24.02.2021
24.02.2021

Як лячыць COVID-19 дома. Тлумачыць інфекцыяніст

logo
Здароўе дарослых
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як правільна лячыць каранавірусную інфекцыю дома? Калі трэба збіваць тэмпературу? Колькі неабходна выпіваць вадкасці? Чаму варта быць асцярожнымі з салодкімі напоямі? І калі хвораму на COVID-19 не абысціся без шпіталізацыі?

Пра гэта Слушна распавяла дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Наталля Клімовіч.

Каранавірус. Хто можа лячыцца дома.

У якіх выпадках пры інфікаванні COVID-19 чалавек лечыцца дома?

Паводле слоў спецыяліста, усё вельмі індывідуальна і шмат у чым залежыць ад клінічнай карціны захворвання. Напрыклад, калі пацыент скардзіцца на ліхаманку (да 39ºС), якая добра паддаецца дзеянню гарачкапаніжальных прэпаратаў, кашаль у першыя дні захворвання, у яго няма цяжкасцяў з дыханнем, нармальная сатурацыя, без задышкі, болю за грудзінай, дык такому чалавеку можна прапанаваць лячыцца амбулаторна.

Калі пацыент сталага ўзросту, які мае спадарожную паталогію (цукровы дыябет, артэрыяльную гіпертэнзію, перанёс у мінулым інфаркт міякарда, інсульт і інш.), з задышкай, дык ён адназначна павінен быць шпіталізаваны. Пацыенты з групы рызыкі павінны дынамічна назірацца, што цяжка выканаць у амбулаторных умовах. Таму лячэнне лепей праводзіць у стацыянары.

Акрамя таго, дадала эксперт, цяжэй пераносяць каранавірусную інфекцыю людзі з парушэннем тлушчавага абмену, якія пакутуюць ад атлусцення. Прычым узроставы фактар у гэтым выпадку не мае значэння. Як правіла, калі ёсць лішняя вага (індэкс масы цела звыш 25), высокая верагоднасць парушэння талерантнасці да глюкозы, магчымыя захворванні шчытападобнай залозы і інш. Станы, якія будуць павышаць рызыку тромбаэмбалічных ускладненняў (мікратрамбозаў).

Каранавірус. Рызыка – атлусценне.

Калі ў пацыентаў каранавірусная інфекцыя працякае з выяўленым інтаксікацыйным сіндромам (ліхаманка ≥39ºС, якая дрэнна зніжаецца прыёмам нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў, мышачны боль, рэзкая слабасць, тахікардыя), такому чалавеку таксама паказаная шпіталізацыя, незалежна ад узросту і наяўнасці спадарожнай паталогіі.

Спецыялісты раяць піць шмат вадкасці. Ці ёсць нюансы?

У сярэднім у дзень для дарослага чалавека ў норме фізіялагічная патрэба ў вадзе складае каля 2-3 л літраў. У выпадку ліхаманкі, інтаксікацыйнага сіндрому спажыванне вадкасці трэба павялічваць з улікам аб'ёму бягучых паталагічных стратаў (дадаткова 10-30 мл/кг/суткі), што складзе ў агульнай колькасці да 3-4 літраў у дзень. Гэта можа быць вада, узвары, зялёны чай, морсы, гарбата з лімонам, рамонкам, мятай, але з невялікім утрыманнем цукру альбо без яго. Спажыванне вялікай колькасці салодкіх напояў можа прывесці да ваганняў узроўню глюкозы ў крыві. Асабліва гэта непажадана для людзей з залішняй масай цела.

Вельмі добра падыходзяць узвары з сухафруктаў (сушаныя яблыкі, разынкі, курага), бо ўтрымліваюць шмат калію, які карысны для сардэчна-сасудзістай сістэмы, морсы (вітаміны). Пры адсутнасці смаку (агезія) пацыенты адзначаюць, што ў іх адсутнічае апетыт, ім цяжка шмат піць. Здольнасць папаўняць сваю паталагічную патрэбу будзе таксама вырашальнай пры прыняцці рашэння пакідаць чалавека дома альбо рэкамендаваць шпіталізацыю.

Каранавірус. Чаму патрэбна шмат піць.

Калі неабходна збіваць тэмпературу?

Як адзначыла Наталля Клімовіч, не кожную тэмпературу трэба збіваць, і шмат што залежыць ад самога чалавека. Некаторыя пацыенты спакойна пераносяць тэмпературу 39°С, іншыя будуць дрэнна сябе адчуваць і пры 37,8°С.

Для зніжэння тэмпературы можна выкарыстоўваць гарачкапаніжальныя лекавыя сродкі (напрыклад, парацэтамол, ібупрафен). Разам з тым, прыём гэтых прэпаратаў мае абмежаванні (для парацэтамолу сутачная доза не больш за 4 г, для ібупрафену для дарослага чалавека 1200-1800 мг/сут).

 
Наталля Клімовіч
Дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
Пры высокай тэмпературы (≥38,5°С) нядрэнны эфект мае выкарыстанне па чарзе парацэтамолу і ібупрафену. У такім выпадку кратнасць прыёму складае 4-6 разоў у суткі (не дасягаюцца максімальныя дапушчальныя дозы прэпаратаў, няма рызыкі іх перадазіроўкі). Калі ж тэмпература не зніжаецца нават пасля гарачкапаніжальных прэпаратаў, гэта падстава звярнуцца да ўрача. Дарэчы, як правіла, пацыенты, у якіх доўга трымаецца тэмпература, – тыя, хто не выконвае пітны рэжым і п'е мала вадкасці.

Каранавірус. Калі збіваць тэмпературу.

Калі турбуе моцная ламота ў суставах і боль у мышцах, галаўны боль, можна прыняць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты.

Ці патрэбныя антыбіётыкі? Імунамадулятары?

Антыбактэрыяльная тэрапія на амбулаторным этапе – гэта прэпараты выбару. Такія лекавыя сродкі паказаныя, калі ёсць высокая рызыка далучэння бактэрыяльнай інфекцыі (супраць віруса дадзеныя прэпараты не эфектыўныя). Напрыклад, у чалавека ёсць хранічныя захворванні лор-органаў, рэцыдывавальныя сінусіты альбо стаматалагічная паталогія і г.д. У любым выпадку, да прызначэння антыбактэрыяльнай тэрапіі варта падыходзіць дыферэнцыравана, і ні ў якім разе не займацца самалячэннем. Паказанні для прызначэння антыбактэрыяльнай тэрапіі вызначае ўрач.

У стацыянары, як правіла, перад прызначэннем антыбактэрыяльных прэпаратаў даследуюць узровень пракальцытаніну. Калі ён нізкі, прыём антыбіётыкаў не мэтазгодны. Але бываюць і выключэнні.

 
Наталля Клімовіч
Дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
Што тычыцца імунамадулятараў, меркаванні зусім розныя. Напрыклад, ні адзін еўрапейскі пратакол лячэння інфекцыі СOVID-19 не ўключае ў схему падобныя прэпараты. Расійскія калегі актыўна выкарыстоўваюць дадзеныя лекавыя сродкі. У пратакол лячэння СOVID-19 у Беларусі таксама не ўключаныя імунамадулюючыя прэпараты, таму ў сваёй практыцы я іх пры дадзеным захворванні не прызначаю.

Каранавірус. Не прымаем імунамадулятары.

Ці прымаць прэпараты, якія разрэджваюць кроў, для прафілактыкі трамбозаў? Напрыклад, аспірын?

Зноў-такі, усё вельмі індывідуальна. Той жа аспірын супрацьпаказаны дзецям. Дарослыя, калі гэты прэпарат быў прызначаны для тэрапіі асноўнага захворвання, напрыклад, пры сардэчна-сасудзістай паталогіі, павінны прымаць яго пастаянна, нават у выпадку інфікавання каранавірусам.

Калі няма вялікіх рызыкаў тромбаэмабалічных ускладненняў (малады ўзрост, адсутнасць цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, дастатковы аб'ём спажывання вадкасці), пры нармальных значэннях паказчыкаў у каагулаграме, дык такі пацыент у антыкаагулянтнай тэрапіі не мае патрэбы. Калі ж ёсць змены ў каагулаграме, ёсць спадарожная паталогія, паказанае прызначэнне такіх прэпаратаў у прафілактычнай дозе. Калі змены значныя – пацыента павінны шпіталізаваць. У любым выпадку рашэнне прымаецца ўрачом!

 
Наталля Клімовіч
Дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
Пры выпісцы мы рэкамендуем прымаць антыкаагулянты (паводле пратакола), прычым тэрміны прыёму і доза вар'іруюцца ў залежнасці ад сітуацыі. Зараз мы таксама рэкамендуем паўтараць амбулаторна каагулаграму (як мінімум праз 1-2 тыдні пасля лячэння ў стацыянары), што дапамагае вызначыцца з працягласцю прыёму прэпарата далей. Абавязкова такое даследаванне паказанае для тых, хто хворы на цукровы дыябет, артэрыяльную гіпертэнзію, пакутуе ад залішняй масы цела. Часам тромбаэмбалічныя ўскладненні мы бачым і праз 3-4 тыдні пасля выпіскі. У маёй практыцы былі пацыенты, у якіх праз 3 тыдні пасля пачатку COVID-19 пры ўльтрагукавым даследаванні венаў ніжніх канечнасцяў былі выяўленыя трамбозы глыбокіх і павярхоўных венаў, прычым у людзей маладога ўзросту з няцяжкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі.

Каранавірус. Рызыка  трамбозу венаў.

Ці неабходна піць лекавыя сродкі ад кашлю?

Такія прэпараты варта выкарыстоўваць з асцярожнасцю і ў свой час. На пачатку захворвання, як правіла, кашаль сухі і не дастаўляе моцных турботаў. Пры моцным прывязлівым кашлі, асабліва пры з'яўленні крыві, трэба думаць пра больш сур'ёзныя ўскладненні (такія пацыенты дома заставацца не павінны).

 
Наталля Клімовіч
Дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
У калегаў пульманолагаў ёсць добры вопыт вядзення пацыентаў пасля ШВЛ, пры падазрэнні на фарміраванне фіброзу ў лёгачнай тканцы, якія працяглы перыяд застаюцца кіслародазалежнымі, з выкарыстаннем пэўных дозаў АЦЦ і глюкакортыкастэроідаў.

Як варта харчавацца падчас каранавіруснай інфекцыі і ці трэба піць вітаміны?

Пры ліхаманкава-інтаксікацыйным сіндроме, калі ёсць змены смаку і нюху, у многіх пацыентаў знікае апетыт. Часам гэта можа доўжыцца некалькі дзён. Не варта прымушаць есці. Тым не менш, абавязкова трэба піць шмат вадкасці.

Каранавірус. Трэба шмат піць.

Галоўная ўмова – ежа павінна быць лёгказасваяльнай і разнастайнай, з дастатковай колькасцю бялку. Пазбягаць варта прадуктаў, якія могуць справакаваць абвастрэнне захворванняў, напрыклад, гастрыт. Не варта ўводзіць у рацыён новыя прадукты ці сядзець на дыеце.

 
Наталля Клімовіч
Дацэнт кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук
З прыёмам вітамінных комплексаў варта быць акуратнымі. Прымаць іх можна толькі ў рэкамендуемых урачом дазіроўках. Лячэбная доза вітаміну прызначаецца пры пацверджанні яго дэфіцыту (у першую чаргу, гэта тычыцца вітаміну Д). Таксама важныя вітаміны групы В. Пры каранавіруснай інфекцыі ў паталагічны працэс залучаецца страўнікава-кішэчны тракт, вітаміны гэтай групы неабходныя для нармальнага функцыянавання дадзенай сістэмы. Акрамя гэтага, вітаміны групы В карысныя для крывятворнай сістэмы, удзельнічаюць у бялковым абмене, добра сябе зарэкамендавалі пры неўралагічных працэсах.

Як не прапусціць небяспечныя сімптомы?

Каранавірсу. Небяспека высокай тэмпературы.

Абавязкова варта выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу, калі:

  • доўга не зніжаецца высокая тэмпература, няма эфекту ад гарачкапаніжальных прэпаратаў;
  • пры з'яўленні цяжкасці пры дыханні. Напрыклад, пры размове чалавек перарываецца, каб набраць паветра альбо пры выкананні звыклых рухаў з'яўляецца рэзкая слабасць і задышка;
  • пры з'яўленні цыянозу (сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак) вуснаў і кончыкаў пальцаў;
  • пры з'яўленні тахікардыі, болю за грудзінай (асабліва ў спакоі), што можа служыць уцягваннем міякарда ў паталагічны працэс;
  • пры выдзяленні крыві пры кашлі (верагодная прыкмета развіцця тромбаэмбалічных ускладненняў);
  • пры змене свядомасці, сутаргах, пры змяненнях у паводзінах чалавека.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».