20.11.2020
20.11.2020

Святкуюць дзеці і тыя, хто іх лечыць!

logo
Думкі ўслых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Альбо калісьці так сышлося, альбо спецыяльна прымеркавалі адно да другога… Але сёння, 20 лістапада, адзначаецца і Сусветны дзень дзіцяці, і Міжнародны дзень педыятра. А яшчэ калі ўзгадаць, што менавіта ў гэты дзень у 1959-ым была прынятая Дэкларацыя правоў дзіцяці, а праз 30 гадоў – Канвенцыя правоў дзіцяці… Словам, сёння – уся ўвага дзецям. І педыятрам, вядома ж. Віншуем тых, хто мае да гэтых святаў дачыненне!

А яшчэ 20 лістапада – Фядотаў дзень, які, апроч іншага, таксама пэўным чынам у тэме. Дзіцячай. Нагадаю вось пра гэтае. Што бытавала ў народзе і дайшло да нашага часу: «Калі цяжарная жанчына ў гэты дзень будзе маліцца, паводзіць сябе сціпла і добразычліва, дык дзіця народзіцца здаровае». Воооось… І педыятрам тады адпаведна будзе меней працы, калі дзеці здаровыя…

А як вам гэтае: «Калі цяжарная будзе есці похапкам, дык яе дзіця ўсё жыццё будзе неспакойным. А калі ў гэты дзень яна будзе шмат спаць, дзіця вырасце гультаём»?! Майце на ўвазе! 🙂

Ужо не першы год у розных месцах і мясцінах часцяком чую фактычна адно і тое ж. «Гэта ж трэба, – эмацыянальна скардзяцца жанчыны-маці, – пляснула сваю дачку-школьніцу па мяккім месцы… За справу, вядома ж… А яна мне: «А я на цябе паскарджуся ў школе! Ты мяне біць не маеш права!» А ў нашым дзяцінстве мы і не такое мелі часам ад дарослых. Але нават і ў галаву не прыйшло б скардзіцца. Я яе што – пабіла?! Лёгенька так пляснула…»

А вось так! Дэкларацыя і Канвенцыя правоў дзіцяці, пра якія распавядаюць у тым ліку і ў навучальных установах, знаходзяць сваё практычнае прымяненне! 🙂 Я таксама супраць і фізічнага, і маральнага пакаранняў. Але як колішні настаўнік магу сказаць… Апошнім часам правы дзіцяці дзесьці сапраўды засланяюць сабой абавязкі…

А хуліганілі і хуліганіць дзеці будуць заўсёды. Бо такое звыклае «Гэта ж дзеці!» жыло, жыве і будзе жыць…

Узяць хаця б наш клас. Вучыліся мы, як вядома, за савецкім часам. Хлопцаў, якія хуліганілі, сапраўды ставала. Дзе атрымлівалася бяскрыўдна, а дзе… Нават з рызыкаю для жыцця. Чужога. І вы ведаеце, пэўныя тэндэнцыі ўсё ж прасочваюцца…

Тады ў нас была мода на дыпламаты замест сумак ды заплечнікаў. З імі хадзілі і хлопцы, і дзяўчаты. Самі па сабе дыпламаты важылі шмат. А ўнутры ж яшчэ мора ўсяго. Толькі падручнікаў – 5-6. І вось адзін мой аднакласнік узяў і выкінуў дыпламат другога хлопца… З трэцяга паверха. І толькі па шчаслівай выпадковасці ён не прызямліўся каму-небудзь унізе на галаву… Вынік быў бы вядомым. У дарослым жыцці гэты таварыш не аднойчы, кажуць, знаходзіўся ў месцах, пра якія ўслых не прыгадваюць…

А вось хлопчык Алег Навіцкі дыпламаты з акна не выкідваў. Вось і стаў… касманаўтам Раскосмасу! 🙂 У чымсьці – жарт, а ў чымсьці – і праўда. Я пра сувязь паводзінаў у дзяцінстве і ў дарослым жыцці…

Што тычыцца педыятраў… Дык па сваім тагачасным малалецтве я і не памятаю, ці вазіла мяне мама да каго ў Чэрвень з вёскі Клінок, дзе я з бацькамі і старэйшым братам жыла да 9 гадоў. Затое каго любіла я, і не толькі я, дык гэта нашу фельчарку «цёцю Алу» – Алу Аляксандраўну Колтун. Мы, дзеці, яе ніколькі не баяліся, давяралі. Яна так добра і прыязна ставілася да ўсіх вяскоўцаў незалежна ад узросту!

А педыятру такім і патрэбна быць – добрым. Каб дзеткі не баяліся… І прафесійным… І адданым… А якім цярплівым! Сапраўднай падтрымкай і апорай мамам. Мамачкам. Таксама такім розным… І многія на педыятраў сапраўды моляцца. Ці не так?!

Бо хто дапаможа зусім маленькаму чалавечку, які і сказаць-то не можа, што ў яго баліць?! Тады ўсе спадзяванні – на спецыялістаў. Якім сёння (і не толькі сёння) варта шчыра падзякаваць за тое, што яны ёсць.

Не ведаю, як зараз, а вось раней (чытала) у Японіі, напрыклад, не казалі «дрэнны» ў дачыненні да дзяцей. А ля навучальных устаноў на стаянках для веласіпедаў (здаровы лад жыцця!) былі таблічкі з малюнкамі і надпісамі. На адной – «Так добрыя дзеці ставяць веласіпеды», на другой – «Так добрыя дзеці не ставяць веласіпеды».

Ацанілі?! А цяпер уявіце, што ў такой жа сітуацыі за надпісы былі б у нас. Так, менталітэт там іншы, і стаўленне да дзяцей, і сістэма адукацыі ды выхавання…. І… Усё слушна і правільна. А яшчэ дзяцей там сапраўды любяць і паважаюць. Не толькі сваіх, але і чужых. Па змаўчанні, так бы мовіць…

Вось такі адмысловы дзень сёння. Упэўнена, што ў вас пры чытанні ўзнікла шмат уласных асацыяцый і ўспамінаў! Падзеліцеся думкамі?! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".