19.10.2021
19.10.2021

Прагны рыбак (казка)

logo
Адукацыя і выхаванне
74 079
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пагалоска пра тое, што на лясной рэчцы Малы Перакоп з’явіўся сквапны Рыбак разнеслася па малых і вялікіх азёрах, рэках і нават ставах. Сведкам аказаўся і Уладзік, які разам з дзедам Рыгорам у суботу прыйшоў з новай вудаю парыбаліць.

Перш чым прычапіць чарвяка на кручок бацька вырашыў праверыць кемлівасць унука, загадаўшы яму загадку: «Серабрыстай стужкай змяя выпаўзае. Паўзе па лагчынах ды ў мора ўпадае». Што гэта такое?

—Дзед, не пужай мяне!

— Ды я і не думаў цябе пужаць!

— Я думаю гэта — удаў.

— Жартаўнік! Ты проста разважай над кожным словам і ўяві тую загадкавую карцінку.

Дзед і ўнук

— Я пажартаваў.

— Ручэй?

— Дакладна – рака.

— Ааа! Так, так!

— Тады яшчэ адну паспрабуй адгадаць, мой камп’ютарны геній: «Хоць не шавец – нажніцы мае. Шчацінкі дзве ў зубах трымае. Жыве ў рачулцы небарак, нібы павук, вусаты…?»

— Ну, дзед, і складаныя ж у цябе загадкі! Толькі для малых дзяцей.

— Рак! Канешне ж рак. У каго яшчэ ёсць клешні, як нажніцы, калі ўхопіць за руку – бывай здаровы! Наўрад ці выслабанішся без ранення. Вунь мой сябра Лёшка неяк спаймаў рака пад карчом на мелкаводдзі гэтае ж рачулкі, дык той так ухапіў яго за руку, што два пальцы загаіцца два месяцы не маглі.

— Не ведаў, што ты не толькі камп’ютарнае дзіця, а яшчэ і жыццёвым досведам валодаеш.

— А тое!

І разам засмяяліся.

Дзед і рыбалка

Прыйшлі яны гадзінаю, калі сонца перакацілася далёка за поўдзень. Прычынай была атрыманая Уладзікам тройка, таму была такая сямейная дамова: атрымаеш  не ніжэй за «добра»  — пойдзеш на рэчку на ўвесь дзень. Але  хлопчык  не выканаў абяцання і зарабіў толькі палову выхаднога дня, напярэдадні не давучыў верш, і атрымаў тое, што атрымаў. Таму нават хатні кот Маркіз і той смяяўся з яго. Уладзік толькі маўчаў і бездакорна з самай  раніцы дапамагаў маме прыбрацца ў кватэры.

Дзед і ўнук

Рыбак той сядзеў з вудай на беразе, пад лазовым кустом, і ўвесь дзень, і нанач заставаўся. Ён завязваў адзін мех, распачынаў новы, браў усё, што пападалася на кручок. Не грэбаваў і малой рыбай. Чулі яны, як жыхароў лясной ракі ахапіла трывога.

— Так ён усіх нас пераловіць, — абураўся невялікі Шчупачок. – Адны жабы застануцца. Трэба нешта рабіць.

Недалёка, у адной глыбокай каламутнай яміне жыў чорны, тлусты, галаваты, стары і паважаны ўсімі Сом. Сабраліся рыбы і паплылі да яго раіцца. Прыплылі і пачалі скардзіцца на незнаёмага і сквапнага Рыбака.

Рыбак і рыба

Сом пашавяліў сваімі доўгімі і чуйнымі вусамі, адказаў:

— Прагнасць — вялікая загана. Трэба яе напачатку лячыць. Вось ты, шчупак, як думаеш? Прафілактычным шляхам паспрабуем, так?

— Так!

— Тады папярэдзь яго зменшыць апетыт.

— А вы, — ён звярнуўся да соцен Плотак-краснапёрак, што касяком абкружылі Сома, — плывіце да самага таго берага, дружна абступіце паплавок яго і ў адзін голас: «Калі не спыніш знішчэнне малькоў, сілай прымусім назаўсёды пакінуць рэчку!»

Пачулі незадаволенасць учынкам прагнага госця жыхары суседняга возера – Сазаны ды Ляшчы, Карпы ды Ліні, Мянтузы ды Язі, Судакі ды Вугры. Нават Белы Амур з Фарэллю выказалі салідарнасць. Акружылі паплавок Рыбака і ў адно імгненне паказаліся на паверхні вады.

Рыбы

Адзін моцны голас гучаў так, што ўсё наваколле дрыжэла: «Калі не спыніш знішчэнне малькоў…»

І ў адно імгненне зніклі пад вадой. Рыбака ажно перасмыкнула: яго здзіўлены ад візіту нечаканых жыхароў твар скрывіўся, а вочы вылезлі на лоб. Яго пачало  трэсці, нібы хвост пліскі, што бегала ўзад-уперад па беразе. Капялюш яго белы споўз на карак, але вудзільна з рук не выпусціў.

Калі прайшоў страх, Рыбак нахабна і злосна рассмяяўся: колькі хачу, столькі і лавіць буду! Вунь колькі вас! Мільёны!

— Не хочаш мірным шляхам — сілком вытурым адсюль, — казаў залацісты Карп.

— Мы табе не дадзім пакою, — прыгразіў Шчупак.

Рыбак зняў з нагі свой гумовы бот і як замахнецца.

— Прэч адсюль, пакуля яшчэ добры!

Сумны вярнуўся Шчупак.

рыбак

Пачасаў свой пакаты і шырокі лоб флегматык Сом, паварушыў доўгімі вусамі. І загадаў, каб Шчупак надвячоркам зноў клікнуў на агульны сход усіх рыб — вялікіх і малых.

Калі вячэрняе стомленае Сонца садзілася за далягляд і ад яго чырвані ружавела разняволенае наваколле, жыхары лясной рэчкі і суседніх азёр падплылі да альховага куста. Барвовыя водсветы лашчылі вадзяное люстэрка ракі, і рыбам не хацелася парушаць прыродную ідылію. Сом вырашыў дзейнічаць катэгарычна: аперацыю па выратаванні падводнай фаўны ўзяў у свае рукі.

Ён асцярожна падплыў і рэзка, але моцна абхапіў губамі грузіла і далікатна тузануў. Рыбак падсёк, пацягнуў, але — марна: лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. «Вялікая рыбіна ўзялася, заглынула-такі свежую прынаду», — падумаў ён, і на твары намалявалася хітрая ўсмешка, а сэрца ад радасці забілася яшчэ мацней.

— Пакуль вы там будзеце валтузіцца пра сваю будучыню я нацягаю яшчэ адзін мех. Толькі ўжо вялікай рыбы!

Рыбак спусціўся з абрыву бліжэй да вады, пачаў памалу падцягваць. Убачыўшы вялізнага Сома, ён нахіліўся, каб падхапіць яго падсачакам і выкінуць на бераг. І ў гэты міг тысячы, а можа і мільёны розных рыб з’явілася на паверхні вады. Вугор таксама не забыўся на крыўдзіцеля і адразу ўскочыў на вудзільна і павіс. У гэты момант дужы Сом штосілы рвануў за вуду.

— Што за насланнё? Гады скачуць, рыбы танчаць, — бубніў сабе пад нос перапужаны Рыбак.

Ён не ўтрымаўся на нагах і плюхнуўся ў ваду.

рыба

— О-о-ёй! Што ж гэта такое?

— Хапайце яго! — закрычаў сваім глухім басам Сом.

Рыбы дружна накінуліся на Рыбака. Учапіліся хто за ногі, хто за рукі, а Вугор з Ракам — за вушы і пацягнулі на самы вір ракі.

— Даражэнькія рыбкі, самыя смач…, прабачце, самыя прыгожыя ў свеце жыхары падводнага царства! Даю цвёрдае слова, што больш ніколі не буду сваволіць! Адпусціце! Даруйце, калі ласка, што непачцівым быў з вамі, — пачаў прасіцца небарака.

—Ты ж зноў маніш! На цабе ж ніякае прафілактычнае лячэнне не падзейнічала. Ты наўмысна ідзеш супраць матухны прыроды.

— Не, на гэты раз не маню!

— Мы хочам цябе правучыць, каб дзясятаму заказаў! Лёгка пакараць, аставіўшы на ноч прывязаным да тае самай вольхі. Няхай цябе ноччу Русалкі да знямогі заказычуць, — рыбы рассмяяліся.

— Можа тады і мы заспакоімся.

— Ой, не-е! Мяне дома жонка і дзеці зачакаліся.

— А мы сваіх дзетак па тваёй сквапнасці так і не дачакаемся! А яны ж былі такімі прагнымі да жыцця, як ты занадта ўжо пражэрлівы на ўсё дармавое.

У гэты момант Вугор як пакруціць парушальніка за вуха, той заенчыў як дзіця.

— Ой, не буду больш знішчаць малькоў! Буду лавіць у меру. Злітуйцеся, мае харошыя рыбкі!

І рыбы паверылі прагнаму Рыбаку.

Рыба

Адпусцілі. Ён плёхаўся яшчэ некаторы час, але добра змораны выпаўз на мель.

За ўсім гэтым казачным дзействам назіралі і Уладзік з Дзедам. І калі яны падлічылі сваю шчаслівую здабычу, якая налічвалася дзясяткам вялікіх серабрыстых плотак-краснапёрак і трыма тоўстымі акунямі: збіраліся дахаты, мокры Рыбак сядзеў на беразе і перапуджанымі вачыма глядзеў на адплываючых вясёлых рыб і знікаючы на паваротцы свой белы капялюш.

— Здорава вылечылі! — Уладзік падняў угору вялікі палец правай рукі і паматаў русявай галавою.

Рыбак і рыба

Усміхаючыся ў свае сівыя дагледжаныя востраканечныя вусы, Дзед таксама адказаў тым жа жэстам.

З таго часу прагнага Рыбака больш ніхто ніколі так і не бачыў на лясной рэчцы. Праўда аднойчы Вугор заўважыў яго на суседнім возеры. Ён лавіў з лодкі і толькі вялікую рыбу. І ў меру.

А ты, мой дружа, які ўрок вынес з гэтае казкі?

Таксама чытайце:
Чаму жабкі буслоў баяцца?
Пых і Пух
Дрэва

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

74 0 79

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».