13 Верасня
13.09.2020

Не трывожце жураўлёў! Няхай даспеюць журавіны…

logo
Думкі ўслых
0 0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы ўжо можа хадзілі на балота? Збор журавінаў сёлета ў Мінскай вобласці, напрыклад, дазволілі з 4-га верасня. Хаця, памятаючы гады мінулыя… Не думаю, што так ужо добра яны выспелі да гэтага часу. Калісьці мы ўсім сямействам выпраўляліся па іх ажно пасля першых замаразкаў…

Жураўлі і журавіны. Збіраем ягады пасля замаразкаў.

А вось у дзяцінстве, наадварот, пакуль тыя тэрміны ўсталююць, ягады ўжо фактычна зялёнымі і вынесуць. Але сёння, нягледзячы на выхадны, не спяшайцеся ў лес. Нашыя продкі шчыра верылі, што 13-га верасня жураўлі збіраюцца на балотах на сваё веча. І нельга ім замінаць… У Купрыянаў дзень. А яшчэ даўней беларусы былі ўпэўненыя, што «ад спелых журавінаў збяжыць усякая нячыстая сіла». Так што чакайма спрыяльнага дня!

У што яшчэ верылі? А вось у гэта. Калі хтосьці ўсё ж 13-га наважыцца пайсці ў балота, дык «калі дзеўка, то бесплодніца ўселіцца, калі хлопец, то у яго нячыстая розум змяшае. А калі баба або мужык, то пакаламуціць іх, паводзіць па балоце, агеньчыкамі падражніць, знясіліць». А так яно ці не… Лепей і не правяраць, праўда?!

Хаця… Даўней, не ведаючы пра гэткае, відаць, і 13-га хадзілі. І ўсё ў парадку было. Але чамусьці чым далей, тым больш асцерагаешся зрабіць штосьці не так…

А цікава было б на свае вочы пабачыць, хаця б здалёк, тое жураўлінае веча… Няўжо і праўда жураўлі разам збіраюцца ў вялікай колькасці? І раяцца, як ляцець у цёплыя краі, каму важаком быць ды як клін выбудаваць… І харчуюцца-сілкуюцца журавінамі… Да гэтага, праўда, бачыла, як збіраюцца буслы. І не аднойчы…

Жураўлі і журавіны. Адлёт буслоў.

А чым жа заняцца сёння, як не зборам журавінаў?! Нашыя продкі лічылі Купрыянаў дзень спрыяльным для выкопвання морквы, буракоў і бульбы. І нават па гэтым можна зрабіць выснову, наколькі памянялася ў нас надвор’е. Бо для якойсьці гародніны яшчэ рана, а для якойсьці – і наадварот.

А ўвогуле, вы любіце збіраць журавіны? Мне дык падабаецца… А яшчэ цікава назіраць за рэакцыяй тых, хто, напрыклад, ні разу не бачыў, як гэтыя ягады растуць у натуральным, так бы мовіць, асяроддзі. «Ой, а хто гэта столькі журавінаў рассыпаў?!» Думаеце, гэта анекдот? Не, сапраўдная шчырая рэакцыя…

А якія ж яны смачныя – журавіны! Асабліва калі добра выспеляцца… Якія цудоўныя з іх нарыхтоўкі ды напоі атрымліваюцца! Хоць у слоік складзі ды вадой залі, хоць замарозь, хоць перакруці ды зрабі пяціхвілінку – вітаміны там ажно пішчаць! 🙂

Жураўлі і журавіны. Карысныя вітамінныя напоі.

Чым карысныя гэтыя ягады для жанчын? Спрыяюць пазбаўленню ацёкаў пад вачыма, дапамагаюць рэгуляваць вагу. Нармалізуюць артэрыяльны ціск, дапамагаюць у выпрацоўцы калагену. Антыаксіданты, якія ўтрымліваюцца ў журавінах, змагаюцца са свабоднымі радыкаламі.

Асабліва раяць ужываць журавіны жанчынам падчас клімаксу, бо іх кампаненты паляпшаюць самаадчуванне пры прылівах. Зрэшты, зменшыць боль пры менструацыі яны таксама дапамогуць.

Для мужчын ужыванне ў ежу журавінаў – гэта найперш прафілактыка прастатыту. А яшчэ – зніжэнне халестэрыну, запаленняў мочапалавой сістэмы, абарона ад гемарою, паляпшэнне эластычнасці крывяносных сасудаў…

І для ўсіх – гэта добрая падтрымка імунітэту, што асабліва актуальна ўвосень…

Жураўлі і журавіны. Падтрымка імунітэту.

Адзін з самых простых рэцэптаў для ўзняцця імунітэту – заліць зараней перацёртыя з цукрам журавіны гарачай вадой, размяшаць, настаяць пад накрыўкай альбо ў тэрмасе, працадзіць і піць, як гарбату. А рэцэптаў морсу з рознымі дадаткамі ў інтэрнэце вельмі шмат, на любы густ!

Таму няхай сабе там жураўлі сёння раяцца на балотах ды падмацоўваюцца перад далёкай дарогай журавінамі. А мы пачакаем. Заадно і падрыхтуемся зараней да перапрацоўкі таго, што збярэм, адшукваючы цікавыя рэцэпты…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 42

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.