18.08.2021
18.08.2021

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 3. «Аўсянка, сэр!»

logo
Падарожжы
0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беручы накірунак на паўночны захад Беларусі, каб пазнаёміцца з новымі мясцінамі і наведаць добра вядомыя, наш спрактыкаваны велавандроўнік Васіль Літвін запланаваў праязджаць па 50-100 км у дзень. Але часцей за ўсё атрымлівалася болей. Ну як жа не пад’ехаць да чарговай цікавосткі, якая не была ўнесеная ў план, але нечакана так завабліва з’яўляецца на гарызонце?!

Велавандроўкі. Незапланаваныя цікавосткі.

Ды і дажджу не загадаеш: «А ну, супакойся!» Што ўжо казаць пра пераправу праз раку «а-ля Напалеон», ды яшчэ не дужа далёка ад тых гістарычных мясцінаў, якія і дагэтуль памятаюць пераправу французскіх войскаў 1812 года…

Але галоўнае, шаноўныя нашы цяперашнія і будучыя велавандроўнікі, не варта перажываць, калі штосьці пайшло не так, як было запланавана. Бо гэта ўсё ж – адпачынак! А не веласпаборніцтвы і не дакладнае выкананне маршруту, чаго б гэта ні каштавала.

Гатовыя?! Па-а-а-а-аехалі! Адразу хачу папярэдзіць, што на ютуб-канале Васіля Літвіна «Два каты і веласіпед» шмат відэа з гэтай вандроўкі. Прычым на адзін дзень іх можа прыпадаць некалькі. Калі дзень доўгі, маршрут насычаны, а цікавых мясцінаў ну так шмат!

Велавандроўкі. Цікавыя мясціны Беларусі.

Таму заходзьце і глядзіце іх, сябры, самі, па парадку альбо выбіраючы штосьці цікавае для сябе. Практычна ў кожным відэа, апрача прыгожых мясцінаў, Васіль паказвае быт велавандроўніка, распавядае пра неабходныя рэчы, хітрыкі ў прыгатаванні ежы, здарэнні…

Ну, а мы пачынаем з Чэрвеня. Каму цікава хаця б крыху пазнаёміцца з нашым з Васілём Літвіным горадам, а таксама паглядзець, з якім настроем і імпэтам велавандроўнік імчыць па М4, тады вам сюды! А мы працягваем нашую гутарку. І сёння, шчыра прызнаюся, далёка не заедзем! Затое даведаемся, чым харчуецца падчас велавандровак мой суразмоўца!

Васіль, куды вы гэтым разам пракладалі свой маршрут?

Вандроўку я планаваў уздоўж паўночна-заходніх межаў Беларусі. Не так, каб ужо дакладна ля мяжы… Але ў тых мясцінах. Я вырашыў, што на відэа варта паказаць свой выезд прама з дому. І я гэта зрабіў.

З Чэрвеня я паехаў на Беразіно. Апошні раз там быў 15 гадоў таму. Думаю: «Трэба паглядзець, што змянілася». На мой погляд, не дужа шмат.

А дарога?! Шашу ж як пашырылі…

Гэта так! Але я туды раней не на ровары ездзіў, а на грамадскім транспарце, па працы.

І як жа, на ваш погляд, прыстасаваныя нашыя дарогі для велавандроўнікаў?

О, гэта цяжкае пытанне. Возьмем нашу шашу Мінск-Магілёў, М4. З аднаго боку, узбочына там – ледзь не 2 метры, добрая, шырокая. А з другога – вельмі шмат машын. Ехаць цяжка, бо пастаянна фуры носяцца.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Калі плануеце маршрут на карце, варта адразу звяртаць увагу, якія там дарогі –  загружаныя, не загружаныя, з асфальтавым пакрыццём, гравійкі… Гэта вельмі важна. Бо калі ровар – горнік, ён больш-менш усюдыходны. На іншым, калі не па асфальце, будзе цяжэй.

А ў вас горнік?!

Не, у мяне спецыяльны турыстычны ровар – турынг. Але і горнік ёсць таксама. Дык вось турынг больш прызначаны для язды па асфальце. Я магу выехаць на ім на грунтовую дарогу, але гэта больш павольна і цяжка. Затое па асфальце ён ляціць, як страла!

Велавандроўкі. Па асфальце турынг ляціць, як страла.

Дык вось яшчэ пра выбар шляху. Напрыклад, я гляджу дарогу Мінск-Віцебск. Так, яна асфальтаваная, але ж там вельмі шмат машын. Тады гляджу іншую, магчыма, крыху ў абход. Напрыклад, Беразіно-Барысаў. Яна не дужа напружаная. Але аб прычыне – крыху ніжэй.

Дарогі паміж райцэнтрамі звычайна добрыя для велавандроўнікаў. Чэрвень – Мар’іна Горка, Ушачы – Полацк…

Дык вось у гэтай вандроўцы я на сваім турынгу пад заканчэнне вырашыў у некаторыя месцы нават не заязджаць. Бо гравійкі, па шчырасці, надакучылі. І ў мяне там надарылася праблема з колам. Рызіна парэзалася на пярэднім. І калі б я яшчэ на такой паехаў па гравійцы… Далей бы ішоў пехатой.

І ў параўнанні з Еўропай у нас няма такіх веламаршрутаў, дзе б стаялі ўказальнікі, куды далей ехаць велавандроўніку.

А ў замежжы і паміж гарадамі такое ёсць?!

Ёсць такі праект – «Еўравела» (EuroVelo). Гэта сетка веламаршрутаў па ўсёй Еўропе. Ёсць карта. Маршруты праходзяць па асфальтаваных незагружаных дарогах альбо выдзеленых веладарожках. У нас у Беларусі пакуль плануецца адзін такі маршрут…

Вяртаемся да вашай велавандроўкі ў бок Беразіно.

З’ездзіў туды, паглядзеў, што змянілася. Палац Патоцкіх у запусценні.

Велавандроўкі. Палац Патоцкіх у Беразіно.

Усё роўна як у нас палац Слатвінскіх у Раванічах. Шкада… У Беразіно я застаўся галодным. Вось вам і турыстычная інфраструктура ў беларускіх райцэнтрах. Рэстаранчыкі і кавярні зачыненыя. А калі ў суботу-нядзелю і адчыненыя, дык там альбо вяселле, альбо памінкі – спецабслугоўванне.

Знаёмы малюнак…

У выніку падчас велавандровак можна паесці толькі ў абласных цэнтрах, буйных гарадах. А ў вёсках нават крамы могуць быць зачыненымі. І гэта трэба ўлічваць. Таму на дапамогу прыйдуць узятыя з дому прыпасы – вэнджаная каўбаса, якая не псуецца доўга, сыр…

Пад Беразіно ў мяне была запланаваная начоўка.  На рацэ Уша знайшоў прыгожае месца, з альтанкамі. А на наступны дзень паехаў у Барысаў. І… сутыкнуўся з адсутнасцю моста! (смяецца) Вось таму дарога Беразіно-Барысаў і не загружаная ў плане транспарту. І невялічкую рэчку мне давялося пераходзіць з веласіпедам на плячы…

Велавандроўкі. Пераправа з веласіпедам на плячы.

І як жа тут ні прыгадаць пераправу Напалеона праз раку ля вёскі Студзёнка!

Так! Разгрузіў я свой ровар. Схадзіў спачатку без веласіпеда. Бо раптам там глыбока?! Так я б праплыў, як што… Памераў глыбіню, перанёс веласіпед, а тады і рэчы…

Задачка пра ваўка, казу і капусту!

Амаль што! (смяемся)

Паглядзеў Барысаў. Там я таксама быў даўным-даўно, і па працы. Хацелася паглядзець. Горад спадабаўся, асабліва яго старая частка.

Ну, і туды, дзе Напалеон фарсіраваў раку, вядома ж, завітаў. Там з боку Барысава два помнікі. Паглядзеў – і паехаў далей, у бок Лепеля. Пад Барысавам у мяне таксама была запланаваная начоўка – на беразе вадасховішча. Добрае месца, з альтанкай, куды мясцовыя прыходзяць адпачываць. Я адпачыў, зварыў кашу…

І вось мы дайшлі да самага цікавага – да ежы!

Распавяду. Што звычайна з сабой бярэцца? Вядома ж, залежыць ад перавагаў кожнага. У мяне звычайна на раніцу аўсянка… Не ўсе яе любяць, а я – люблю.

Аўсянка, сэр! (смяемся)

Гатую яе з сухім малаком і з разынкамі. Робіцца гэта хутка і практычна без намаганняў.

А на чым гатуецца?!

На інтэграванай сістэме прыгатавання ежы («integrated stove system»). Вы гэтую рэч можаце часта бачыць на маіх відэа. Дарагавата, але зручна. Вельмі хутка вада закіпае, хвіліны за тры, ёсць абарона гарэлкі ад ветру.

Велавандроўкі. Інтэграваная сістэма прыгатавання ежы.

Дык вось кіпнем я заліваю ў кантэйнеры з накрыўкай аўсянку з сухім малаком і разынкамі. Накрыўку зачыняю. 10 хвілін – і смачная каша гатовая.

Абед, калі атрымліваецца, – дзесьці ў кавярні ці рэстаране (недарагім). Калі з гэтым дрэнна, штосьці набываецца ў краме. Але ў буйных гарадах я аддаю перавагу кавярням.

У Барысаве, напрыклад, знайшоў сталовую. Там якісьці вайсковы штаб, а за ім – сталовая. Ну я ж не ведаў, што яна для вайскоўцаў (смяецца). Заходжу, а там салдаты, афіцэры сталуюцца. Але за грошы і мяне пакармілі (смяемся).

Але там не пярлоўка была?!

Не. Звычайная для сталовай ежа. Гэта што тычыцца абеду. А на вячэру звычайна бяру вермішэль хуткага прыгатавання ці сухое пюрэ. Проста таму, што калі еду адзін, дык мне асабліва не хочацца гатаваць. Я крыху гультай у гэтым сэнсе (смяецца).

Велавандроўкі. Абед у сталовай.

Але гатаваць умееце?!

Ну, так. Калі едзе некалькі чалавек, набываем гародніну, гатуем салаты… Яшчэ пра вермішэль хуткага прыгатавання. Самае галоўнае – не браць танную. Яна рэальна нясмачная.

Атрымліваецца, у вас – трохразовае харчаванне ў велавандроўках. Няблага! А наколькі важнае добрае харчаванне для велавандроўнікаў?

Вельмі важнае! Добра пад’еўшым варта быць абавязкова! І абавязкова мець з сабой які высокакаларыйны перакус – шакаладны батончык, цукеркі… Бо ў дарозе бывае, што ты едзеш-едзеш – і ў цябе падае ўзровень глюкозы ў крыві. Слабасць, памутненне ў галаве…  Гэта значыць, што табе трэба тэрмінова падмацавацца.

Гэта з уласнага досведу?!

Так. Упершыню такое са мной здарылася гадоў 7 ці 8 таму, калі вырашыў проста з’ездзіць у Мінск. Я паехаў, пахадзіў там па веласіпедных крамах і паехаў назад. І дзесьці на палове дарогі, пад Смілавічамі, мне зрабілася блага. Я ўжо не мог круціць педалі. Сеў на прыпынку і сяджу.

Велавандроўкі. Калі робіцца блага...

Але ў мяне штосьці там з сабой было паесці. Паеў, пасядзеў. Зрабілася лепей – паехаў. А затым прачытаў, што такое бывае, калі чалавек пры вялікіх нагрузках згаладаецца.

І варта памятаць, што гэта не проста стома…

Правільна! І яшчэ пра ежу ў велавандроўках па Беларусі. Апрача таго, што возіш з сабою шакаладныя батончыкі, печыва… Бывае, што праедзеш міма крамы. Альбо ў вёсках усё зачыненае. Таму, апрача аўсянкі, вермішэлі (гэта ўсюды можна купіць), бяру з сабою сыр і каўбасу.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Класічныя турысты бяруць з сабой тушонку. Але пасля некалькіх велапаходаў я прыйшоў да высновы, што гэта прадукт цяжкі – ва ўсіх адносінах. Прасцей узяць сыравэнджаную каўбасу, вельмі цвёрдую, каб навобмацак яна была як палка. Яна доўга не псуецца. Можна некалькі дзён вазіць у сумцы – і з ёй нічога не зробіцца.

І сыр бяру па тыпу пармезану. У нас гэта сыр вытрыманы, прадаецца ў круглых каробачках. Па кансістэнцыі падобны да… гаспадарчага мыла. Таксама доўга не псуецца. Яго можна проста грызці, а можна дадаць да вермішэлі.

Велавандроўкі. Харчаванне вандроўніка.

Вось я зварыў вермішэль (у сэнсе, заліў кіпнем і настаяў), пакрышыў туды каўбасы і сыру – і ў мяне паўнавартасная страва. А калі яшчэ да гэтага дадаць памідоры ды агуркі…

А што вы бралі з ежы ў гэты велапаход?

Сярод іншага – батон сыравэнджанай сухой каўбасы, каробачку вытрыманага сыру – грамаў 200, 400 грамаў аўсянкі, але мне яе не хапіла. Аўсянку еў на сняданак штодня. Таму ў сярэдзіне велапаходу я набыў яшчэ 400 грамаў. Адразу браў тры ўпакоўкі вермішэлі хуткага прыгатавання – вялікіх. А далей купляў па неабходнасці, як і пюрэ.

Але да пюрэ таксама трэба штосьці дадаваць – каўбасу плюс гародніну, каб было смачна.

ЛАЙФХАК АД ВАСІЛЯ ЛІТВІНА

Каб было зручна вазіць з сабой аўсянку, яе варта засыпаць у пэт-бутэльку з-пад напою, пажадана з шыракаватым горлам. У 0,7 л змяшчаецца прыкладна 400 грамаў.

Велавандроўкі. Аўсянка.

А які водны рэжым варта захоўваць?

У велапаходах, асабліва ў гарачыню, піць трэба шмат. Прычым нават калі асабліва піць не хочацца. Бо арганізм разам з потам губляе вільгаць. Праз хвілін 30 трэба абавязкова піць ваду, хаця б крыху.

З сабой я важу 1,5 літра вады. На ноч гэтага мала. А так… Выпіваеш, як едзеш, і набіраеш яшчэ.

А набіраеце дзе?

Вось! Самае пытанне – дзе набраць! У некаторых вёсках Віцебскай вобласці ў калонках вады не набярэш – адключаныя.

Дык і ў Чэрвені таксама…

А вось пад Браславам, Верхнядзвінскам яшчэ можна. А там, дзе адключылі… Ты едзеш, глядзіш – на двары ёсць хтосьці. Гукаеш: «Добры дзень, гаспадар! Ці можна вадзічкі набраць?..»

… А то так піць хочацца, што пераначаваць няма дзе! (смяемся)

Даеш пэт-бутэльку, ён табе налівае вады. Дык вось чаму 1,5 літра на ноч мала? Бо трэба ўвечары зварыць есці, заварыць гарбаты, на раніцу… Памыцца, зубы пачысціць, проста папіць…

Велавандроўкі. Дзе набіраць ваду.

Еду я так па Браслаўскім раёне, гляджу – дзве жанчыны сядзяць на лаўцы.

– Добры дзень! А ці можна вады набраць?

– А ідзі, вунь там калодзеж на двары.

А тады кажуць:

– Хадзі сюды, да нас. Бульбы паясі, агуркоў. Нальем табе…

Гляджу – а ў іх пляшка каньяку. Ад каньяку я адмовіўся. А яны давай мяне распытваць: хто, адкуль, куды еду… І дайшло вось да чаго:

– А можа, ты застанешся ў нас, а заўтра на раніцу агуркі нам пасееш?

Я пасля ўжо даведаўся, чаму агуркі павінен сеяць мужчына (смяемся).

А я як спрактыкаваная дачніца пра гэтую прыкмету ведаю даўно!

А мне ўжо жонка дома патлумачыла (смяемся).

Я так разумею – трэба пільна сачыць, каб не застацца без вады?!

Так! Вось едзеш ты, глядзіш – горад. А па карце наступная вёска будзе толькі праз 2 гадзіны. Вады мала з сабой ужо, а горача. Гляджу, дзе набраць. Калодзежы. У вялікіх гарадах – у прыбіральні кран з вадой.

Велавандроўкі. Куды зайсці па ваду.

А бывае, едзеш, бачыш – калодзеж на вуліцы. Падыходзіш набіраць, а з-за плоту крычаць:

– Не бяры тут! Вада дрэнная… Хадзі да мяне ў двор.

Так двойчы было падчас апошняй вандроўкі.

Ну што ж, шаноўныя сябры, запамінаем лайфхакі ад Васіля Літвіна – спатрэбяцца ў велавандроўках па Беларусі. А наступным разам даведаемся, якіх пабудоў больш за ўсё на паўночным захадзе Беларусі і ў якіх з іх варта пабываць абавязкова.

Фота і скрыншоты з архіва Васіля Літвіна.

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 2. «Я еду – і вітаюся з катамі…»

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 75

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".