13.06.2022
13.06.2022

«Пачала складаць казкі, гадуючы дачку». Разглядаем дзіцячыя кнігі Раісы Баравіковай

logo
Адукацыя і выхаванне
0 54
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Раiса Баравiкова нядаўна адзначыла чарговы юбілей.  Не меньш, чым вершы паэткі, ведаюць і любяць беларусы яе цудоўныя казкі.

«Казкі з гербарыя», «Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку», «Ты не слухай Мішку, коцік!», «Пра Бусю, які жыве на Беларусі» (у суаўтарстве з У. Ліпскім) і, канешне ж, «Касмічная адысея» Раісы Баравіковай – «Казкі астранаўта» і «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў»…  Дастанем з паліцы і пагартаем некалькі кніг, адрасаваныя пісьменніцай дзецям.

Казкі Раісы Баравіковай 3

Паводле слоў Раісы Андрэеўны, казкі яна пачала складаць, гадуючы ўласную дачку. Пасля з гэтых аўтарскіх казачных аповедаў і нарадзіліся першыя кнігі Раісы Баравіковай «Галенчына «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1989) і «Казка пра жабяня Квыш-квыш».

«Казкi астранаўта (касмічныя падарожжы беларусаў)» — праслаўлены твор пісьменніцы, выйшаў у 2006 годзе і перавыдаваўся некалькі разоў. Напісаны казкі ад імя астранаўта-беларуса. У аповесці багата цікавых звестак пра сузор’і, зоркі, падаюцца версіі пра касмічнае паходжанне рэдкіх чырвонакніжных раслін. Усе мiжгалактычныя прыгоды герояў звязаныя з Беларуссю. Дзякуючы фантазіі пісьменніцы, пад Раўбічамі знаходзіцца касмадром, над Клецкам з’яўляецца НЛА, а да штучна створанага астэроiда з назвай «Дранік», герой казкі, хлопчык Валодзька, дадае надпiс «Зроблена ў Беларусi»…

Астранаўты ні з кім не ваююць. Яны спазнаюць Сусвет і наладжваюць стасункі з насельнікамі розных планет. Ідэальная мадэль свету, бясхмарнае існаванне ў якой парушаюць толькі прыродныя катаклізмы. Шчырае сяброўства і ўзаемадапамога – вось тыя ратавальныя кругі, якія, паводле меркавання казачніцы, здольныя ратаваць з бяды ці захінуць ад небяспекі.

Рукапіс знайшоў салдат на папялішчы дома. Містычны лёс «Сярэбранай табакеркі» Змітрака Бядулі

Але «Казкі астранаўта» – не толькі пра міжгалактычныя падарожжы. Яны і пра паходжанне рэдкіх раслін, якія (згодна казачнай версіі Раісы Баравіковай) трапілі на нашу планету «з іншых галактык».

Галактыка

«...Арцём, напэўна, зноў запытаўся б: «А чаму сузор’е, куды мы ляцім, мае назву Шалі?» І я адказаў бы яму, што магчыма гэтая назва прыйшла са старажытнага Вавілона, з той зямной цывілізацыі, якая дасюль у многім з’яўляецца для сучасных зямлян загадкай. Старажытныя астролагі, якія там жылі, безумоўна, назіралі за Сонцам. Яны маглі гэта рабіць са славутай Вавілонскай вежы. І, вядома ж, аднойчы заўважылі, што калі сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і, дык на зямлі дзень пачынае раўняцца начы. Атрымліваецца – раўнавага. З Зямлі няўзброеным вокам звычайны чалавек можа бачыць, як у гэтым сузор’і цьмяна паміргвае сем-восем зорак, але, калі паглядзець у тэлескоп, іх, напэўна, значна больш».

“Казкі астранаўта” – кніга, якая яднае зямлю і космас, ператварае назіранне начнога неба ў летнюю ноч у чароўную казку, а вандроўку па квітнеючым лузе – у касмічнае падарожжа. Чытайце і пераканайцеся!

Кніжная паліца. Што пачытаць дзеткам па-беларуску?

«Казкі з гербарыя» (2008, 2021. Маст. Мікалай Казлоў і Наталля Сустава)

Кніга расказвае пра займальныя прыгоды фантастычна-казачнага героя Мупсякарнашжабулвака, які сам сябе называе Мупся. Ён — нябачны чалавечаму воку і ўмее расказваць казкі, якія называе казкамі з гербарыя. Праз гэтыя казкі раскрываюцца таямніцы з’яўлення раслін на зямлі.

Вось, напрыклад, казка «Як Патрык і Хрысцінка апынуліся ў пархавіку».

Раіса Баравікова

Пархавік вялізны, ён жа Галавач – рэдкі грыб, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Калі мне шчасціць знайсці яго, адразу згадваецца казачная гісторыя, расказаная Мупсем – пра тое, як закаханыя Патрык і Хрысцінка, ратуючыся ад пераследу, апынуліся ўсярэдзіне вялікіх порхавак. І што, магчыма, стагоддзі мінуць, перш чым сустрэнуцца Паўднёвы і Паўночны вецер – і тады закаханыя змогуць выбрацца са сваіх схованак ды абняцца.

Зазначу, што кожная казка гэтай кнігі – пра адну з рэдкіх раслін зямлі беларускай. Адухаўляючы прастору, творы Раісы Баравіковай нязмушана выхоўваюць чытачоў. Будзь пільным – паўсюль жывое, усё дыхае казкай жыцця!

«Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў» (2010, маст. Марыя Міцкевіч).

Казкі Раісы Баравіковай

Як на мой густ, гэты твор — найлепшы ў шэрагу створанга для дзяцей Раісай Баравіковай.  Мамурык — істота з далёкай планеты Мамурыі. Гэта яго адна знаёмая дзяўчынка пісьменніцы назвала міжпланетным Пажарнікам. Падзеі, апісаныя ў гэтай кнізе, адбываюцца не толькі на Мамурыі. У казачных аповесцях  чытач знойдзе шмат прыгодаў мамурыкаў на Зямлі, у мясцінах, добра знаёмых нам.

Мамурыкі

Апроч экалагічнай скіраванасці, гэтая казка — моцны антываенны твор. Дужа ўпадабаны асабіста мной персанаж — ракета Бамбарыза, якая выбухае рамонкамі. Сапраўды – навошта цывілізаванаму свету разбурэнні, калі яго можна аздобіць красой і засыпаць кветкамі?

Дзе ўзяць кнігі?

Яны ёсць у бібліятэках, пытайце! Тым жа, хто захоча прыдбаць казкі Раісы Баравіковай у асабістую бібліятэку, варта наведацца ў кнігарні. Казкі перыядычна перавыдаюцца, яны стануцца добрым падарункам у сям’ю, дзе ёсць дзеці.

Казкі з гербарыя

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 54

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама