22 Лістапада
22.11.2020

Я вам пішу… А вы – мяне чытаеце! :)

logo
Думкі ўслых
0 0 65
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Што найперш трэба аўтару? Любому? Пісьменніку, журналісту, блогеру? Правільна, каб іх – чыталі! Бо яны дзеля гэтага, уласна кажучы, і пішуць. Таму такая важная заўсёды зваротная сувязь, якую дзякуючы сусветнаму павуцінню ў наш час зусім нескладана арганізаваць. Было б жаданне – паставіць падабайку, смалік, зрабіць перапост, напісаць свой камент… Аўтару гэта вельмі прыемна, паверце!

Водгукі. Аўтару прыемна.

А калі ўжо сваім допісам узварухваеш штосьці ў душы іншага… Калі яшчэ камусьці падалося гэта блізкім… І не мае значэння, атрымліваеш водгукі як каменты пад сваімі думкамі ўслых альбо ў асабістай перапісцы ў сацыяльных сетках ці месэнджарах у адказ на спасылкі.

Прапаную вам, шаноўныя сябры, самае цікавае за большую частку лістапада.

  1. Хто аматар часнаку?! Сёння – наша свята! 6.11.2020

Таццяна Шчарбакова:

– Назаўсёды запомнiла словы свайго вучня: «Люблю часнок – ён каўбасой пахне!» Упэўнена, тлумачыць, чаму – не трэба?! 🙂

  1. «Да Змітра дзеўка хітра». Гуляем вяселлі і… частуемся капучына! 8.11.2020

Наталля Лугоўская:

– Так супала, што ў нас з мужам сёння чарговая дата сумеснага жыцця (23 гады афіцыйна). Дзмітрыеў дзень – гэта не прывязанае да чысла праваслаўнае свята (першая нядзеля лістапада). Ад гэтага дня субота перад ім – Дзмітрыеўскія дзяды (ці бацькоўская субота). Памінаюць продкаў, якія ўжо не з намі...

Водгукі. Супадзенні. Дзмітраўскія дзяды.

Так здарылася, што напярэдадні нашага вяселля (25 кастрычніка) памерла мая бабуля (татава мама). Яна ва Украіне жыла, у Палтаўскай вобласці. Бацькі мае збіраліся проста адведаць яе, выехалі.... А прыехалі якраз, калі трэба было хаваць.

Я хацела адкласці ўрачыстасць. Але мама сказала, што няхай будзе так, як задумалі. У нас быў вечар, а не вяселле. Самыя блізкія сваякі (20 чалавек, разам з дзеткамі).

Зараз наша кожная сямейная дата звязаная з Дзмітрыеўскай суботай (плюс-мінус пару дзён).

А яшчэ... Паміж мной і бабуляй засталася сувязь. Яна ў сне папярэджвае мяне пра хваробы. Сама бабуля толькі аднойчы прыйшла ў сне. Гэта было пасля нараджэння другога сына. У мяне тады ўскладненні былі пасля выпіскі.

А вось цяпер, напярэдадні майго заражэння каранавіруснай інфекцыяй, я прысніла бабулін вялікі агарод (ён гектар складае). І вее-е-е-е-еельмі шмат кукурузы пасаджана. Але лісце чамусьці пажоўклае ўжо было. І я там штосьці прыбірала ў агародзе.

Водгукі. Сон. У кукурузе.

Зараз я гэта расшыфравала: кукуруза – людзі... пандэмія... і я ў іх ліку.

Вось такія ўспаміны навеяла твая публікацыя. Але мне спадабалася, што кожны знойдзе ў гэтым дні штосьці сваё. Дарэчы, Дзень піяніста мне вельмі імпануе. Я нават дзесьці рэпосціла паведамленне пра гэты дзень. 🙂

Дзякуй за рэцэпт капучына!

Жанна Чарнавец:

– Дзякуй за публікацыю душэўную, як заўсёды! Ажно захацелася кавы. А то я ўжо з пачатку хваробы нічога не хацела. Маю на ўвазе харчовыя прадукты…

  1. Калі са зрокам усё ў парадку… Дык пішам папяровы ліст! 11.11.2020

Наталля Бучынская:

– Дзякуй, спадарыня Святлана, за нагоду ўспомніць афтальмолага Кудраўцаву А.І і акуліста Вашкевіч В. з Мёр. Яны за мой зрок змагаліся куды актыўней, чым я (хто з нас у дзяцінстве вельмі зважае на такія праблемы?). Цвёрда веру, што змаглі падтрымаць.

Не ведаю, ці напішу сёння ліст, але кнігу ў падарунак дакладна буду падпісваць. Разгорнута! Настасся авечак стрыжэ, кажаце? Для маёй гераіні, авечкі Адэлі, гэта ДЗЕНЬ ВЯЛІКАЙ ПАКУТЫ. Ну не любіць яна стрыгчыся! Церпіць толькі дзеля ўмоў кантракта і высокіх ідэалаў моды. (Якраз узгадаем модніц, што сёння пабягуць на шопінг і набудуць, між іншым, і рэчы з цудоўнай авечай воўны).

Водгукі. Рэчы з натуральнай воўны.

Пакуль не знайшла ў сябе ніякай сувязі з прысвяткам млынароў (Марціна). Але да вечара нешта прыдумаю. Затое адчуваю захапленне мядзведзямі – мне таксама час ад часу карціць залегчы ў спячку пасля абеду. Хаця б на 20 хвілінак!

  1. ­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­­Дзён такіх зашмат не бывае… 13.11. 2020

Ірына Змачынская:

– Столькі цеплыні ў Вашым артыкуле! Я таксама ўспомніла сваю маму, якой няма побач са мною ўжо 49 гадоў! Як яе не хапае ўсё жыццё! А дабрыні так не хапае!!!! А пра чуласць зусім забыліся! Гэта рэчаіснасць!

  1. Пачні з сябе! А іншыя – падцягнуцца. 15.11.2020

Наталля Лугоўская:

– У пятніцу да мяне прыехалі мае мінчукі (сын з нявесткай і малымі). З унучкамі не бачыліся месяц – засумавалі. Звыклыя абдымашкі-цалавашкі замянілі сціплым абдыманнем. Хаця, я падазраю, што мінчукоў маіх таксама зачапіў гэты вірус. Нявестка здала тэст як кантакт першага ўзроўню, які паказаў адмоўны вынік, а на наступны дзень у яе знікла адчуванне пахаў. У сына была тэмпература, але ў правядзенні тэсту яму адмовілі. Малая тры дні з тэмпературай была...

Учора вырашылі з'ездзіць да мамы ў Барысаў. Я яе аберагаю ад сваёй прысутнасці. Але... Трэба было завезці гародніны. Звычайна з пакуначкамі ездзіла грамадскім транспартам. А тут на машыне – адразу два мяхі бульбы закінулі.

Збіраемся мы ў дарогу: я, нявестка і ўнучкі (дзявочы склад сям'і, так бы мовіць). Пра маскі пачалі казаць. У Аліскі (малодшай) маскі няма. Ды і 4-гадоваму дзіцяці можна не насіць. Але тая ў істэрыку: «Я таксама хачу маску... такую, як у бабулі!»

У мяне гэтых плямістых масак 6 штук. Я дзве нашу. Адну сын малодшы насіў. Тры ў запасе былі. Якраз адна маленькая (першая мадэль – вучылася шыць). Вось яе і аддала малой.

Прыехалі да мамы. Заходзім у масках. Натуральна, блізкія прывітанні апусцілі. Мы і не распраналіся. На парозе хвілін 10 прастаялі. Але... Аліса не магла ж проста так з'ехаць. Зняла куртачку, маску і... паказала прабабулі, як трэба правільна танцаваць!

Збіраемся вяртацца. Першае, пра што яна ўспомніла: «Дзе мая маска?!»

Гэта я да чаго? Дзеці вельмі хутка ўбіраюць усё, што адбываецца вакол, і могуць кантраляваць дарослых, нагадваючы ім пра бяспеку. Гэта той выпадак, калі яйкі вучаць курыцу.

  1. Дзень цыбульнага супу-пюрэ. Імунітэт нам скажа «дзякуй»! 18.11.2020

Тут Наташа мне нават прыкольнае відэа даслала! Як яе ўнучка есць… цыбулю! 🙂 І напісала…

Наталля Лугоўская:

– Хтосьці, можа, скажа, што прымусілі малую есці цыбулю (тут малодшай унучцы 2 гадкі). Але было інакш...

Водгукі. Злая цыбуля.

Я рыхтавала гародніну для салаты на зіму. Сярод іншага была і цыбуля – вялікая міска ачышчанай стаяла на стале. Я рэзала яе. Падышла Аліска. Некаторы час назірала за маімі дзеяннямі... А я пачынала пускаць ужо слёзы ад «заборыстай» гародніны.

Сядзела яна, падавала мне цыбуліны. А потым вырашыла пакаштаваць. Зразумелая справа, што горыч дзіця адчула адразу, але вырашыла працягнуць грызці. Тэлефон у мяне заўсёды пад рукой. У выніку – такое вось відэа.

Яна да вострага неабыякавая была. Спрабавала нават гарчыцу васабі – з плачам аддавала мне слоічак. Цяпер яна, наадварот, больш пераборлівая... 🙂

  1. Святкуюць дзеці і тыя, хто іх лечыць! 20.11.2020

Ірына Змачынская:

– Такая смачная ў Вас мова! Чытаю з вялікім задавальненнем! Дзякуй! 🙂

А я шчыра дзякую вам, мае шаноўныя сябры, за тое, што цікавіцеся і адгукаецеся! Будзьма разам! Пішыце! Чакаю…

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 65

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.