15.06.2023
15.06.2023

Як не пакiнуць здароўе на градках. Парады ўрача для сталых

logo
Здароўе дарослых
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для многіх сталых людзей лецішча – месца, дзе можна з карысцю правесці час, даглядаючы агарод. Боль у спіне і суставах, высокі ціск, мушкі перад вачыма – не самыя прыемныя адчуванні пасля працы на дачным участку.

На агародзе варта не працаваць да сёмага поту, а прыслухоўвацца да сябе. Закалола, зашумела, закруцілася – трэба ўсё кінуць. Нават самы багаты ўраджай не акупіцца падарваным здароўем.

Здароўе на дачы

Пра тое, якіх правілаў трэба прытрымлівацца людзям элегантнага ўзросту падчас працы на дачы, падзялілася з журналістам інфармацыйнага партала Слушна кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), галоўны пазаштатны спецыяліст па геранталогіі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Зрэшты, гэтыя рэкамендацыі будуць актуальнымі і для больш маладых аматараў правесці выхадныя на градках.

Артэрыяльны ціск

Праполванне градак – зусім не бяскрыўдны занятак для тых, хто хворы на артэрыяльную гіпертэнзію. Доўгае знаходжанне ўніз галавой, асабліва ў гарачае надвор'е, можа справакаваць гіпертанічны крыз.

Людміла Жылевіч

Людміла Жылевіч:

– Гіпертанічныя крызы часцей за ўсё адбываюцца з 5 да 11 гадзін раніцы і з 17 да 19 вечара. У гэты час не варта актыўнічаць і спрабаваць за адзін прысест прапалоць усе градкі. Ні ў якім разе нельга працаваць у спёку. З 11 раніцы да 16 (або нават 17) гадзін лепей зрабіць сабе перапынак.

Спецыяліст параіла рэзка не выпроствацца, доўга прастаяўшы ў становішчы «ўніз галавой», рабіць гэта паступова. З-за рэзкіх рухаў можа закружыцца галава. Калі з'явіліся непрыемныя сімптомы, такія, як шум у вушах, цяжар у вобласці грудзей, раптоўная слабасць, трэба неадкладна спыніць працу і зрабіць перапынак. Самы аптымальны варыянт – паўгадзіны працы, потым адпачынак. Затым пажадана альбо змяніць становішча цела, альбо від дзейнасці.

Варта ўлічваць умовы надвор'я. Пры высокай вільготнасці нават невялікая нагрузка можа падацца празмернай. Пахмурныя і прахалодныя дні, калі сонца не прыпякае і схаванае за аблокамі, – самы спрыяльны час для працы на прысядзібным участку.

Людміла Жылевіч:

– Падчас працы на градках лепей апускацца на калені, падклаўшы што-небудзь зручнае. Так галава не будзе моцна нахіленая ўніз. Самі грады лепей зрабіць высокімі і вузкімі, межы – шырокімі.

Як на пакінуць здароўе на граках

Калі пасля працы з'явіліся цёмныя плямы перад вачыма, якія праходзяць праз пэўны час, гэта можа казаць пра тое, што ёсць участкі сятчаткі, у якіх парушанае кровазабеспячэнне. Акрамя таго, варта насцярожыцца, калі вы адчулі:

  • Рэзкі галаўны боль у вобласці патыліцы
  • Галавакружэнне
  • Шум у вушах
  • Боль, які коле, альбо пачуццё цяжару за грудзінай
  • З'явіліся мушкі перад вачыма
  • Дрыжыкі ў руках, ва ўсім целе
  • Пульсацыю ў скронях
  • Млоснасць, пазывы на ваніты
  • Раптоўна пагоршыўся зрок.

Гэтыя прыкметы могуць сведчыць пра рэзкі ўздым ціску. І ёсць рызыка развіцця такіх сур'ёзных ускладненняў, як інсульт ці інфаркт.

Людміла Жылевіч:

– Нават калі адчуваеце сябе добра, не перапыняйце прыём прызначаных урачом прэпаратаў. Калі змяняеце іх на іншыя, дык парайцеся з доктарам.

Пры рэзкім уздыме ціску не варта панікаваць. Трэба легчы, расслабіцца і супакоіцца, зрабіць некалькі спакойных удыхаў і выдыхаў, вымераць артэрыяльны ціск. Пры неабходнасці выпіць лекавы сродак, які на працягу кароткага часу знізіць артэрыяльны ціск.

Градкі

Якія менавіта лекі і ў якой дазіроўцы вам трэба трымаць пры сабе на выпадак скачка ціску, папярэдне трэба ўзгадніць з урачом. Хворым з ішэмічнай хваробай сэрца мэтазгодна прыняць нітрагліцэрын.

Эфект ёсць, калі праз гадзіну паказчыкі ад першапачатковага сісталічнага (верхняга) ціску знізіліся на 20-25% (было 200 – стала 160 мм рт слупа). Не варта імкнуцца хутка дасягнуць нізкіх значэнняў і выкарыстоўваць увесь свой арсенал прэпаратаў.

Калі ціск не зніжаецца, магчымы прыём таго ж лекавага сродку ў той жа дазіроўцы. Кантроль артэрыяльнага ціску – праз гадзіну пасля паўторнага прыёму.

Рухальны рэжым

Лецішча

Не варта адразу «ірвацца ў бой» і за адзін дзень апрацоўваць усе градкі. За асенне-зімовы перыяд тонус мышцаў знізіўся, сардэчна-сасудзістая сістэма даўно не трэніравалася. Таму, рэкамендуе эксперт, улівацца ў працу трэба акуратна і не спяшаючыся, інакш не абмінуць абвастрэння многіх хваробаў.

Людміла Жылевіч:

– Перш чым выйсці на агарод, зрабіце нескладаную размінку. Падчас працы мяняйце віды дзейнасці, не заставайцеся доўга ў адным становішчы.

Абарона ад сонца

Жанчыны на лецішчы

У самы пік сонечнай актыўнасці працаваць нельга. Не варта грэбаваць галаўным уборам, вопратку лепей апранаць светлых тонаў з натуральных тканінаў, якія дыхаюць. Гэта абароніць ад сонечнага ўдару, перагрэву і апёкаў. Трэба таксама ўлічваць, што спякота можа адбіцца на значэннях артэрыяльнага ціску (як у бок зніжэння, так і павышэння), уплываць на частату сардэчных скарачэнняў. Калі пульс пачасціўся, значыць, нагрузка на сэрца і сасуды павышаная.

Людміла Жылевіч:

– Улетку пажадана працаваць да паўдня і пасля трох гадзін, у гарачы перыяд адпачываць у цяньку. З потам выпараецца шмат вільгаці з арганізма, з-за чаго можа падскочыць ціск і разбалецца галава. Таму варта піць шмат вадкасці, лепей ваду ці несалодкі морс з ягад.

Крэм

Калі вы ўсё ж такі абгарэлі на сонцы...

Счырванелая скура – гэта прыкметы апёку I ступені. Далей на сонцы знаходзіцца нельга. Калі пашкоджанае месца моцна баліць, паднялася тэмпература, а апёк вялікі па плошчы, трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Ні ў якім разе нельга мазаць пашкоджаныя месцы алеем, спіртам, мазямі альбо іншымі сродкамі, якія не прызначаныя для лячэння апёкаў.

Пакуль сімптомы сонечнага апёку не пройдуць цалкам, лушчэнне скуры не  спыніцца, знаходжанне на адкрытым сонцы супрацьпаказанае. Аднаўленне можа працягнуцца ад чатырох дзён да тыдня.

Спіна і калені

Доўгае знаходжанне на градках на каленях, асабліва на сырой і халоднай зямлі, можа стаць прычынай абвастрэння захворванняў суставаў. Каб пазбегнуць гэтага, спецыяліст раіць працаваць не больш за 3-4 гадзіны ў дзень. Быць у добрай форме на агародзе дапамагае гімнастыка. Практыкаванні могуць быць простымі і немудрагелістымі, але выконваць іх трэба рэгулярна.

Пры болю можна прыняць нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты. Але злоўжываць імі не варта. Бескантрольны прыём такіх лекаў можа справакаваць у гіпертонікаў праблемы з ціскам, у хворых з язвай страўніка – выклікаць яе абвастрэнне.

Людміла Жылевіч:

– Працуючы на ​​агародзе, трэба імкнуцца трымаць спіну як мага больш прама і не нахіляцца лішні раз. Не варта доўга выконваць адны і тыя ж дзеянні, віды дзейнасці трэба чаргаваць. Аднастайныя рухі прыводзяць да перанапружання сухажылляў і звязак. У перапынках паміж працай разамніце суставы і спіну. Пры варыкозе не забывайцеся на эластычныя бінты альбо артапедычныя панчохі.

Спіна

Каб не «сарваць спіну» пры ўздыме цяжару, трэба нахіліцца наперад, сагнуць ногі ў каленях і прысесці. Асноўная нагрузка павінна прыходзіцца на ногі, а не спіну. Так вы зберажэце сябе ад траўмы пазваночніка. Груз старайцеся размяркоўваць сіметрычна.

Калі ўсё ж такі разбалелася спіна, варта легчы на ​​жорсткую паверхню, каб расслабіць свой пазваночнік. Пацярпелае месца нацерці маззю, якая валодае супрацьзапаленчым і абязбольвальным эфектам, спыніць на час нагрузкі.

Дачная аптэчка

Перад выездам на дачу збярыце з сабой аптэчку. Прыкладны стандартны набор неабходных медыкаментаў:

  • Прэпараты, якія прымаеце штодня (якія зніжаюць ціск, антыдыябетычныя, сардэчныя і г.д.)
  • Лекі, якія неабходныя для купіравання вострых станаў
  • Сродак, які зажыўляе раны
  • Актываваны вугаль альбо іншы сарбент, які звязвае і выводзіць з арганізма таксіны
  • Абязбольвальныя сродкі
  • Супрацьзапаленчыя прэпараты і гелі
  • Антыгістамінныя лекі (супраць алергіі)
  • Бінт, бактэрыцыдны пластыр, аднаразовыя стэрыльныя сурвэткі, эластычны бінт, жгут (для спынення крывацёку)
  • Зялёнка, ёд, перманганат калію (марганцоўка)
  • Сардэчныя сродкі (нітрагліцэрын, каптапрыл)
  • Гарачкапаніжальныя сродкі
  • Нашатырны спірт
  • Перакіс вадароду 3% ці хлоргексідын
  • Супрацьдыярэйныя прэпараты
  • Сродак ад апёкаў
  • Танометр, тэрмометр (калі неабходна, дык і глюкометр)
  • Нажніцы, пінцэт, мерная шкляначка, грэлка.

Аптэчка

Людміла Жылевіч:

– Лекавыя прэпараты нельга захоўваць на адкрытым сонцы (іх дзеянне можа сысці на «не»). Пакладзіце іх у халадзільнік альбо размясціце ўдалечыні ад прамых сонечных промняў. Звярніце ўвагу на тэрмін прыдатнасці. Напрыклад, эфектыўнасць прэпаратаў нітрагліцэрыну па заканчэнні тэрміну прыдатнасці зніжаецца ў 2-3 разы. Калі адпраўляецеся на дачу на некалькі дзён, пераканайцеся, што таблетак хопіць на ўвесь гэты перыяд.

Калі сонца не вораг. 10 важных правілаў паводзінаў у спякоту

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама