадмет. Самае галоўнае, каб рабяты былі з людзьмі і каб ім было добра, спакойна, нетрывожна. Таму ў час перапынку машынкі швейныя стаяць, а мы гуляем у настольныя гульні. Бо так зараз хочацца. Людзі да нас прыходзяць класныя, цікавыя, ніколі не ведаеш, што цябе чакае з імі на наступны дзень.

Хоць, па шчырасці, я пры першых сустрэчах гублялася. У мяне не было досведу працы з такімі людзьмі, але я ўсе зразумела і многаму навучылася. Гэта было пытаннем часу. Людзі з кліентаў ці вучняў пераўтвараюцца ў сяброў.

Чаяпіцце ў майстэрні "ЗдольныЯ"

— Якія людзі звычайна наведваюць майстэрні?

 Вікторыя

 — У цэнты працоўнай дзейнасцю займаюцца людзі з аўтызмам, шызафрэніяй, ДЦП, разумовай адсталасцю, людзі з  сіндромамі Даўна і Прадэра-Вілі. Амаль усе яны маюць спакойны характар, сапраўдную цікавасць адзін да аднога, адкрытасць. Я часам нават адзначаю пра сябе, што людзі, якіх мы лічым паўнавартаснымі, не ўмеюць так адчуваць, як сябры нашых майстэрнь.

Анастасія

— Калі чалавек упісваецца ў калектыў, то ён тут застанецца. Не істотна, з якой хваробай ён прыйшоў, якое ў яго мінулае і хто яго бацькі. Рабяты існуюць у сваёй супольнасці, са сваімі рытуаламі. Так, як ім камфортна. Калі прыходзіць хтосьці, хто хоча зруйнаваць парадак, напрыклад, ранішняга чаяпіцця, то такі чалавек надоўга не затрымаецца. Усе людзі тут як загадковыя праграмы, якія можна бясконца справабаць разгадаць. Не атрымаецца, усё роўна.

Творчыя майстэрні для людзей з інвалднасцю

— Якія людзі працуюць разам з наведвальнікамі майстэрняў?

 Вікторыя

— Акрамя выкладчыкаў, якія ёсць у штаце, да нас часта прыязджаюць валанцёры самых розных прафесійных напрамкаў. Ад стылістаў да рэжысёраў. Таксама шмат практыкантаў з адпаведных універсітэтаў. Часцей за ўсё бываюць псіхолагі і мастакі. У цэнтры не бывае сумна. Мы жывём ад свята да свята ў такім бясконцым карагодзе гісторый.

Мастацкая праца ў творчых майстэрнях

— Як рэагуюць людзі на вашае месца працы?

 Вікторыя

 — Маё атачанне — гэта людзі, якія разам са мной вучыліся ў каледжы на спецыяльнасці «Сацыяльная праца», таму мы існуём у адном свеце. Нікога нічым не здзівіш.

 Анастасія

 — Калі я распавяла пра сваю працу маці, яна адразу разгубілася. Сказала, што, напэўна, не атрымаецца, Таму што палічыла, што працаваць прыйдзецца з дзецьмі. На яе думку, такім можа займацца толькі чалавек з адпаведнай адукацыяй. Цяпер жа сям'я і сябры рэагуюць станоўча і цікавяцца падзеямі ў майстэрнях.

Звычайны дзень у "Здольных"

— Як праходзіць звычайны дзень у «Здольных»?

Вікторыя

— Кожны дзень у майстэрнях мы пачынаем з кубачка гарбаты і абмеркавання планаў на новы дзень. Ставім пэўныя задачы калектыву і рабятам. І цягам дня робім невялічкія перапынкі на гульні і развагі.

 Анастасія

— Я адказваю за швейную майстэрню. Было дзіўна, калі я ўбачыла, што за дзень тут часцей бываюць мужчыны, чым дзяўчаты. Яны цалкам пазбаўлены ад усялякіх забабонаў, якія ўласцівы звычайным людзям. А ў ганчарнай можна ўбачыць шмат дзяўчат.

Ганчарная майстэрня "ЗдольныЯ"

— Чаму вас навучылі людзі з асаблівасцямі развіцця?

 Вікторыя

Абсалютнай талерантнасці. Навык успрымаць розных людзей любым чынам, без дадумвання і фантазій. Слухаеш да апошняга, не перабіваючы і не падганяючы. Яны надзвычай мяккія і пяшчотныя, немагчыма гэта не пераняць.

Анастасія

 — Яны мяне ўвесь час вучаць. Нядаўна ў мяне быў адпачынак, але я ўсё роўна пару разоў на тыдзень прыязджала ў майстэрні. Гэта зусім іншая камунікацыя, новы варыянт сяброўства. А тое, якія часам няпростыя гісторыі ў рабят, і як бодра і жыва яны трымаюцца, мяне ўражвае дагэтуль.

https://bel.24health.by/medycynskaya-reabilitacyya-invalidau/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0