18.10.2021
18.10.2021

Крыніца Параскевы Пятніцы

logo
Адметнасць беларусаў
44 013
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Побач з Магілёвам ёсць гаючая крыніца-ручай. Яна выбіваецца з-пад гары на правым беразе Дняпра каля вёскі Палыкавічы. Крыніца ўпершыню згадваецца ў 1552 годзе. У той час вёскай разам з крыніцай валодаў Станіслаў Кезгайла. Крыніца стала цэнтрам духоўнага жыцця жыхароў многіх паселішчаў. Сіла цудадзейнай вады вабіла да сябе ў асноўным жанчын – Палыковіцкая крыніца дапамагала лячыць бясплоддзе. Лічылася, калі прайсці пешшу 100 вёрст да крыніцы і акунуцца ў яе, то хвароба пройдзе.

Як дабрацца?

На крыніцу можна патрапіць з Магілёва па вуліцы Крупскай на вёску Палыкавічы, а адтуль па Цэнтральнай вуліцы на вуліцу Радніковую. Непадалёк ад крыніцы – гатэль «Раднік», дзе ёсць зала на 30 месцаў для канферэнцый і зала на 100 месцаў для правядзення карпаратываў ды іншых мерапрыемстваў.

Цудадзейная сасна: адно з сямі цудаў Лідчыны

Непадалёк ад крыніцы стаяла царква ў гонар святой Параскевы Пятніцы – паводле старадаўніх вераванняў, апякункі дзяўчат, жанчын і шлюбаў. Яна замяніла сабой старажытную багіню Мокаш, што апекавалася воднай стыхіяй, асабліва крыніцамі і студнямі, куды паломніцтвы адбываліся найчасцей па пятніцах. Крыніца каля Магілёва таксама атрымала назву Пятніцкай. Сюды паломнікі збіраліся ў асноўным у 9, 10, 11 і 12-ю пятніцы па Вялікадні. А самай папулярнай была 11-я пятніца.

Крыніца Параскевы Пятніцы

У радыусе каля 100 кіламетраў ва ўсіх населеных пунктах лічылася, што кожная дзяўчына і жанчына абавязкова хоць раз у жыцці павінна пакланіцца Пятніцкай Крыніцы. Тады казалі: «хадзіць да вомуту». Прычым, ісці належала пехатою. Мужчыны да крыніцы амаль не хадзілі, а толькі прыязджалі забіраць сваіх родных пасля святкавання на крыніцы. Такая традыцыя трымалася яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Прычым трэба было ісці нашча і абавязкова ў сакральным адзенні – бялюткім галаўным уборы з чырвонай атарочкай, белай кашулі з вышыўкай і ў даматканым андараку.

Дарасінская крыніца

Многія паломніцы збіраліся каля крыніцы напярэдадні, у чацвер з вечара, начавалі ў ліпавым гаі проста пад небам. На Дняпры безперапынна працаваў паром. Зранку ў пятніцу ў храме пачыналася служба. У царкве падавалі паперкі «за здароўе…», «за спачын…», а ў каплічку ахвяравалі палотны, воўну, лён. Каля царквы віраваў кірмаш. Жанчыны куплялі васковыя воты – фігуркі кароў, авечак, коней, частак чалавечага цела і ахвяравалі іх крыніцы.

Крыніца

 

Хворыя на бясплоддзе скідвалі адзенне ў ручай, і яно сплывала ў Дняпро. У ваду кідалі таксама манеты і пацеркі, пярсцёнкі, завушніцы, крыжыкі. З крыніцы ж бралі каменьчыкі і потым дома імі выпарвалі гарлачыкі дзеля таго «каб да скацінкі не прыставала ніякае ліха і кароўкі давалі больш малака». У такія дні тут збіралася па некалькі сотняў старцаў. Жанчыны адорвалі іх не грашыма, а купленымі ў мяшчанак Шклова і Магілёва абаранкамі ды прасілі памаліцца «за скацінку».

Крамянецкае свяцілішча

Аздараўленне каля крыніцы атрымлівалі не толькі людзі. З навакольных паселішчаў мясцовыя жыхары вялі да жыватворнай крыніцы і занядужаную худобу. Вадапой для жывёл быў ніжэй крыніцы, там, дзе ручай упадае ў Дняпро.

У 1866 годзе хрэсным ходам з Магілёва ў Палыкавіцкую царкву была перанесена часцінка мошчаў вялікамучаніцы Параскевы, прывезеная з Афона. З таго часу хрэсныя ходы адбываліся штогод. Тады ўладальнікам мясцовага маёнтка быў генерал Корсак. Ён і паставіў над крыніцай каменны грот, пакрыў ліставым жалезам, у саму крыніцу апусціў зруб абкладзены цынкавымі пласцінамі. З крыніцы па трубе вада трапляла ў басейн, таксама абшыты цынкам. У час Першай сусветнай вайны, калі ў Магілёве была стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, крыніцу наведваў цар Мікалай ІІ.

Коыніца

У 1933 годзе царкву зачынілі і ў яе будынку размясцілі дом інвалідаў. У час Другой сусветнай вайны службы аднавілі і яны праходзілі да 1946 года. У 1970-ыя гады храм згарэў. Адбудавалі яго толькі ў 2000 годзе. Каля крыніцы паставілі каплічку. У 2012 годзе скончылі будаўніцтва мураванага храма. Храм асвяцілі ў гонар Святой Тройцы. Цяпер водасвяцце праходзіць на Вадохрышча ў ноч і на наступны дзень.

Крыніца пад аховай Святога Яна

Зараз вялікая колькасць вернікаў збіраецца ў Палыковіцкай крыніцы на свята Хрышчэння, прыязджаюць цэлымі сем'ямі. Побач з капліцай пабудавалі і абсталявалі купель. Таксама апошнім часам гаючую ваду многія выкарыстоўваюць для лячэння захворванняў страўніка, кішэчніка і для ўмацавання арганізма ў цэлым. Захавалася традыцыя прыязджаць да крыніцы ў перыяд з восьмай па дзясятую пятніцы пасля Вялікадня. Таксама сюды з'язджаюцца маладыя для фотасесій і сямейныя пары для ўмацавання шлюбу.

крыніца

Навукоўцы, пачынаючы з канца XVIII стагоддзя, неаднаразова бралі пробы для вызначэння якасці крынічнай вады. Вынікі паказваюць, што яна ўтрымлівае 17 рэчываў, патрэбных для жыццядзейнасці арганізма (кальцый, магній, тытан, алюміній, фтор, медзь ды інш.). Высокая ступень фтору добра ўплывае на хваробы зубоў. Наяўнасць ў вадзе марганцу, медзі і цынку станоўча адбіваецца на звароце крыві і крыватворным працэсе. Хларыды і сульфаты дапамагаюць пры хранічных гастрытах, захворваннях печані, язве, павышаюць кіслотнасць страўнікавага соку. Дапамагае вада ад хвароб вачэй і скуры.

Вітаўская крыніца

У 80-х гадах мінулага стагоддзя навукоўцы Інстытута геахіміі і геафізікі Беларусі пацвердзілі гаючыя ўласцівасці крыніцы. Па заявах даследчыкаў, яе вада спрыяе лячэнню анеміі, дапаможа людзям, якія пакутуюць на язву страўніка, захворванні зубоў і проста карысная для здароўя.

У 1983 годзе Палыкавіцкая Крыніца аб’яўлена помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Дарэчы, у Беларусі такіх помнікаў налічваецца ўсяго 5, таму, калі будзеце побач, абавязкова наведайце гэта святое месца. Да таго ж, штогод 14 лістапада тут адзначаецца дзень Святой пакутніцы Параскевы.

 

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

44 0 13