02.11.2022
02.11.2022

Рэжысёр Сяргей Кавальчык: «Я заўсёды хацеў ведаць тэатр ад цвіка да бухгалтарскага рахунку»

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларускі тэатральны рэжысёр, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык — яркі прыклад асобы, якой цікава працаваць не толькі для свайго задавальнення, але і для задавальнення гледачоў.

Творца адзін з самых маладых мастацкіх кіраўнікоў тэатра ў краіне, але яго досвед у прафесіі ўражвае. Прадумванне якасных пастановак, жаданне разабрацца ва ўсіх аспектах тэатральнай дзейнасці. Усё гэта для Сяргея Міхайлавіча не проста словы, а задачы і ўстаноўкі, на якіх будуецца яго дзейнасць у тэатры ўжо шмат гадоў.

Сяргей Кавальчык

Сяргей Кавальчык аналізуе працэсы тэатра, думае пра яго актуальнасць і сутнасць у наш час. Сваімі думкамі мастацкі кіраўнік горкаўскага тэатра падзяліўся з чытачамі Слушна.

ВЯРТАННЕ ДА ВЫТОКАЎ

— На мой погляд,  рэжысёр павінен быць незаўважным. Менавіта нядаўна я прыйшоў да такой думкі. Цяпер мне хочацца сысці ў цень, каб вярнуцца да вытокаў. У свой час адбыўся такі выпадак: я займаўся ў студыі кінаакцёра пры Саюзе кінематаграфістаў, і неяк хлопцы са студыі папрасілі паглядзець сцэну, якую павінны былі паказваць Віктару Мікалаевічу Бандарчуку. Я паглядзеў і параіў, як зрабіць сцэну яшчэ лепш. Калі яны паказалі яе, Віктар Мікалаевіч іх пахваліў. А я такое задавальненне атрымаў.

Зразумеў, што мне падабаецца больш падказваць людзям, як ўвасобіць ідэю, чым самому яе рэалізоўваць на сцэне. Гэта было ў 1985 годзе, а зараз 2022-ты. І я зноў пачынаю вяртацца да тых жа думак. Бо сёння шмат рэжысёраў-крыкуноў, якія займаюцца не рэалізацыяй і адаптацыяй тэксту аўтара, а крычаць сваімі спектаклямі: «Паглядзіце, які я круты! Як жа я ўмею паставіць! Які я дасціпны і вынаходлівы!». Такія крычалкі проста зашкальваюць ў многіх спектаклях.

Моднасць стала пераважаць. Тэатр часам ўяўляе сабой кітч. Адчуваецца зацікаўленасць не толькі рэжысёрскім, але і часам акцёрскім эпатажам. А калі казаць пра сцэнаграфію, то часам могуць выдаць такое рашэнне: «Глядзіце, які я мастак». А спектакль у яго асобна існуе. У гэтым і ёсць важкасць работы: рэжысёр павінен дацягнуць спектакль да агульнага назоўніка. Напрыклад, глядач выходзіць са спектакля і кажа: «Якія добрыя касцюмы». Гэта значыць праваліўся мастак па касцюмах, пацягнуў коўдру на сябе. Таму я і хачу цяпер быць сціплей, хачу працаваць праз артыста, з артыстам, і менавіта гэтым дасягаць сцэнічнай выразнасці, а не крыклівымі спробамі паказаць сябе.

Прасцей за ўсё ўзяць п'есу «Вішнёвы сад» і паставіць яе на мясобойне. Вось вам трэш і эпатаж, авангарднае прачытанне. Але якое гэта мае дачыненне да Чэхава? Ды ніякага! Таму сёння шмат спектакляў з'яўляюцца падставай для самавыяўлення творчых людзей. Толькі я не хачу гэта блытаць з рэжысурай. Адразу ж ўспамінаюцца «Д'яблы» Дастаеўскага, калі папашка Верхавенскі зразумеў, хто яго сынок, і сказаў: «Петруша, няўжо ты такі, які ты ёсць, хочаш сябе людзям замест Хрыста прапанаваць?». Дык вось у мяне ўзнікае такая ж думка. Няўжо сёння рэжысёры могуць прапанаваць сябе замест Шэкспіра, Чэхава, Гогаля?

З такімі рэжысёрамі цяжка канкураваць. Бо Шэкспір ўжо шмат гадоў Шэкспір. І калі ў канцэпцыі шэкспіраўскай змяніць факт, магчыма не ўваходзіць ён у рэжысёрскі малюнак, то тады лепш пісаць сваю п'есу з іншымі імёнамі. І калі гэтая п'еса пражыве пяцьсот гадоў, тады і паглядзім, хто Шэкспір. Гэта будзе сумленна. Але гэта не тычыцца сучасных аўтараў, з якімі можна працаваць.

СЕНСАЦЫЯ = ЭСПЕРЫМЕНТ

— На мой погляд, сёння тэатру трэба пазбавіцца ад сенсацыі, каб выжыць у рынкавым часе. Сенсацыя — гэта эксперымент, які прапагандуецца на кожным кроку. Калі ж яе няма, то лічаць, што такі тэатр сумны, нецікавы, традыцыйны. Гэта клішэ.

Але эксперымент, які бесперапынна прапагандуецца, губіць сапраўдны тэатр.

Справа не ва ўплеценых ўнутр спектакля іншародных кампанентах, якія ты выхапіў ў сённяшнім дні і выклаў, як нанаканцепцыю Чэхава. Справа ў тым, што добры рэжысёр ведае, як трэба, а майстар ведае, як не трэба. У гэтым і мяжа.

Я не магу ацаніць сябе як рэжысёра. Для гэтага ёсць крытыкі і гледачы. Але я стараюся вучыцца таму, як не трэба. Сёння шмат пастановак, і яны часам нагадваюць бабулін дыванок: пашытыя з розных кавалкаў і розных нітак. Насычаны спектаклі настолькі, што складана ў іх разабрацца. А хочацца ў пастаноўцы невыпадковага траплення дэталі, бо любы выпадак — прыкмета дылетантызму, а прафесіяналізм — гэта адбор. У фільмах Таркоўскага  няма ні адной выпадковай дэталі. Усё падпарадкавана задуме. І гэта таксама менавіта тое, да чаго я сёння імкнуся.

ПРАФЕСІЙНАСЦЬ

— У спектаклях вельмі многае залежыць ад рэжысёрскай задумы і абранага матэрыялу. Формулу задумы знайсці складана, яна альбо ёсць, альбо яе няма. Але калі яе знаходзіш, знутры цябе проста абпальвае. Галоўнае, каб тое была сапраўдная знаходка. Часам шукаеш, шукаеш, нават пачынаеш угаворваць сябе, што знайшоў, а на самай справе не знайшоў, тады спектакль атрымліваецца не такі добры. Тэатр — гэта мастацтва на добраахвотных пачатках, тут не можа быць прэсінгу або гвалту, толькі адна ўлада — улада мастацкай задумы. Калі будзеш ўказваць артысту, што рабіць, а ён будзе не разумець ідэі, то гэта будзе марыянетка. Калі работаеш натхнённа, трэба ўсё бар'еры рассоўваць. Рэжысёр — гэта Моцарт і Сальеры ў адной асобе. Прыдумляць трэба, як Моцарт, а ставіць, як Сальеры.

Сёння я вучуся нестандартна бачыць матэрыял. І гэта частка майго шляху. Вось зрабіў я «Гора ад розуму». Першае пытанне, якое мне задалі з нагоды спектакля было такім: «Па словах Меерхольда, Чацкі з дому Фамусавых выйшаў на Сенацкую плошчу. А як у вас?» А я ж разумею, што Чацкі не ведаў, што такое Сенацкая плошча. Як ён мог на яе выйсці, калі яе яшчэ не было. Я стараюся разбірацца з першакрыніцамі, каб не страціць аўтарскае бачанне. У мяне ў «Гора ад розуму» Соф'я, якая стаіць паміж бацькам, Малчаніным і Чацкім, не ведае, куды ісці. Таму што валодаючы розумам, а Соф'я разумная дзяўчына, вельмі цяжка зрабіць выбар па сумленні, за кім пайсці. І гэтае рашэнне ў спектаклі я выцягнуў з жыцця Грыбаедава.

Я заўсёды хацеў ведаць тэатр ад цвіка да бухгалтарскага рахунку.

Рэжысёр не павінен быць дылетантам. Таму што рэжысёр гэта велізарная сфера адказнасці. Бо акрамя творчай, ён удзельнічае ў абмеркаванні адміністрацыйнай, гаспадарчай частцы. Вядома, ты можаш прайсці міма. Але тады які ты мастацкі кіраўнік? Гэта пасада значна шырэй. Ты павінен камандаваць фронтам.

Тэатр — гэта мастацтва маладых душой. Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, з якім мне пашчасціла працаваць, апошнія гады, быў абсалютна галодны малады артыст, які ўгрызаўся ў ролю. Успамінаю Рамана Вікцюка 70-гадовага, ён з такім гарачым вокам працаваў, што любы малады рэжысёр мог пазайздросціць такой энергетыцы.

Я люблю тэатр, у які прыходзяць гледачы розных узростаў. Я аматар Рыгора Таўстаногава, лічу яго адным з сваіх настаўнікаў. Увесь час яго чытаю, раюся з ім. Бо ён стварыў тэатр, у якім было цікава ўсім: і крытыку, і слесару, і маладому артысту. Я лічу, што тэатр гэта дом, дзе кожнаму цікава знаходзіць нешта важнае і блізкае для сябе.

КРЫТЫКА ЦІ КРЫТЫКАНСТВА?

— На жаль, сёння мала крытыкі, а больш крытыканства. Калі казаць пра крытыку, а я яе вельмі люблю, то сапраўдная крытыка — гэта глыбокая тонкая работа, у якой крытык зацікаўлены ў тым, каб тэатр стаў лепей. Сёння ж любы блогер дазваляе сабе проста раптоўныя выпады, якія складана назваць крытыкай, гэта хутчэй банальнае абмеркаванне. А вось як раз сапраўдная канструктыўная крытыка заўсёды цікавая і і развівае.

Тут такая ж сітуацыя як і з маладой рэжысурай, крытык нам заяўляе: «Глядзіце, які я начытаны, як я стратэгічна мыслю». Няма аналізу, але ёсць самапіяр. Час такі. Я зноў жа вяртаюся да таго, што трэба быць больш сціплымі. Разумнага чалавека пачуюць без эпатажу, бо ён валодае магнетызмам і яго хочацца слухаць.

НОВАЯ ПСІХАЛОГІЯ

— Рынак сёння пагібельна ўздзейнічае на схему прафесійнага мастацтва. Тэатр у большай ступені становіцца сферай забавы, прыходзіць ужо сапсаваная рынкам публіка, у якой выпрацавана псіхалогія спажывання. Вось я прыйшоў, давайце мне сюжэт. Выбар ёсць, а момант пошуку адсутнічае. У 1976 годзе мне пад Новы год вельмі захацелася апельсінаў. 31 снежня мы ў Брэсце з мамай ішлі дадому. Убачылі палатку, у якой была кіламетровая чарга за гэтымі апельсінамі. Я кажу: «Мама, давай пастаім, я так хачу апельсінаў». А мама адказала: «Сярожа, я не буду стаяць». Я адказаў: «Я буду стаяць». Прастаяў у чарзе дзве гадзіны, потым падышла мама, і мы купілі два кілаграмы апельсінаў. Я хадзіў горды, што я іх здабыў. Сёння гэта па-іншаму: прыходзіць глядач у залу, ён не настроены шукаць і знайсці, ён настроены толькі спажываць.

У ідэале тэатр павінен быць падзеяй.

Глядач павінен ведаць, на якую п'есу ён ідзе, павінен зразумець, пра які час ідзе гаворка, каб прыйсці на спектакль і зразумець задуму рэжысёра, гульню акцёраў, адкрыць нешта новае для сябе. У Маскве ў адным з тэатраў я назіраў, як дзве дамы чакалі ў тэатры, калі пробкі на дарогах стануць менш. Вось так рынак сёння мяняе псіхалогію гледача. Па Дастаеўскім тут палка з двума канцамі, то бок ёсць два варыянты развіцця лёсу тэатра: ўлічыць усе інтарэсы гледача і быць бульварным тэатрам. Або стаць пляцоўкай ОК16, але гледачоў там будзе 80 ці 100 чалавек. Мне здаецца, што праўда дзесьці пасярэдзіне. Сёння я шукаю глядацкую мадэль тэатра.

Любая навацыя, калі яна не захоплівае ўсеагульны глядацкі агляд, сыходзіць у пясок. Сёння ў тэатры забыліся пра слова, якое агучыў Арыстоцель шмат стагоддзяў таму, гэта катарсіс — духоўнае перараджэнне чалавека ад убачанага, ад твора, які трапіў ў душу. Рэжысёр ва ўсе часы менавіта той чалавек, які здольны публіку давесці да стану катарсісу. Станіслаўскі заклаў тэатр як навуку з выразнымі крытэрамі ацэнкі, з выразнай тэрміналогіяй. А сёння любы перформер адчувае сябе геніяльным рэжысёрам. І гэта размывае межы. Трэба зноў нашым тэатралам вучыцца думаць прафесійна.

ДЗІЦЯЧАЯ АЎДЫТОРЫЯ

— Я вельмі люблю дзяцей. І лічу, што іх трэба да тэатра прывучаць. Самае важнае — першы кантакт дзіцяці і тэатра. Калі ён адбываецца і ў дзіцяці з'яўляецца цікавасць, то тут адбываецца развіццё ў сістэме. Дзеці ў тэатры адкрываюць свет для сябе. Таму вельмі важная роля чалавека, які ім адчыніць гэтыя дзверы. Для рэжысёра і акцёраў гэта вялікая адказнасць. Я не люблю ставіць казкі, а стаўлю дзіцячыя спектаклі. І яны па каштарысе не саступаюць дарослым. Бо нельга дзіцяці даваць зробленую спехам цацку, павінна быць цікава і з сэнсам.

Спектакль-стыль. У Горкаўскім тэатры прэзентавалі прэм’еру «Абдураны муж»

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.