21.07.2021
21.07.2021

1567 вішняў, альбо З вішнёвым летам нас, сябры!

logo
Думкі ўслых
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У каго ёсць вішнёвыя дрэўцы, той цалкам у тэме, ці не так?! Якое цудоўнае вішнёвае лета нас накрыла! 🙂

Калі і радуешся багатаму ўраджаю, і думаеш: а куды ж яго прыстроіць?! І на дрэве вішні не пакінеш, бо шкада… І часу ды сіл няма на перапрацоўку. А галоўнае… Хто гэта ўсё пасля будзе есці? Дзе там яшчэ тая зіма? 🙂

Вішні. Спажыванне вішняў.

Магу пайсці ў заклад: такія думкі наведваюць не толькі мяне. І ўсё ж… Нікуды не падзенешся: і збярэш, і перапрацуеш… І нават паспрабуеш з’есці! 🙂

Я, мабыць, не тое што даўно, а ўвогуле ні разу не бачыла такога цуду. Каб вішні на дрэвах віселі… цэлымі гронкамі – быццам вінаград! Але сёлета гэты цуд здарыўся. Нават нягледзячы на тое, што на нашай сядзібе зноўку быў патоп. Праўда, заліло ўчастак не на месяц, а на тыдзень.

І лісце на вішнях-дрэвах спрабавала жаўцець. Ці тое шмат вады дасталося караням, ці тое ўжо мала пры такім пякельным сонцы. Але затым справа выправілася, а ягады пачалі ўзбуйняцца ледзьве не пад позіркам!

Што звычайна мы робім з ураджаем вішняў?

Самая мілая і не дужа турботная справа – закласці ў лядоўню.

Вішні мыем, прасушваем на марлі і змяшчаем у каробачкі, перасыпаючы цукрам. Без цукру, на жаль, нікуды, як бы ні стараліся мы (па парадах нашых шаноўных беларуска-расійскіх герантолагаў Кірыла Прашчаева і Андрэя Ільніцкага) зменшыць яго прысутнасць у нашым жыцці.

Вішні. Вішні ў лядоўнію

Бо інакш пасля размарожвання ад кіслоцця сківіцы звядзе!  Таму няшмат, але трэба. Замарожваюцца вішні хутка, захоўваюцца выдатна. Разам з костачкамі, вядома ж. Затым – альбо спажываць проста так, альбо варыць кампоты.

Тэма варэння асабіста для мяне закрытая ўжо даўно. Хаця калісьці вельмі любіла. І асабліва – вішнёвае без костачак.

А як жа закансерваваць так, каб і цукру ішло меней, і вітаміны захоўваліся?

Мая мамачка вельмі любіла рабіць так званыя «пяціхвілінкі». Гэта калі ягады (лясныя альбо з дачы), памытыя і падрыхтаваныя для перапрацоўкі, засыпаюцца цукрам (400-500 грамаў на кілаграм – у залежнасці ад віду) і даводзяцца да кіпення. Як толькі з’яўляюцца першыя бурбалкі, разліваем у пастэрылізаваныя слоікі (у нас – паўлітроўкі) і закручваем машынкай.

.Вішні. Нарыхтоўка «пяціхвілінка

Пры гэтым ягады сапраўды жывыя. І не трэба затым спажываць вялікімі лыжкамі! 🙂 Крыху да гарбаты – і вельмі смачна ды прыемна ўзімку!

А вось кампоты – гэта тэма! Для тых, хто іх любіць і спажывае. Бо мы ўжо даўным-даўно адышлі ад усялякіх газіровак,  сокаў-нектараў і г.д. Тым больш, калі робіш сам, дакладна ведаеш, што тут не гнілыя ягады. Рэцэпт – адвольны. У залежнасці ад насычанасці, смакавых прыхільнасцяў ды іншага. Усё проста.

Галоўнае – не захоўваць дужа доўга кампот з ягадамі, у якіх знаходзяцца костачкі. Ну, вы ж чулі пра сінільную кіслату, якая там назапашваецца, а затым і выдзяляецца. А гэта – уздзеянне на псіхіку, таксічнае, задушлівае ды іншыя ўздзеянні на арганізм. Таму стаяць вішнёвы кампот можа не больш за год-два.

Вішні. Кампот з вішняў.

Ну, і для аматараў настоек ды налівак вішня – таксама самае тое! J І гэтую тэму замоўчваць не выпадае, бо многія рабілі, робяць і будуць рабіць! Зноў-такі, калі спажываць не літрамі, а крышачку… Чаму б і не? Але рэцэпты – самі-самі! 🙂

А што тычыцца страў, якія аздобіць вішня, дык іх таксама багата.

  • Варэнікі з вішнямі – класіка! Праўда, асабіста я ні разу не рабіла.
  • Пірог ці бісквіт з вішнямі.
  • Жэле ды іншыя дэсерты.

А рэцэптаў у сеціве – мора! На любы густ. Толькі выбірай, што даспадобы.

А ці любіце вы вішню так, як люблю яе я?!

Нават караскаючыся на драбіны з дрыжачымі нагамі, бо баюся вышыні… Нават пасля некалькіх гадзін манатоннага выціскання костачак…

Вішні. Выманне костачак.

Дарэчы, а каму цікава, што за колькасць такая ў назве матэрыялу – 1567 вішняў?! Адказваю.

Па аб’ёме гэта амаль 5 літраў. І менавіта з такой колькасці я навыціскала костачак для «пяціхвілінкі». Якую з татам рабілі не з костачак, вядома ж, а з вішняў! Крыху меней за 2 гадзіны пайшло ў мяне на выцісканне. Выдаткоўваючы тут жа час на памыць чарговую порцыю.

Паколькі зараней не падрыхтавалася, ніякіх прыстасаванняў для вымання костачак не маю. Толькі ўласным «кіпцікам». Добра, што яшчэ не абрэзаны. Праўда, пасля 1567 вішняў (лічыла дзеля цікавасці) ён стачыўся напалову – вось дзіва! Але ж усё роўна збіралася абразаць, так што не праблема…

І – карысная парада па прыбіранні цёмнай абводкі вакол пазногцяў, якая абавязкова ўзнікне пасля вымання костачак. Можна, вядома ж, проста працерці пальцы лімоннай кіслатой. А можна зрабіць ванначку. У ёмістасць з гарачаватай вадой намыліць мыла (любога), усыпаць той жа лімонкі і проста апусціць туды пальцы. Прыемнае ўздзеянне ванначкі, нічога церці не трэба – само знікае.

Вішні. Ванначкі для рук пасля вымання костачак.

А што тычыцца нарыхтовак з 1567 вішняў і цукру… У выніку атрымалася 6 паўлітровых слоічкаў. Здаецца, выдатна! Яшчэ пачаставала вішнямі сваіх пляменніц…

А на дрэвах ягад засталося… 🙂 Так што ў нас у плане нарыхтовак – усё наперадзе! 🙂 Плюс чорных і белых парэчак на кустах багата. А ў чорных жа парэчках (па-руску – «смородина») вітамін С ажно пішчыць! Але пра гэта – іншым разам.

А пакуль… З вішнёвым летам нас усіх, сябры! Прыемнага спажывання і ўдалых нарыхтовак!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".