29.05.2022
29.05.2022

Эксперты нагадалі пра здаровы рацыён і чым пагражае няправільнае харчаванне

logo
Правiльнае харчаванне
0 70
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Згодна з вызначэннем СААЗ, здаровае харчаванне на працягу ўсяго жыцця чалавека з'яўляецца прафілактыкай неінфекцыйных захворванняў і парушэнняў здароўя.

Разам з тым, спецыялісты адзначаюць, што вытворчасць перапрацаваных прадуктаў і зменлівы лад жыцця сталі прычынай збояў у мадэлі харчавання: штодзённы рацыён чалавека, як правіла, складаецца з прадуктаў з высокім утрыманнем калорый, тлушчаў, свабоднага цукру і солі.

Няправільнае харчаванне – адна з вызначаных прычынаў развіцця неінфекцыйных захворванняў (сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, цукровага дыябету і іншых паталогій), якія штогод забіраюць мільёны жыццяў у свеце. Пра важнасць здаровага харчавання і яго ролю ў прадухіленні неінфекцыйных захворванняў размова ішла, у тым ліку, і на  рэспубліканскім Форуме па пытаннях грамадскага здароўя (Public Health Forum). Мы сабралі асноўныя рэкамендацыі экспертаў.

Больш гародніны і садавіны, меней транстлушчаў

Юольш гародніны і садавіны

Па словах д.м.н., прафесара кафедры агульнай урачэбнай практыкі БелМАПА Наталлі Сілівончык, асноўныя базавыя прынцыпы здаровага харчавання – у наступным:

  • баланс энергіі, якая паступае ў арганізм (у калорыях), з энергіяй, якая траціцца;
  • сумарнае спажыванне тлушчаў не павінна перавышаць 30% ад агульнай энергіі, якая спажываецца. Прычым варта пераходзіць ад насычаных да ненасычаных тлустых кіслотаў, а таксама пазбягаць прамысловых транстлушчаў;
  • абмежаванне спажывання свабоднага цукру – не больш за 10% сумарнай энергіі (прыкладна 50 г альбо 12 чайных лыжак без верху), а таксама солі (менш за 5 г у суткі);
  • у штодзённым рацыёне павінны прысутнічаць не менш за 5 порцый альбо 400 г садавіны і гародніны.

Праведзенае сярод беларусаў маштабнае STEPS-даследаванне аб распаўсюджанасці рызыкаў неінфекцыйных захворванняў у 2016-2017 гадах паказала, што 72,9% рэспандэнтаў ужываюць недастатковую колькасць гародніны і садавіны ў дзень.  Залішнюю масу цела маюць больш за 60% насельніцтва, а атлусценне – 25,4% , адзначыла Наталля Сілівончык.

Як можна змяніць сітуацыю? Адно з рашэнняў – праводзіць кансультацыі па пытаннях харчавання ў рамках першаснай медыцынскай дапамогі, адукоўваць па пытаннях харчавання ў школах і іншых адукацыйных установах, па месцы працы, лічыць спецыяліст.

 
Наталля Сілівончык
Д.м.н., прафесар кафедры агульнай урачэбнай практыкі БелМАПА
Трэба арыентаваць на простыя і правільныя рэчы. Напрыклад, многія да гэтага часу ўпэўненыя, што каб разлічыць нармальную вагу, трэба ад росту ў см адняць 100. Не ведаюць, што важным паказчыкам з'яўляецца акружнасць таліі. Калі яна вышэйшая за пэўныя лічбы, дык гэта ўжо рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў. Што ў прадуктах ёсць так званыя схаваныя крыніцы солі і цукру. Напрыклад, у сталовай лыжцы кетчупу змяшчаецца чайная лыжка цукру.

Дарэчы, пры даследаванні ўплыву змяненняў у харчаванні, накіраваных на зніжэнне ўзроўню ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці (так званы дрэнны халестэрын) і трыгліцэрыдаў, высокі эфект дало змяншэнне спажывання харчовых транстлушчаў і насычаных тлушчаў, павелічэнне ў рацыёне прадуктаў, багатых на харчовыя валокны і фітастэролы (прыродныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў раслінах). Як вядома, высокі ўзровень халестэрыну – адна з прычынаў развіцця атэрасклерозу, што значна павялічвае рызыку сардэчна-сасудзiстых захворванняў, у тым ліку інфарктаў і інсультаў.

Безумоўна, прыхільнасць да здаровага харчавання, як і да здаровага ладу жыцця, – гэта штодзённая праца над сабой, упэўненая спецыяліст. І часам прасцей «выпіць таблетку», чым выканаць комплекс практыкаванняў альбо знізіць масу цела. У якасці прыкладу спікер прывяла вынікі даследавання, якое прайшло сярод людзей, у якіх ужо дыягнаставаная ішэмічная хвароба сэрца.

Як сэканоміць на прадуктах без шкоды здароўю

Рэспандэнтаў спыталіся, ці прытрымліваюцца яны рэкамендацый урачоў, якія тычацца спынення курэння, рэгулярных фізічных нагрузак, зніжэння індэкса масы цела, кантролю артэрыяльнага ціску, змяншэння ўзроўню халестэрыну. Аказалася, што лепшыя вынікі былі зафіксаваныя там, дзе на «дапамогу» прыходзіць лекавы прэпарат (узровень артэрыяльнага ціску і халестэрыну), але не ў тых выпадках, дзе трэба прыкласці намаганне.

Пра шкоду свабоднага цукру

Шкода цукру

Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Вольга Салко адзначыла, што за 20 гадоў у нашай краіне колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу вырасла ў тры разы. Адной з прычынаў развіцця гэтага захворвання з'яўляецца залішняя маса цела альбо атлусценне.

Напрыклад, тое ж даследаванне STEPS паказала, што нармальны індэкс масы цела ў беларусаў адзначаны толькі ва ўзросце да 30 гадоў. Ва ўзроставых катэгорыях 30+ і мужчыны, і жанчыны ўжо маюць лішак масы цела альбо атлусценне, прычым тэндэнцыя да павелічэння індэкса масы цела найбольш выразна назіраецца ў жанчын.

Арганічныя прадукты: складнік здароўя ці мода для багатых?

Найбольш небяспечным у дачыненні да рызыкі развіцця многіх неінфекцыйных паталогій з'яўляецца вісцаральнае атлусценне, пры якім адбываецца залішняе ўтварэнне тлушчавай клятчаткі вакол унутраных органаў.

 
Вольга Салко
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння
Пры гэтым рэзка ўзмацняецца выдзяленне вызначаных рэчываў – адыпакінаў, якія павышаюць рызыку развіцця кардыяваскулярных захворванняў, цукровага дыябету 2-га тыпу і анкалагічных хваробаў. Яно вызначаецца па ахопе таліі: у мужчын – больш за 94 см, у жанчынаў – больш за 80 см. Калі вызначалі гэтыя антрапаметрычныя дадзеныя (даследаванне STEPS - заўв. аўтара), у 64% выпадкаў сярод жаночага насельніцтва ў сярэднім было адзначанае вісцаральнае атлусценне, у мужчын – у 42% выпадкаў.

Акрамя таго, у рэспандэнтаў быў даследаваны ўзровень глюкозы (да 6,1 ммоль/л – норма, ад 6,1 да 7 ммоль/л – парушаная глікемія нашча, вышэй за 7 ммоль/л – можа адпавядаць дыягназу «цукровы дыябет»). Пры аналізе дадзеных было выяўлена, што ўзровень глюкозы ў крыві паміж 6,1 і 7 ммоль/л маюць 4% рэспандэнтаў. Гэта тыя людзі, якія, калі нічога не рабіць, у будучым могуць папоўніць шэрагі пацыентаў з цукровым дыябетам, падкрэсліла эксперт.

Рацыён

 

Верагоднасць развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу шмат у чым залежыць ад харчовых паводзінаў чалавека. Якія ж прадукты найбольш агрэсіўныя ў гэтых адносінах? Самым шкодным прадуктам з'яўляецца перапрацаванае чырвонае мяса, на другім месцы ў гэтым спісе – салодкія напоі (утрымліваюць свабодны цукар і «забяспечваюць» нас лішнімі калорыямі, якія могуць спрыяць нездароваму дадатку вагі).

 
Вольга Салко
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння
СААЗ было выдадзенае кіраўніцтва па спажыванні цукру дзецьмі і дарослымі. Самая галоўная рэкамендацыя – скарачэнне спажывання свабоднага цукру на працягу жыцця да менш чым 10% ад агульнага спажывання энергіі з далейшым зніжэннем да ўзроўню, меншага за 5%. Прычым важна разумець, што маецца на ўвазе пад свабодным цукрам. Гэта монасахарыды і дысахарыды, якія мы дадаем у ежу, а таксама той цукар, які натуральным чынам утрымлівацца ў мёдзе, сіропах, фруктовых соках і іх канцэнтратах.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 70

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама