30.08.2020
30.08.2020

Што такое сінавіт. Прычыны, сімптомы і лячэнне

logo
Здароўе дарослых
0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вакол звязак і суставаў для іх абароны і павышэння рухомасці размешчаная сінавіяльная абалонка. Яна выдзяляе спецыяльную змазачную вадкасць, якая памяншае трэнне і паляпшае амартызацыю пры руху. У выніку траўмаў ці інфекцыі сінавіяльная абалонка можа запаляцца.

Гэта прыводзіць да болевых адчуванняў у вобласці пашкоджанага сустава, абмежавання ў руху (здаецца, што сустаў пачаў дрэнна згінацца). Гэтыя прыкметы могуць паказваць, што развіваецца сінавіт.

Пра тое, што такое сінавіт, пра яго першыя сімптомы, а таксама метады дыягностыкі і лячэння захворвання, якія ёсць у арсенале  ўрачоў, журналісту Слушна распавёў навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Раман Сіроткін.

Пашкоджанне сустава

Сінавіт каленнага сустава. Знешнія прыкметы

Чаму развіваецца сінавіт

Сінавіяльная абалонка сустава складаецца са злучальнай тканкі і пакрывае ўвесь сустаў. Яна прасякнутая нервамі і сасудамі, функцыя якіх – забеспячэнне абмену рэчываў у поласці сустава, сілкаванне сустаўнага храстка.

Пры сінавіце ў поласці, якую высцілае сінавіяльная абалонка, назапашваецца вадкасць, так званы запаленчы выпат – эксудат. Як правіла, хвароба абмежаваная межамі пашкоджанага ўчастка.

 
Раман Сіроткін
Навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Часцей за ўсё прычынай захворвання з'яўляюцца розныя паталогіі альбо наступствы траўмы. Найбольш схільныя да сінавіту буйныя суставы. Напрыклад, нярэдка запаленне сінавіяльнай абалонкі адбываецца ў вобласці каленнага, тазасцегнавога і галёнкаступнёвага суставаў. Паводле даследаванняў розных аўтараў, частата развіцця сінавіту каленнага сустава складае ад 9 да 33% усіх яго паталогій.

Сінавіт каленнага сустава. Пашкоджанне каленнага сустава.

Існуе некалькі прычынаў развіцця хваробы.

У залежнасці ад фактару, які стаў першапрычынай захворвання, адрозніваюць сінавіт інфекцыйнай і неінфекцыйнай этыялогіі.

  • Інфекцыйны сінавіт

У гэтым выпадку правакацыйным фактарам сінавіту з'яўляецца інфекцыя, узбуджальнік якой з крывёй ці лімфай трапіў у поласць сінавіяльнай абалонкі.

 
Раман Сіроткін
Навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Сінавіт можа развіцца як ускладненне працяглага гнойна-запаленчага працэсу (напрыклад, пры пранцах альбо сухотах). Акрамя гэтага, інфекцыя здольная пранікнуць у поласць сінавіяльнай абалонкі ў выніку траўмы, калі была парушаная цэласнасць і непранікальнасць сустава.
  • Неінфекцыйныя сінавіты

Як правіла, яны з'яўляюцца наступствам траўмы сінавіяльнай абалонкі ў выніку пашкоджання звязкі альбо сустава. Нярэдка яны дыягнастуюцца ў спартсменаў і ў тых, хто хворы на гемафілію.

Сінавіт. Агляд урача. Паталогіі суставаў і спартыўныя траўмы

Сінавіт можа ўзнікнуць у выніку перанесенага інфекцыйнага захворвання, а таксама з прычыны паталогій эндакрыннай сістэмы (напрыклад, у хворых на цукровы дыябет).

 
Раман Сіроткін
Навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Існуюць таксама нейрагенныя сінавіты. Прычына іх развіцця – моцны стрэс ці неўралагічныя захворванні.

Асноўныя сімптомы сінавіту

Як правіла, пры сінавіце пашкоджваецца адзін сустаў. Развіццё захворвання адразу ў некалькіх месцах сустракаецца даволі рэдка, як правіла, падобная карціна характэрная пры сістэмных захворваннях, напрыклад, пры рэўматоідным артрыце.

Характэрныя сімптомы захворвання:

  • ацёк у месцы запалення, абрысы суставаў згладжаныя;
  • пры нагрузцы – боль, рухі абмежаваныя;
  • часам павышаецца тэмпература цела;
  • з'яўляецца адчуванне, што вобласць пашкоджанага сустава «гарыць».

Калі сінавіт інфекцыйны, захворванне амаль заўсёды «стартуе» востра. Рэзка павышаецца тэмпература, з'яўляюцца боль і адчуванне распірання ў суставе. Праз некалькі гадзін вобласць сустава ацякае, з'яўляюцца прыкметы інтаксікацыі: галаўны боль, пачуццё слабасці і турботы, рэдка – ваніты.

Сінавіт. Галаўны боль.

Сімптомы неінфекцыйных формаў з'яўляюцца паступова, на працягу некалькіх дзён, і шмат у чым залежаць ад прычыны захворвання. Першая прыкмета – дыскамфорт у суставе і балючыя адчуванні падчас руху альбо пры нагрузцы на яго. Затым выяўляецца азызласць, сустаў дэфармуецца, боль робіцца мацнейшым.

Дыягностыка сінавіту

Дыягназ захворвання ўстанаўліваецца на аснове скаргаў пацыента і яго анамнэзу, візуальнага агляду сустава. Пры неабходнасці выконваецца пункцыя сустава для вызначэння ўзбуджальніка захворвання, а таксама УГД і МРТ.

 
Раман Сіроткін
Навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Як правіла, сінавіт – гэта ўжо наступства той ці іншай хваробы альбо пашкоджання. Таму лячэнне накіраванае ў асноўным на ўстанаўленне прычынаў, іх ухіленне, а таксама на прадухіленне хранізацыі працэсу.

Лячэнне сінавіту

Сінавіт каленнага сустава. Фізіялячэнне.

Лячэнне сінавіту шмат у чым залежыць ад характару захворвання.

Калі сінавіт інфекцыйны, дык тэрапія накіраваная ў першую чаргу на ліквідацыю ачагу інфекцыі.

Пры неінфекцыйным сінавіце лячэнне можа абмежавацца толькі імабілізацыяй канечнасці з дапамогай гіпсавай павязкі альбо артэза на перыяд да 10 дзён. Для больш эфектыўнай рэабілітацыі прызначаюцца таксама фізіяпрацэдуры.

Калі сінавіт працякае ў лёгкай форме, захворванне можа прайсці самастойна і без спецыфічнага лячэння.

 

 
Раман Сіроткін
Навуковы супрацоўнік лабараторыі паталогіі суставаў і спартыўнай траўмы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
У некаторых выпадках у сінавіяльнай абалонцы назапашваецца вялікая колькасць вадкасці (больш за 20 мл), самастойна ўтылізаваць якую арганізм не можа. У такіх выпадках з дапамогай пункцыі яна выдаляецца з сустава, каб дапамагчы арганізму справіцца з захворваннем.

У выпадку хранічнага сінавіту сінавіяльная абалонка выдаляецца аператыўным шляхам.

Ускладненнямі захворвання могуць стаць абмежаванне аб'ёму руху і распаўсюджванне запаленчага працэсу на іншыя вобласці звязачнага апарата.

Асноўнымі спосабамі прафілактыкі з'яўляюцца своечасова пачатае лячэнне інфекцыйных захворванняў, якія могуць справакаваць запаленне сінавіяльнай абалонкі, а таксама выкананне мераў засцярогі пры занятках спортам, накіраваных на папярэджанне падзенняў і траўмаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 22

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама