25.10.2021
25.10.2021

Чароўны камень-лекар у Любанскім раёне

logo
Адметнасць беларусаў
0 78
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На ўзгорку сярод поля, паміж вёскамі Ператок і Дубнікі, ацалела невялічкая неўзараная выспа. Тут растуць бярозы ды асіны, стаяць металічныя крыжы і ляжыць заімшэлы валун. На дрэвы і крыжы вакол каменя навязваюць ручнікі і стужкі, а на сам камень кладуць грошы, кветкі, садавіну і гародніну, а раней неслі яшчэ і лён, воўну, палатно, сыры ды масла. Мясцовыя жыхары і сёння прыпісваюць каменю лекавыя ўласцівасці.

 Месцазнаходжанне: Любанскі раён, каля аўтадарогі з аграгарадка Таль у вёску Ператок. Каардынаты Божага Каменя: 52.840065, 27.928705.

Любанскі раён

Навукоўцы мяркуюць, што гэтаму каменю каля 375 мільёнаў гадоў. У старадаўнія часы на тэрыторыю, дзе ён цяпер знаходзіцца, неаднаразова прыходзілі ледавікі. Яны пакідалі па сабе глыбокія лагчыны, знішчалі няўстойлівыя пароды, захоплівалі па дарозе масу камянёў.

Крамянецкае свяцілішча

Перадапошні з ледавікоў, які дайшоў да гэтых мясцін, Сожскі, прынёс сюды кавалак пясчаніка і пакінуў яго там, дзе сёння месціцца вёска Ператок.

У наш час гэты валун абрысамі нагадвае трохкутнік, які на траціну выступае над зямлёй. Ягоныя памеры на паверхні 1,3 х 1,2 м, а вышыня каля паўметра.

Камень у Любанскім раёне

Камень ахоўваецца дзяржавай, яму нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. А людзі дагэтуль нясуць яму ахвяраванні ў выглядзе грошай, печыва, цукерак, рознай садавіны, якія пакідаюць у адтулінах каменя. З часам пад уздзеяннем вільгаці, вятроў і марозаў патаемныя дзіркі і расколіны на паверхі валуна зрабіліся глыбокімі і гладкімі. І сёння камень падаецца сапраўдным цудам прыроды. Мясцовыя жыхары перакананыя, што пескавік валодае магічнай сілай, і называюць яго Божым або Святым Каменем.

Гэта адзін з нямногіх беларускіх валуноў, ушанаванне якога дайшло да нашых дзён.

Вераць, што пасля шчырай малітвы камень з Божай дапамогай лечыць рэўматызм, захворванні вачэй, запаленні, пухліны ды розныя застарэлыя хваробы.

Крыніца Параскевы Пятніцы

Па ўспамінах старажылаў і архіўных дадзеных, раней камень ляжаў на ўзгорку сярод багністага месца на беразе невялікага возера, якое з часам перасохла без следу. Каля валуна раслі бярозы ды асіны, ён быў агароджаны, а вакол стаялі лавы і шмат крыжоў, на якія вешалі ручнікі, фартушкі, паясы – тканыя ды вышываныя. На камень складалі кавалкі саматканых палотнаў, якія потым забіралі з сабой вандроўныя старцы-жабракі, каб пашыць сабе дарожную торбу. Старцы былі ў асноўным сляпыя і вандравалі разам з павадырамі. Шмат хто з іх жыў каля храма ў суседняй вёсцы Таль. Лічылася, што іх малітвы і просьбы хутчэй даходзяць да Бога. Таксама верылі, што і сам Бог ў вобразе жабрака можа час ад часу спускацца на зямлю ды вандраваць паміж людзьмі. Грошы, якія ахвяравалі каменю, збіраў царкоўны казначэй, яны ішлі на патрэбы тальскай Свята-Троіцкай царквы.

Камень-лекар у Любанскім раёне

Людзі збіраліся сюды не толькі з навакольных, але і з дальніх вёсак, нават з самога Слуцка, да якога 50 км. Ісці да валуна трэба было басанож і па дарозе ні з кім не размаўляць. Лічылася, што асаблівай лекавай сілай камень валодае ў час маладзіка, а таксама ў Заквітаючую нядзелю – перад самым пастом увосень. Менавіта ў гэты час каля каменя адбываўся шматлюдны кірмаш. У апошнія гады на свята Юр’я (6 мая) ад царквы з вёскі Таль да каменя ідуць хрэсным ходам.

Лекавым лічаць не толькі сам камень, але і ваду, якая збіраецца пасля дажджу ў адтулінах пескавіка.

Некаторыя яго адтуліны-дзіркі злучаны паміж сабой хадамі. З іх дажджавая вада добра прасочваецца вонкі. Гэтую асаблівасць каменя выкарыстоўваюць і для атрымання гаючай вады. Дзеля гэтага ваду адмыслова прыносяць з сабой і ўліваюць у адно з паглыбленняў, а з другога збіраюць. Потым тую ваду ўжываюць як лекі. Мясцовыя людзі заўсёды, падыходзячы да каменя, кажуць: «Памажы, Божа!»

Цудадзейная сасна: адно з сямі цудаў Лідчыны

Наяўнасць адтулін на валуне тлумачыцца легендамі. Паводле адной з іх, калі Маці Божая разам з малым Ісусам Хрыстом на руках уцякала ад ворагаў, яна прысела на гэты камень адпачыць і пакінула тут свой след. Па другой версіі, калі Ісус Хрыстос чарговы раз пасля вандравання па грэшнай зямлі ўзнімаўся на неба, ён абапёрся аб гэты камень правай рукой.

Камень-лекар у Любанскім раёне

Існуе і іншая легенда. Нібыта калісьці каля яго адпачывалі пастушкі, і праязджаў побач ліхі пан. Ён пабачыў, што хлопчыкі замест таго, каб пакланіцца яму, сядзяць. Жадаючы іх пакараць, ён пачаў набліжацца да каменя. Раптам той засвяціўся, і невядомая моцная сіла скінула пана з каня. Раззлаваны ліхадзей загадаў служкам адкаціць валун прэч. Але як толькі тыя ўзяліся за працу, камень успыхнуў. Панскія памагатыя ў сполаху кінуліся наўцёкі. А камень застаўся ляжаць на сваім спрадвечным месцы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 78

Глядзіце таксама