22.08.2022
22.08.2022

«Няма ў ім ніякай злосці». Рэцэнзія на раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды»

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пачынаючы знаёміцца з творам Янкі Брыля, здавалася, што трэба быць гатовым, што будзе шмат болю, вайны і бяды. Болю і бяды сапраўды шмат, а вось вайны... Чым далей чытаеш, тым больш складваецца ўражанне, што аўтар наўмысна не распавядае пра ваенныя падзеі.

Пра палон, калі ласка. Пра дзяцінства і сталенне — на радасць. Пра ўцёкі і блуканне па Нямеччыне — можна. А непасрэдна нейкіх ваенных дзеянняў Янка Брыль пазбягае.

У яго няма мэты распавесці пра гэтую вайну. Да яго і пасля яго не адзін, і не два распавялі пра тое, хто як ваяваў, куды страляў, каго забіў. Брылю хацелася распавесці пра чалавека ў вайне. А застаецца ён на вайне нават калі не ідзе ў атаку ці сядзіць у акопе. Маючы пацыфісткія погляды на жыццё, пісьменнік мог зірнуць на ўсе падзеі, што разгортваліся перад ім, зусім інакш. Ён быў чужы на вайне, а пасля праз вайну стаў чужы і сам сабе.

Птушкі і гнёзы

Пісаць свой асноўны твор Янка Брыль пачаў яшчэ ў часы вайны. Першыя часткі, у асноўным пра дзяцінства, пісаліся ў 1942-1944 годзе.  Але адразу пасля сканчэння вайны дапісаць раман не атрымалася.  Прыйшлося чакаць ажно 20 гадоў, пакуль пісьменнік здолеў вярнуцца да твора. Яшчэ 2 гады Брыль ствараў адзін з лепшых антываенных твораў у беларускай літаратуры.

Падзеі Другой сусветнай вайны пакінулі глыбокі след у душы аўтара. Але не ганарлівы, а тужлівы. Не можа не ўразіць чытача апісанне ўцёкаў галоўнага героя з сябрамі. Тое, з якімі людскімі бедамі і долямі яны сутыкаюцца, кранае.

Няма ніякага дабра ад вайны, ні з тога, ні з другога боку. Нямецкія дзеці таксама губляюць бацькоў, нямецкія жанчыны так жа цягнуць гаспадарку самастойна. Увесь свет — адна сям'я. Яксарава прасочваецца, як змяняецца стаўленне галоўнага героя да немцаў ад напружанага і насцярожанага да паблажлівага і нават разгубленага.

Янка Брыль 2

Здзіўляе, што ў Янкі Брыля няма нібыта ніякай злосці за тое, што чыніцца з ім. Ну пасадзілі ў штрафны атрад, здароўе трохі сапсавалася, але добра, што жывы.  І гэтыя кавалкі — адсутнасць апісання вайны, прыняццё лёса, паблажлівасць нават да ворагаў — складваюцца ў адну мазаіку, якая паўстае ў галаве чытача і дае адказ — гэта гісторыя пра беларусаў, што паўнавартасна ўваходзяць у свет іншых нацый.

Упершыню мы з гэтым сутыкаемся, калі Алесь Руневіч знаходзіцца ў лагеры для ваеннапалонных. Яны, беларусы, што служаць у  польскім войску, апынуліся там першыя і ўжо ветеранамі сустракалі вайскоўцаў іншых нацый.

Рукапіс знайшоў салдат на папялішчы дома. Містычны лёс «Сярэбранай табакеркі» Змітрака Бядулі

З павагай ставіліся да англічан, з недаверам да французаў і цікаўнасцю да цемнаскурых алжырцаў.  Розныя пачуцці выклікалі іншаземцы, але ў падсумку — беларусы іх не разумелі. У гэтым мінісвеце, які склаўся ў лагеры, у беларусаў асаблівае месца. Разадраная на два кавалкі краіна была незразумелым месцам. І калі беларусы іншых не разумелі, то іншыя не разумелі, хто такія беларусы.

Нават туга, якую апісвае аўтар, па роднаму краю нейкая… беларуская. Нібыта нават блізкія палякі не так перажываюць за сваю радзіму і жадаюць вярнуцца, як гэта робяць беларусы. Але нашыя людзі не проста сумуюць па Беларусі. Яны імкнуцца жыць у лагеры, нават ціск адміністрацыі не замінае ім.

Янка Брыль і Пімен Панчанка

Вядома, што Янка Брыль добра спяваў, ведаў шмат песень на розных мовах і не забыўся пра гэта напісаць. Падрабязна апісваецца як яны і самі спяваюць, і як слухаюць вайсковы аркестр, што ледзьве меў нейкія прыстойныя музычныя інструменты.  Чытытаючы з якой пяшчотай аўтар апісвае гэтыя спевы немагчыма памыліцца — гэта паратунак для галоўнага героя.

Такой жа падтрымкай з’яўляюцца і малітвы. Няма ў лагеры магчымасць справіць імшу, але палякі і беларусы самі збіраюцца ды наўпрост у казармах моляцца.

Кніжная паліца. Што пачытаць дзеткам па-беларуску?

Такі чысты занятак пасярод бруднага месца, напоўненага болем.

Асобна ў творы стаяць дзіцячыя ўспаміны. Яны лёгкім ветрам урываюцца ў цёмную душную прастору лагера, альбо даждлівых прастораў Нямечччыны. Даюць магчымасць выдыхнуць, расслабіцца. Аўтар і сам разумее, у якім напружанні трымае чытача, апавядаючы толькі пра лагер.

Янка Брыль

Ступень шчырасці аўтара ўражвае. Янка Брыль не саромецца быць уразлівым, адкрыць перад чытачом сябе. Гэта тычыцца і аповедаў пра лагер, і пра дзяцінства. Успамінаючы сям’ю, распавядае, што доўга перад сном даваў бацькам «буські», цалаваў у шчаку, а брат смяяўся з яго.

Зрабіўшыся дарослым, пісьменнік дзеліцца больш інтымнымі рэчамі. Таемная закаханасць у жонку таварыша па лагеру мучыць яго. І ад таго, што жанчына недасяжная,  і ад таго, што то нібыта здрада мужскому сяброўству.

Цікавыя факты з жыцця Янкі Брыля

Такія гісторыі можна знайсці па ўсім творы, з’яўляюцца яны так нечакана, што падрыхтавацца немагчыма.

Стыль, лёгкасць і пэўная аддаленасць надчалавечая, з якімі Янка Брыль піша, ствараюць уражанне, што нібыта  гэта твой дзядуля, якога ў цябе магло ніколі не быць, распавядае гісторыі са свайго жыцця. І як ўважліва трэба слухаць, бо хочацца ўсё пра яго даведацца! Ну немагчыма адарвацца, бо па адчуванням гэта тычыцца цябе непасрэдна.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0