07.09.2018
07.09.2018

Скарбніца сонца. 5 важкіх аргументаў есці кукурузу

logo
Карысныя прадукты
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кукуруза – адна з самых старажытных збожжавых культур, якую вырошчваюць практычна паўсюль на зямным шары і шырока выкарыстоўваюць у вытворчасці харчовых прадуктаў. Яна вельмі каштоўная.

З-за высокага ўтрымання бялку і складаных вугляводаў выдатна спаталяе голад і надоўга захоўвае адчуванне сытасці. З кукурузы можна гатаваць самастойныя стравы, выкарыстоўваць яе ў якасці гарніру і есці замест хлеба. Улічваючы багаты нутрыентны склад і ўласцівасці, кукуруза і стравы з яе абавязкова знойдуць сваё пачэснае месца ў рацыёне чалавека, які клапоціцца пра здароўе.

Але калі для вас кукуруза – усяго толькі інгрэдыент у салаце, мы падрыхтавалі 5 важкіх аргументаў, каб выкарыстоўваць каштоўны прадукт у сваім меню больш шырока і разнастайна.

Карысць кукурузы

1. Кукуруза – прадукт з унікальным наборам пажыўных рэчываў

Кукуруза з'яўляецца крыніцай складаных вугляводаў, бялкоў (каля 10 г у 100 г свежага зерня) і харчовых валокнаў.

Таксама, у параўнанні з іншымі збожжавымі культурамі, у кукурузе павышана ўтрыманне ненасычаных тлушчаў – прыкладна 4-5%. Такі склад забяспечвае ёй даволі высокую пажыўную каштоўнасць - да 350 ккал у 100 г прадукту. І гэта безумоўны плюс, калі гаворка ідзе пра ўжыванне прадукту, які прайшоў мінімальную апрацоўку: бялкі насычаюць, складаныя вугляводы дазваляюць дастаткова доўга захоўваць адчуванне сытасці, харчовыя валакны нармалізуюць страваванне.

Акрамя таго, нутрыентны склад кукурузы ўключае вялікую колькасць вітамінаў і мінералаў, неабходных для нармальнага функцыянавання арганізма чалавека:

  • вітаміны групы B (тыямін, рыбафлавін, ніацін, пірыдаксін), фоліевую і пантатэнавую кіслоты;
  • вітаміны А і Е;
  • жалеза, калій, цынк, магній, фосфар, селен, невялікая колькасць медзі, марганца, кальцыя і натрыю;
  • фітахімічныя рэчывы, якія маюць антыаксідантнае дзеянне.

Яшчэ адзін безумоўны плюс кукурузы ў тым, што яна не ўтрымлівае глютэн. А значыць, з'яўляецца ідэальным прадуктам для людзей з цэліякіяй ці іншымі формамі непераноснасці глютэну.

2. Кукуруза ахоўвае сэрца

Камбінацыя тлустых кіслот, якія ёсць у кукурузе, блізкая да аптымальнай. І гэта адзін з фактараў станоўчага ўплыву на сардэчна-сасудзістую сістэму. У прыватнасці, ненасычаныя тлустыя кіслоты дапамагаюць арганізму пазбавіцца ад «дрэннага» халестэрыну і падтрымліваць нармальны ўзровень добрага. Адпаведна, зніжаецца рызыка закаркавання крывяносных сасудаў атэрасклератычнымі бляшкамі, утварэння тромбаў. Адзначаны станоўчы ўплыў кукурузы на нармалізацыю артэрыяльнага ціску. Такім чынам, зніжаецца рызыка развіцця сардэчных захворванняў і інсульту.

3. Кукуруза зніжае рызыку з'яўлення гемарою і каларэктальнага раку, а таксама прадухіляе развіццё сіндрому раздражнёнага кішэчніка

Навукова даказана, што рэгулярнае ўжыванне цэльназерневых прадуктаў зніжае рызыку ўзнікнення раку тоўстай кішкі. Гэта наўпрост звязана з дастатковым спажываннем натуральных харчовых валокнаў (клятчаткі), якія стымулююць перыстальтыку кішэчніка, добра ўплываюць на працэсы стрававання, паскараюць абменныя працэсы ў арганізме, нармалізуюць стул. Свежая кукуруза – цэльнае збожжа ў чыстым выглядзе.

У адной порцыі зерня (прыкладна 150 г) змяшчаецца больш за 18% сутачнай патрэбы ў харчовых валокнах. Адпаведна, агародніна з'яўляецца ўнікальным прафілактычным прадуктам не толькі супраць шматлікіх праблем са страваваннем (запору, дыярэі, гемарою), але і дапамагае прадухіліць развіццё каларэктальнага раку, а таксама мінімізуе рызыку развіцця сіндрому раздражнёнага кішэчніка.

4. Кукуруза карысная для здароўя цяжарнай жанчыны і яе будучага дзіцяці

Фоліевая кіслата мае каласальнае значэнне для здароўя цяжарнай жанчыны, а таксама яе будучага дзіцяці. Яе недахоп у гэты адказны перыяд – прамы шлях да дэфектаў нервовай трубкі ў нованароджаных і нараджэнню дзяцей з дэфіцытам масы цела. Варта заўважыць, што ў 100 г свежай кукурузы змяшчаецца 24 мкг фоліевай кіслаты.

Жалеза – яшчэ адзін мінерал, прынцыпова важны для здароўя будучых мам. У свежых кукурузных зернях узровень утрымання жалеза дастаткова высокі, каб перашкодзіць развіццю жалезадэфіцытнай анеміі.

Вітамін Е, натуральны прыродны антыаксідант, які таксама з'яўляецца адным з каштоўных кампанентаў кукурузы, стымулюе ахоўныя сілы арганізма. Яго дастатковае спажыванне прынцыпова важна ў перыяд, калі арганізм жанчыны працуе «за дваіх».

5. Кукуруза ўмацоўвае нервы і падаўжае маладосць

Гэта насамрэч так. Практычна ўвесь спектр вітамінаў групы В, якія ўваходзяць у склад кукурузных зярнят, тое, «што доктар прапісаў» для падтрымання здароўя нервовай сістэмы і кагнітыўных функцый. У прыватнасці, дэфіцыт тыяміну і ніацын можа стаць пускавым механізмам для развіцця такога захворвання, як дэменцыя. Дзякуючы каштоўнаму вітаміннаму складу кукуруза можа выступаць у ролі натуральнага прыроднага антыдэпрэсанту і рэлаксантаў для людзей, якія пастаянна адчуваюць моцныя эмацыйныя нагрузкі, стрэс і хранічную стомленасць.

Яшчэ адна перавага кукурузы для здароўя – высокае ўтрыманне ў ёй вітаміну А (больш за 50 мкг у 100 г) і бэта-каратыну. Яны незаменныя для падтрымання добрага зроку і пругкасці скуры. Як і ўсе каратыноіды, яны маюць моцнае антыаксідантнае дзеянне, а значыць, запавольваюць працэсы старэння.

«Няправільная» кукуруза

Кукуруза ўмацоўвае нервы і падаўжае маладосць

Але нават да ўжывання такога каштоўнага прадукту, як кукуруза, варта падыходзіць разумна.

Не варта ўжываць яе і людзям, схільным да набору вагі. Не абмяжоўваючы сябе ў любімым прадукце, вельмі лёгка хутка сапсаваць фігуру і «абрасці» лішнімі кілаграмамі.

Асабліва старанна варта выбіраць прадукты з кукурузы (шматкі, мюслі, кансервы). Кансерваваная кукуруза хоць і захоўвае частку карысных уласцівасцей натуральнага прадукта, але ў той жа час мае шмат схаванага цукру і солі, што выкарыстоўваюцца пры кансерваванні.

Што тычыцца гатовых сухіх сняданкаў, тут таксама трэба быць вельмі пільнымі. Калі ў інгрэдыентах значыцца кукурузная мука, а не драблёнае збожжа, карысці ў іх амаль няма, затое з лішкам цукру і харчовых дадаткаў.

Як выбраць і захаваць кукурузу

Максімальную карысць арганізму прыносіць спажыванне сырой кукурузы. Асабліва каштоўная кукуруза так званай малочнай спеласці, яе можна есці проста так або злёгку прысыпаўшы соллю. Аднак, смак у яе на аматара. Затое прыхільнікаў варанай кукурузы на парадак больш. Пры гэтым пажыўная каштоўнасць і карысныя ўласцівасці яе не моцна церпяць пры адварванні. А вось пры кансерваванні захоўваецца толькі трэццяя частка карысных уласцівасцей. Вынік: пры магчымасці выбірайце свежую агародніну.

Аптымальна, калі кукуруза вырасла на ўласным прысядзібным участку ці дачы.

Пры набыцці важна звяртаць увагу на наступныя нюансы:

  • Набывайце кукурузу толькі ў месцах арганізаванага гандлю і ні ў якім разе не з рук, «з зямлі», у пераходах і на прыпынках грамадскага транспарту.
  • Выбірайце пачаткі, «спакаваныя» у шчыльнае зялёнае лісце. Пазбягайце набываць іх з шэрым, пашкоджаным лісцем.
  • Зярняткі кукурузы павінны мець яркі жоўты колер. Цёмны, насычаны, бліжэй да аранжавага колер можа сведчыць пра пераспеласць. Нават пры адварванні зерне не стане мяккім. Есці такую кукурузу – суцэльная пакута, а не задавальненне.
  • Захоўваць кукурузу варта ў сухім прахалодным месцы, не пазбаўляючы ад лісця. Бо інакш яна хутка высыхае і становіцца неядомай. Таксама захоўваць кукурузу можна ў халадзільніку ў герметычным кантэйнеры. У любым выпадку, лепш не назапашваць яе і з'ядаць за 2-3 дні.

Натуральная свежая кукуруза несумненна карысная для здароўя і яе перавагамі грэх не скарыстацца. Рэгулярна дадаючы ў меню порцыю кукурузнага зерня, перамены ў лепшы бок не прымусяць сябе чакаць. Ваш рацыён стане больш спарадкаваны, палепшыцца страваванне, перастане «скакаць» настрой, а бадзёрасць будзе вашым спадарожнікам на працягу ўсяго дня. Галоўнае – выбірайце правільную кукурузу і памятайце, што ва ўсім трэба ведаць меру.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама