03.06.2023
03.06.2023

«Кругасветка» на ровары. Топ-10 веламаршрутаў па Беларусі

logo
Здаровы лад жыцця
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

3  чэрвеня ў свеце адзначаюць Дзень ровара. Беларусь — выдатнае месца для велападарожжаў: палі і лясы не знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, а значыць, можна смела калясіць па іх, атрымліваючы асалоду ад прыроды, маленькіх вёскак з рознакаляровымі дамамі і гнёздамі буслоў на кожным дрэве, адначасна вывучаючы усе славутасці.

У нашай краіне апошнія гады велатурызм стаў вельмі папулярным, таму з кожным сезонам распрацоўваецца ўсе больш спецыяльных маршрутаў, якія можна праехаць як самастойна, так і ў масавым заездзе.

Прапануем вам даведацца пра самыя цікавыя.

Велавандроўкі па Беларусі

Заказнік «Прыбужскае Палессе»

У заказніку «Прыбужскае Палессе» распрацаваны тры веламаршруты. Маршрут «Дамачава — месца трох культур» пазнаёміць турыстаў з унікальным месцам на стыку Беларусі, Польшчы і Украіны.

На шляху па маршруце «Таямніцы Белага возера» сустрэнецца не толькі Белае возера, але і старажытны будынак чыгуначнай станцыі «Дубіца», абеліск «Пратэст» і дуб-волат.

А «Зялёны серпантын» раскажа аб флоры і фауне заказніка,  разнастайнасці прыродных комплексаў, помніках архітэктуры дадзенай мясцовасці.

Валожынскі край

Па Валожынскім раёне, і часткова па Налібоцкай пушчы, пралягае маршрут «Валожынскія гасцінцы». На шляху вы сустрэнеце самае цікавае, што ёсць на Валожыншчыне: экамузеі, аграсядзібы, прыродныя і гістарычныя славутасці.

Для зручнасці турыстаў стваральнікі падзялілі маршрут на пяць этапаў: Багданава – Замасцяны, Замасцяны – Белакарэц, Белакарэц – Люцынка, Люцынка – Міхалава, Міхалава – Радашковічы.

Вешламаршруты

Аўгустоўскі канал

Ля Аўгустоўскага канала размешчана чатыры маршруты рознай працягласці. Самы доўгі з іх — Лісіная гара. Тут вы сустрэнеце палацава-паркавы комплекс Гурскіх, магілу паўстанцаў 1963 года, абеліск пагранзаставе ім. Сівачова і іншыя славутасці.

Магілёўская вобласць

Маршрут — «Край жыватворных крыніц» пралягае па Магілёўшчыне. Яго нітка аб'яднала не толькі месцы святых крыніц, але і экамузеі, аграсядзібы і мноства славутасцяў вобласці. Сярод іх — «Трылесінскія волаты», Быхаўскі замак, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», рэшткі сядзібы графаў Талстых і іншыя.

Велападарожжы

Лесапарк Пышкі ў Гродне

Не так даўно ў турыстаў з'явілася магчымасць праехаць па маршруце «Крэйдавыя горы» у Гродна, які праходзіць па лесапарку Пышкі.

Акрамя прыроднай прыгажосці, веласіпедысты могуць палюбавацца і рукатворнымі мясцовымі славутасцямі — двума фартамі Гродзенскай крэпасці і кар'ерамі.

Браслаўскія азёры

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» распрацаваў 7 веласіпедных маршрутаў. Самы просты і кароткі называецца «Сцежка» і складае 2,5 км. Ён пралягае па былым заказніку «Дубкі» і прызначаны для пачаткоўцаў. На гэтым маршруце можна таксама займацца скандынаўскай хадой, прайсціся пешшу ці на лыжах.

Самы доўгі веламаршрут складае 110 км. Называецца «Вакол азёр», пачынаецца ён з выезду з Браслава, далей ідуць вёскі Слабодка, Луні, Леошкі, Краснагорка, Струста і зноў горад Браслаў. Гэта выдатны маршрут падыдзе, каб выпрабаваць сябе, прызначаны для турыстаў з сярэднім і звычайным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі.

Браслаўскія азёры

Нарачанскі нацыянальны парк

Маршрут па культурных ландшафтах «Дарогамі Міжазер'я» прапануе Нацыянальны парк «Нарачанскі». На сайце ўстановы можна знайсці даведнік па маршруце з адзнакамі найбольш значных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны гэтага жывапіснага кутка Беларусі.

Таксама для веласіпедыстаў існуюць маршруты па парку з цікавымі аб'ектамі паблізу сядзіб: «Камараўскі край», «Свірскі край» і іншыя.

Здаровы эгаізм: навошта аўтамабілісту ровар?

Беларуская Швейцарыя

Мала хто ведае, што і ў Беларусі ёсць свая Швейцарыя, якая знаходзіцца на Лагойшчыне, па Віцебскім напрамку. Усяму віной перапад вышынь, аднак ад гэтага паездка на ровары па гэтай мясцовасці будзе яшчэ больш маляўнічай, асабліва ў міжсезонне.

Дабраўшыся з Мінска да Лагойска, можна адпачыць і перакусіць у мясцовых кавярнях, прасякнуцца каларытам беларускай правінцыі. У самім жа горадзе будзе вельмі цікава пакатацца на ровары па старажытным парку, агледзець разваліны палаца, які належаў калісьці графскаму роду Тышкевічаў.

Таксама варта наведаць цікавы гісторыка-краязнаўчы музей пра Лагойшчыну, які носіць імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, а таксама мастацкую галерэю Сяргея Давідовіча. Пасля паездкі можна акунуцца ў купальню царквы Свята-Мікалаеўскага храма, аднак тэмпература вады тут не вышэй за 4 градусы.

На ровары прыемна будзе даехаць да ракі Гайна — праваму прытоку Бярэзіны. На ёй размясціўся прыгожы прычал і можна набраць вады з гаючай крыніцы на зваротны шлях.

Гэты веламаршрут падыдзе для веласіпедыстаў, упэўненых у сваіх сілах. Прыемным фактам з'яўляецца тое, што ад Мінска да Раўбічаў ёсць веладарожка, аднак далей давядзецца ехаць па абочыне аўтадарогі.

Горны веламаршрут

«Горны» веламаршрут да самага высокага пункта Беларусі

Як жа, пры наведванні Беларусі, не з'ездзіць, ды яшчэ і на ровары ў гару, тым больш калі яна з'яўляецца найвышэйшым пунктам краіны. Гара называецца Дзяржынская, а да сярэдзіны 20 стагоддзя насіла назву Святая.

Вышыня вяршыні 345 метраў. У канцы 1990-х гадоў на гары была ўсталявана гранітная пліта з памятным надпісам. Веламаршрут будзе пралягаць па Мінскім узвышшы і рэкамендуецца ўжо бывалым веласіпедыстам, бо шлях не блізкі і ехаць увесь час у гару.

Веламаршрут у палац графа Гутэн-Чапскага

Двухпавярховы будынак, пабудаваны некалькі стагоддзяў таму, доўга меў назву зачараванага палаца, бо з ім заўсёды была звязана мноства розных легенд.

Варта згадаць, што ў сядзібе часта гасцяваў Міхась Клеафас Агінскі, аўтар знакамітага паланэза.

Цяпер жа ў будынку знаходзіцца НДІ аховы раслін. У 1926 годзе ў сядзібе знялі першы нацыянальны беларускі фільм «Лясная быль». У карціне саміх сябе выканалі кіраўнікі таго часу — Адамовіч, Кнорын і Чарвякоў, якія ў гады грамадзянскай вайны ўзначальвалі штаб партызанскага руху.

Перад сядзібай раскінуўся прыгожы старадаўні парк, па якім можна прагуляцца, а таксама пракаціцца на ровары да сажалкі. На другім баку вадаёма адкрываецца маляўнічы від. У летні дзень на беразе сажалкі можна арганізаваць пікнік, а таксама пакупацца, калі будзе добрае надвор’е.

Веламаршрут ідэальна падыходзіць для навічкоў і выдатны для аднадзённай паездкі ў прыгарад Мінска. Асноўная частка маршруту пралягае па горадзе, а пасля МКАДа, па Слуцкай трасе, ехаць зусім нядоўга, тым больш погляду адкрываюцца прыгожыя краявіды.

Велавандроўкі з Васілём Літвіным. Ч. 1. «Ты памятаеш, як усё пачыналася?!» (+відэа)

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.