29.11.2020
29.11.2020

Як зберагчы сваё сэрца ад хваробаў? Рэкамендацыі экспертаў

logo
Здароўе дарослых
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вірусная інфекцыя з'яўляецца правакацыйным фактарам і можа прывесці да абвастрэння сардэчна-сасудзiстых захворванняў, а таксама да цяжкіх ускладненняў – інфарктаў і інсультаў.

Пра тое, як можна прадухіліць падобную сітуацыю, журналістам распавялі:

  • загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром;
  • вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія» Святлана Салавей;
  • навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ «Кардыялогія» Ларыса Плашчынская.

Прышчэпка супраць грыпу для здароўя сэрца

Па словах Андрэя Прыстрома, ёсць даследаванні, якія паказалі, што вакцынацыя супраць грыпу ўжо праз год (асабліва гэта тычыцца людзей сталага ўзросту з ішэмічнай хваробай сэрца) прыводзіць да зніжэння смяротнасці.

Святлана Салавей дадала, што вакцынацыя супраць грыпу ў тры-чатыры разы зніжае частату ўскладненняў, інфарктаў і інсультаў. Такая статыстыка вядзецца з 2004 года, і з кожным годам яна даказвае эфектыўнасць вакцынацыі сярод людзей, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Эксперт патлумачыла, чаму віруснае захворванне, у тым ліку і грып, прыводзіць да развіцця гэткіх цяжкіх ускладненняў. Пры віруснай інфекцыі, як правіла, павялічваецца тэмпература, якая прыводзіць да павелічэння частаты сардэчных скарачэнняў: пульс пачашчаецца – і расце нагрузка на сэрца.

 
Святлана Салавей
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца РНПЦ «Кардыялогія»
Больш за тое, пры атэрасклерозе вірус можа ўкараняцца ў атэрасклератычную бляшку. Укараняючыся, ён доўгі час падтрымлівае запаленне ўнутры сасуда. У выніку атэрасклератычная бляшка можа разарвацца і затрамбаваць сасуд, што прыводзіць да інфаркту.

Менавіта таму пры любым вірусным захворванні абавязкова трэба захоўваць пасцельны і пітны рэжым, знаходзіцца дома, а не пераносіць захворванне на нагах, падкрэсліла Святлана Салавей.

У асенне-зімовы сезон, калі людзі часцей хварэюць на вострыя рэспіраторныя захворванні, рэгіструецца больш выпадкаў парушэння рытму сэрца ў выглядзе фібрыляцыі перадсэрдзяў (мігальная арытмія), адзначыла Ларыса Плашчынская.

 

 
Ларыса Плашчынская
Навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ «Кардыялогія»
У такіх пацыентаў развіваецца запаленчы працэс. Як правіла, гэта павышае рызыку развіцця прыступу мігальнай арытміі. Акрамя гэтага, у людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, якія перанеслі вострую рэспіраторную інфекцыю, могуць узнікнуць такія ўскладненні, як міякардыт, парушэнні рытму іншага плана і г.д. Прафілактыка ВРВІ і адэкватнае лячэнне, знаходжанне пацыента дома, вакцынацыя супраць грыпу вельмі важныя.

Што губіць сэрца і сасуды

лішняя вага

Што можа стаць прычынай развіцця сардэчна-сасудзiстых захворванняў? У гэтым спецыялісты аднадушныя: наяўнасць фактараў рызыкі (курэнне, злоўжыванне алкаголем, лішняя вага і маларухомы лад жыцця).

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Калі ў нас маладое насельніцтва ва ўзросце да 20 гадоў пачынае паліць, зразумела, што гэта той фактар рызыкі, які прывядзе да артэрыяльнай гіпертэнзіі ды іншых сардэчна-сасудзістых захворванняў, у тым ліку – ішэмічнай хваробы сэрца. А ў нас больш за 44% насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 69 гадоў мае павышаны артэрыяльны ціск (даследаванне СТЕПС). Вельмі вялікі працэнт курцоў, асабліва сярод мужчын, – каля 48%.

Па словах Ларысы Плашчынскай, пацыенты часта не ведаюць, што супраць мігальнай арытміі, сур'ёзным ускладненнем якой з'яўляецца інсульт, таксама можна ладзіць прафілактыку. Многія з іх маюць залішнюю масу цела і нізкую фізічную актыўнасць, дрэнна кантралююць артэрыяльны ціск і г.д.

 

 
Ларыса Плашчынская
Навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ «Кардыялогія»
Пацыенты, якія зніжаюць масу цела, нармалізуюць рацыён харчавання, часта прыходзяць да таго, што зніжаецца частата рэцыдываў. Ёсць пацыенты, якія нават адмаўляюцца ад прапанаванага аператыўнага лячэння.

Карысныя тлушчы і 150 хвілін фізічных нагрузак

фізічныя нагрузакі

Кантроль масы цела і фізічная актыўнасць, адмова ад шкодных звычак – залог здароўя сэрца і сасудаў, сцвярджаюць эксперты.

Якая нагрузка карысная? Не менш за 150 хвілін аэробнай фізічнай актыўнасці ў тыдзень (30 хвілін штодня). Разам з тым, гэта не значыць, што калі прайшоў 10 тысяч крокаў на працягу дня, норму выканаў, падкрэсліла Ларыса Плашчынская. Нагрузка павінна быць аэробнай, напрыклад, веласіпедныя прагулкі, бег на лыжах, плаванне.

Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА заўважыў таксама, што доўгае знаходжанне за маніторам камп'ютара – фактар, які можа стаць прычынай павышэння артэрыяльнага ціску. На працягу дня трэба абавязкова рабіць перапынкі, чаргаваць працу і адпачынак.

Штодня неабходна з'ядаць 500 грамаў гародніны і садавіны. На долю тлушчаў павінна прыходзіцца не больш за 30%, але не менш за 20% штодзённага рацыёну. Вельмі важная іх якасць. Ад трансгенных тлушчаў, якія ўтвараюцца падчас смажання, варта зусім адмовіцца.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Асноўная крыніца энергіі для сэрца – гэта тлустыя кіслоты, якія будуюць клеткавыя мембраны. Таму за кошт тлушчаў у арганізм павінна паступаць энергіі не менш за 20%. Акцэнт трэба рабіць на поліненасычаных тлушчах. А вось да вугляводаў трэба ставіцца акуратна: на іх долю павінна прыпадаць не больш за 60%.

Калі чалавек спажывае 1-2 разы на тыдзень 100-150 грамаў марской рыбы тлустых гатункаў (скумбрыя, фарэль, сёмга, селядзец), гэтага будзе дастаткова для папаўнення неабходнай колькасці карысных тлушчаў. Іх крыніцай могуць стаць і арэхі.

А вось з вітаміннымі комплексамі варта быць асцярожнымі і не набываць іх самастойна, проста таму, што «трэба прапіць вітаміны».

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Няма дакладных доказаў таго, што вітаміны аказваюць станоўчы ўплыў на здароўе. Больш за тое, іх залішняе спажыванне можа негатыўна адбіцца на стане здароўя. Ёсць даследаванні, якія даказалі, што прыём антыаксідантных комплексаў (вітаміны А, С і Е) і вітамінаў групы В прыводзілі да невялікага прыросту смяротнасці.

Вітаміны лепей атрымліваць з ежай, а гародніна і садавіна забяспечаць яшчэ і клятчаткай, упэўнены спецыяліст. Прэпараты ж варта пакінуць на выпадак дэфіцыту вітамінаў у арганізме. Часта на яго пакутуюць тыя, хто цяжка фізічна працуе, спартсмены і цяжарныя жанчыны. Але і ў гэтым выпадку прымаць вітамінныя комплексы можна толькі пасля кансультацыі з урачом, падкрэсліў Андрэй Прыстром.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама