24.02.2021
24.02.2021

«На Аўласа бяры каўшом масла». Улассе – каровіна ды конскае свята! :)

logo
Думкі ўслых
0 026
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Нават калі ў большасці з нас і няма кароў ды коней, гэта не значыць, што Улассе святкаваць не трэба! 🙂 Бо мы ж любім розныя малочныя прадукты, праўда? Таму можна проста віртуальна падзякаваць гэтым жывёлам, перад якімі літаральна схіляюцца ў той жа Індыі... А яшчэ – прыгадаць уласнае маленства, летнія вакацыі ў вёсцы і стасункі з тымі самымі свойскімі жывёламі. Было?! 🙂

Улассе. Стасункі з каровамі ў дзяцінстве ў вёсцы.

Калі ж вы ўважліва сочыце за беларускім народным календаром, яго святамі і адметнымі днямі, дык ведаеце, што Улассе і да гэтага часу святкуюць у аграгарадку Лукі Карэліцкага раёна, што на Гродзеншчыне! Праўда, не ў гэты ж дзень… Але во дзе шанцуе мясцовым каровам ды коням! 🙂

А ведаеце, чаму? Бо іх частуюць смачненькім. У тым ліку і печывам, на якое зверху змяшчаюць кавалак масла. Вось чаму даўней казалі: «На Аўласа бяры каўшом масла». Другое вытлумачэнне гэтай прыказкі – на Уласа гаспадыні абавязкова пяклі аладкі для ўсёй сям’і і падавалі іх з маслам. Каб цяляты былі гладкімі. Ну, а трэцяе – масла нагадвала пра блізкасць Масленіцы, Масленічнага тыдня.

Тыя ж аладкі ў гэты дзень нашыя продкі асвячалі ў храме. А калі пяклі жытні хлеб, дык і яго таксама. Асвечанымі аладкамі частавалі дзяцей, бяздомных і хатнюю жывёлу. А да свянцонай вады на Вадохрышча, грамнічнай свечкі на Грамніцы дадавалася яшчэ і адна аладка з Уласся, якую захоўвалі поруч з усім згаданым, і таксама з абярэжна-ахоўнымі мэтамі.

Улассе. Звычай пячы і асвячаць аладкі.

Маліліся і самому святому Уласу, якога лічылі даўней апекуном свойскай жывёлы: «Святы Улас, дай шчасця на гладкіх цялок, на тоўстых быкоў, каб з двара ішлі граючы, а з поля скачучы».

Што тычыцца народных прыкметаў, дык даўней спадзяваліся, што маразы на Улассе – апошнія зімовыя. Што і не дзіўна, улічваючы, як хутка заканчваецца ўжо люты, які сёлета добра-такі палютаваў…

Ну, і назіраем за надвор’ем. Па народных прыкметах, калі на Улассе шмат снегу, значыць, май будзе зялёным. Калі ў гэты дзень адліга, дык верылі, што маразоў больш не будзе. Хм... Не наш выпадак, як мне падаецца… Ды і ў памяці яшчэ сакавіцкі «Хаўер», хаця і столькі ўжо гадоў пасля яго прамінула…

Улассе. Апошнія зімовыя маразы.

Каб карова добра даілася, на яе ў гэты дзень пырскалі святой вадой. Мабыць, той самай, з Вадохрышча…

Дарэчы, а ці любіце вы малако, як люблю яго я?! 🙂 Нягледзячы на меркаванне, што яно не такое ўжо і карыснае для арганізма дарослых, а часам і шкоднае. А ёсць жа людзі, чый арганізм яго проста не прымае. А цяпер нават і каты ды коткі не ўсе малако тое і ядуць. І таксама не ўсім ім яно ідзе. Хаця з маленства мы што засвоілі?! Што лепшы пачастунак для гэтых хвастатых – якраз-такі малако.

Але я, як заўсёды, давяраю найперш сваім адчуванням. І без шкоды для арганізма п’ю малако, ем малочны суп з грэчкай – любімай стравай з дзяцінства, да якой мамачка мая нас з братам прывучыла…

Улассе. Каровіна свята. А хто любіць малако і малочны суп?

Малако, як вядома, гэта крыніца кальцыю і антыаксідантаў. Яго ўжыванне дапамагае ўмацоўваць косці і зубы, аднаўляе нервовую сістэму. Хтосьці любіць піць яго раніцай, хтосьці – увечары, цёплым, каб лепей засынаць…

Па меркаваннях некаторых спецыялістаў, малаком не варта лячыць прастуду, бо яно павялічвае выдзяленні са слізістых і ўзмацняе запаленне… Але-але… Людзі, так бы мовіць сярэдняга (майго) узросту, думаю, памятаюць уласнае дзяцінства?! Малаком лячылі. Малако з содай (бе-е-е-е!), малако з мёдам (б-е-е-е-е!), проста гарачае гатаванае малако. З плеўкамі, бе-бе-бе! 🙂 Ажно самой смешна зрабілася…

І ўсё ж, вяртаючыся да тэмы народнай медыцыны і рэцэптаў, правераных на сабе. Я б не назвала гэта супадзеннем, калі дапамагае шматразова. І нават калі насуперак сучаснай доказнай медыцыне (прабачце!)… Але шклянка гарачага гатаванага малака са сметанковым маслам, малінавым варэннем, содай, мёдам (усяго па 1 ч.л.), выпітая з асцярогай, вяртае голас, які знік…

Улассе. Карысць гарачага малака з дабаўкамі.

Невытлумачальна, але факт. На смак, вядома ж, бурда… 🙂 Каб выпіць, трэба мець смеласць. Але ж быць безгалосай таксама не хочацца… Піла. Бывала, хапала нават адной порцыі.

Ну, і яшчэ ж цяпер сцвярджаецца, што малако – гэта ежа, а не пітво. І ежу ім запіваць не варта, а лепей ужываць асобна. Калісьці ў дзяцінстве так смачна было – малако з батонам і варэннем з суніцаў, якое па-майстэрску навучыўся варыць мой тата… М-м-м-м… А цяпер пра батон пры мне нават не ўзгадвайце! J А пра малако – калі ласка!

Так што сёння дзякуем яго першым «вытворцам» – каровам! А калі ёсць знаёмыя кароўкі альбо конікі, віншуем іх з Улассем! 🙂

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 26

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.