30.04.2022
30.04.2022

Радаўніца. Як прынята памінаць продкаў у розных рэгіёнах Беларусі?

logo
Беларускі код
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Традыцыйна ў Беларусі памінаюць памерлых продкаў на Дзяды. Адбываецца гэта некалькі разоў на год. Адзначаюць Масленічныя, Радаўніцкія, Духаўскія, Пятроўскія, Дзмітраўскія Дзяды.

Радаўніцкія Дзяды ці Радаўніца – паганскае свята ўсходніх славян, якое прынята адзначаць на дзявяты дзень пасля праваслаўнага Вялікадня. Афіцыйна святочным днём лічыцца аўторак. Аднак не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі Радаўніцу адзначалі на другі дзень тыдня. На Палессі, напрыклад, днём ушанавання памерлых продкаў быў чацвер.

Першапачаткова Радаўніцу святкавалі тры дні. Першы дзень прысвячалі абрадам, звязаным з ушанаваннем Зямлі. Другі дзень адводзіўся для памінання і аплаквання продкаў. А на трэці дзень усе — хто жывуць на гэтым свеце і нябожчыкі — святкавалі вясну.

Дзяды

Але ў розных краіны рэгіёнах былі свае звычаі. На Палессі ў памінальным абрадзе бралі ўдзел толькі жанчыны. А на Міншчыне перад паходам на магілы родных прыходзілі да курганоў-волатаў. Лічылася, што там продкі ўсіх людзей — веліканы-волаты. І шанаваць іх памяць неабходна, інакш у складаныя часы яны не дапамогуць.

Звычайна курганы-валатоўкі падсыпалі, а на іх вяршынях закопвалі фарбаваныя яйкі. Таксама на курганы высыпалі вуголле, а чыгуны, у якіх іх неслі, разбівалі і там пакідалі. У паўночна-ўсходніх рэгіёнах Беларусі быў іншы абрад: курганы ўпрыгожвалі галінкамі і першацетамі, а пасля вадзілі карагоды.

Веікодныя яйкі на радаўніцу

Звычайна да Радаўніцы рыхтаваліся загадзя: прыбіралі магілы, гатавалі святочную ежу. У залежнасці ад традыцый рэгіёна рабілі ад сямі да дванаццаці страў. У некаторых традыцыях лічылася, што колькасць страў абавязкова павінна быць няцотнай. На Радаўніцу пяклі бліны і пірагі, смажылі яешню, рыхтавалі куццю і бабку.

Яйкі фарбавалі не ў чырвоны колер, як на Вялікдзень, а ў зялёны ці жоўты. На Палессі такія яйкі называлі «жаласнымі». У памінальны дзень збіралі пачастункі для продкаў і ўсёй сям'ёй, ішлі на могілкі. Магілы накрывалі ручнікамі, запальвалі свечку, выкладвалі велікодныя стравы.

Зялёныя яйкі на Палессі

Гаспадар каля магілы ў зямлю закопваў фарбаванае яйка. Памінальная трапеза пачыналася з запрашэння нябожчыка. Звычайна казалі: «Святыя радзіцелі, хадзіце да нас хлеба-солі кушаць!» Па заканчэнні памінак казалі: «Маі радзіцелі, выбачайце, не дзівіцеся, чым хата багатая, тым і рада». Пасля абеду і лёгкіх гутарак частку святочнага абеду пакідалі на магіле і сыходзілі. Увечары моладзь адпраўлялася на гулянні, пелі песні, гулялі ў біткі, а сталыя людзі заставаліся дома.

З Радаўніцай, як і з іншымі святамі з паганскімі «каранямі», звязана шмат прыкмет. На Радаўніцкія Дзяды мыліся вясновым дажджом, што прыносіла шчасце і здароўе. А калі біў першы вясновы гром, то маладыя жанчыны мыліся дажджавой вадой праз сярэбраныя і залатыя кольцы — для захавання прыгажосці і маладосці. На Радаўніцу не працавалі на зямлі, каб продкі «не выйшлі» з зямлі. І не мыліся ў лазні, бо даўней у гэты дзень яе тапілі для памерлых родных.

Радаўніца

Радаўніцу нельга называць толькі журботным святам, бо з ім звязаны і ўспаміны пра родных, і вера ў вечнае жыццё, і радасць гэтага дня.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. У 2015 годзе скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Працавала ў часопісе "Маладосць" з 2015 па 2017 год. Была галоўным рэдактарам часопіса "Горад жанчын" 5 гадоў. Цікавіцца тэмамі культурна-асветніцкай тэматыкі, здароўя, харчавання.