29 Лістапада
29.11.2020

Хутка скажам гэтай восені: «Бывай!»

logo
Думкі ўслых
0 0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ ў сярэдзіне тыдня прагноз надвор’я паабяцаў нам лёгкі марозік і мокры снег напрыканцы яго, у выхадныя, на пачатку тыдня новага... «Няўжо сёлетняя зіма вырашыла ўзяцца за розум?!» – падумалі мы з заўсёдным недаверам ды скептыцызмам. Зрэшты, пажывём – пабачым, якім ён будзе, гэты снежань-2020. А пакуль праводзім лістапад і разам з ім – спадарыню Восень.

Восень. Развітанне з восенню.

Сёння ў народным календары – Мацвей (Мацей). А на Мацея, як вядома, зіма «пацея». Гэта значыць, што сярод лістападаўскіх маразоў надараліся адлігі. І першая ж народная прыкмета-назіранне на гэты дзень: «Калі халодна, зіма будзе лютая. А калі цёпла ды дажджы, дык і зіма мяркуецца цёплай і мяккай». Адпаведна, калі штосьці няўцямнае, дык і зіма будзе такой жа?!

«На Мацвея буяныя вятры – быць віхурам да Міколіна дня» (19 снежня). Ух ты… Мяркуючы па тым, як яшчэ напрыканцы лістапада тыя вятры стараліся-завіхаліся… Вось не хацелася б. Бо якімі б ні былі вокны і дзверы на лоджыю сучаснымі, а дзесьці, мабыць, праз цэглу сценаў паддзімае ўжо. Шматпавярхоўцы-то – не жартачкі! – 39-ы год ідзе… Складалася ўзімку, з парушэннем многіх тэхналогій. Таму і атрымалася такая няўдалая…

Але тады, за савецкім часам, якая гэта была радасць – свая кватэра! Тым больш, што год давялося жыць у Чэрвені ў здымным жыллі – звычайнай хаце з пячным ацяпленнем, крыху наводшыбе, хаця і на вуліцы ў шэрагу іншых хатаў. Дзе ўночы праз цябе мог прабегчы пацук…Таму так радавалася мая мілая мамачка, калі мы атрымалі гэтую кватэру…

Але вернемся да капрызлівага надвор’я. Варажыць на яго ў наш час – справа няўдзячная. Бо звычайна рыхтуешся да аднаго, а зусім іншае прыходзіць-прылятае. І ўсё ж хаця б адным вокам зірнем на тое, што прыкмячалі даўней нашыя продкі.

Восень. Развітанне з восенню. Пачатак зімы.

«У снежні адкрытае вуха – летам горача і суха», «Мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты», «Снежань сцюжны з зімою дружны», «Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета», «Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве», «Снежань замосціць і загвоздзіць», «У снежні сем надвор’яў на дварэ: вее, дзьме, кружыць, ірве і мяце».

Ну вось такі ён, першы месяц зімы. Класічны. Які быў калісьці… А цяпер… Чакаць? Не чакаць ад яго класічных «паводзінаў»? Невядома…

Настройваючыся на праводзіны восені, дарэчы было б сёння, на Мацея, схадзіць у госці ці прыняць гасцей у сябе… Як было ў традыцыях нашых продкаў у гэты дзень. Нягледзячы на Піліпаўскі пост, які пачаўся ўжо… Але ж… Пандэмія каранавіруса. І групы рызыкі ніхто не адмяняў. І хаця «Худы Мацвей, калі не ўгасціў гасцей», але лепей жывыя стасункі ўсё ж замяніць на віртуальныя… А папіць гарбаты ці кавы можна і па відэасувязі… Разам… 🙂

Восень. Развітанне з восенню. Госці па відэасувязі.

Раней гэта рабілі, у асноўным, па скайпе. А зараз такі выбар розных платформаў ды пляцовак! І такое ўражанне, што сапраўды чалавек у тваёй кватэры… Побач…

Для тых, хто яшчэ не зайшоў па спасылцы на пачатку гэтага допісу да мінулагодняга майго Мацея, коратка нагадаю, чаго не варта рабіць сёння: выходзіць з дому ў вывернутым адзенні, свісцець, садзіцца на стол, хадзіць па доме ў адным чаравіку і шукаць другі. Таксама раяць не надзяваць вопратку чырвонага колеру і не дужа часта глядзецца ў люстэрка.

А вось чаму? Не ведаю… Нашыя продкі такія… выдумшчыкі. Штосьці прыдумаюць, а ты мяркуй: а раптам спраўдзіцца?! А можа, і не выдумшчыкі?! Можа, усё гэта – праўда? Але з благім дык лепей не правяраць.

… Сыходзіць ад нас вельмі турботная чарговая восень. А першы месяц зімы, ён жа – апошні ў годзе, як заўсёды, праляціць вокамгненна. І мы будзем ужо сустракаць год наступны. Хтосьці – у радасці, а хтосьці – і ў горы непазбыўным, што напаткала сёлета.  А я кажу: «Да наступнай сустрэчы ў снежні, сябры! Будзьма разам!»

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 30

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.