Штосьці апошнім часам прабіла на ўспаміны пра Парыж... А што яшчэ рабіць падчас пандэміі каранавіруса і адсутнасці магчымасцяў вандраваць па свеце? Толькі прыгадваць, як гэта было. А што тычыцца Парыжа, дык тут нагода за нагодай. Вось сёння – выдатная проста: свой Дзень народзінаў святкуе… Эйфелева вежа. Не юбілей, не! 132 гады спаўняецца «жалезнай лэдзі». І самы час успомніць, як я пабачыла яе на свае вочы. 🙂 Але напачатку – крыху гісторыі.
«300-метровая вежа» – так досыць сціпла назваў уласную канструкцыю Гюстаў Эйфель. Хаця дакладная яе вышыня – 324 метры. А будавалася яна, калі верыць звесткам у сеціве, 2 гады 2 месяцы і 5 дзён. І ўдзельнічалі ў гэтым (як сімвалічна!) 300 рабочых.
Самае цікавае, што вежа задумвалася, як канструкцыя… часовая. Яна павінна была стаць уваходнай аркай Сусветнай выставы 1889 года. А зрабілася сімвалам Парыжа. Назаўсёды.
… Яна нечакана паўстала перад намі. І дружнае «А-ах!» праляцела па аўтобусе. Тыя, хто сядзеў з другога боку, кінуліся на гэты – хутчэй фатаграфаваць. Як быццам мы вось так, на імгненне, пабачылі яе першы і апошні раз… 🙂
Але перш чым мы наблізіліся да вежы ўшчыльную, добра і доўга павандравалі вакол падчас аглядавай аўтобусна-пешаходнай экскурсіі. І штораз Эйфелева вежа адкрывалася з новага ракурсу. Здорава!
А затым нас чакала экскурсія непасрэдна на вежу. Пакуль экскурсавод хадзіла за білетамі для групы, мы стаялі пад Эйфелевай вежай. Практычна ўвесь час – з задранымі галовамі, разглядаючы яе карункі. Сказаць, што там было шмат людзей, – гэта не сказаць нічога! І ўсё ж прасторы хапала. А па адчуваннях… Такая свабода… Словамі не апішаш!
Наша чарга падышла даволі хутка. І ўнутры нас чакаў першы сюрпрыз. Шкляны ліфт! Даволі аб’ёмны. І калі ён паехаў уверх… Здаецца, вішчалі ўсе! 🙂 Сапраўды, падарожжа – дух захоплівае! І ад вышыні, і ад прыгажосці, і ад абсалютнай нерэальнасці таго, што адбываецца. Дайце за што-небудзь ухапіцца! За паветра трымацца няёмка! 🙂
І вось мы – на другім узроўні. На трэці ніхто з групы падняцца не адважыўся. 🙂 Нам прызначылі час, калі мы павінны былі спусціцца да падножжа вежы. А пакуль… Пакуль перад намі ляжаў увесь Парыж! Белы-белы, светлы, урачысты, загадкавы, узвышаны, рамантычны… І здаецца, што ён цалкам быў – наш. Толькі наш! 🙂
Стаіўшы дыханне, мы вандравалі па вежы, разглядаючы горад ва ўсіх накірунках. І фатаграфавалі, фатаграфавалі… Хто ведае, магчыма, я тут больш ніколі не буду. Таму трэба запамінаць неверагодныя адчуванні, каб пасля беражліва захоўваць і прыгадваць так часта, як гэтага захочацца. Ну што ж, атрымліваецца. Пятнаццаты год… 🙂
Зразумела, што знаходзіліся мы на вежы столькі, каб спусціцца да прызначанага часу ўпрытык. Але тут – сюрпрайз! Чарга да ліфтаў – у-у-у-у-у… А мы – турысты вельмі адказныя, наша выпадкова створаная, але дружная кампанія нідзе і ніколі не спазнялася…
– А давайце спусцімся па лесвіцы! – прапанавала адна новая знаёмая.
– А давайце, – падтрымалі астатнія.
Я падазрона скасавурылася ў бок зямлі… Зрабіла літаральна пару крокаў па высокіх прыступках. Села… І мяне ўжо дамкратам было не падняць! Не-не-не! З такой вышыні – пешшу?!
У выніку дзве дзяўчыны ўсё ж паспяхова спусціліся па лесвіцы, а мы з маёй напарніцай на крэйсерскай хуткасці ўрэзаліся дзесьці ў сярэдзіну натоўпу ля ліфтаў, праігнаравалі абурэнне кітайцаў, якіх літаральна адштурхнулі (але прабачэння папрасілі, па-беларуску)… Аднымі з першых заскочылі ў наступны ліфт. І…
У нас засталося нават крыху часу да прызначанага! 🙂 Каб зноўку пастаяць з задранымі галовамі і палюбавацца на вежу знізу. А пасля, адбегшыся крыху, зрабіць здымак, які я для сябе назвала так: «Дацягнуцца да Эйфелевай вежы, альбо Парыж у юбілейны год». Ён і зараз стаіць у мяне на стале. І хто сказаў, што мары не спраўджваюцца?!
Праўда, наконт вядомага «Пабачыць Парыж і памерці»… Магло б спраўдзіцца. Але вось лёс такі.
… Па прыгарадзе Парыжа ў пошуках нашага гатэлю мы блукалі доўга. Было даволі позна, усе стаміліся, нерваваліся, капрызілі… А калі нашыя вадзіцелі-палякі пачалі распытвацца дарогу ў мясцовых… Ой-ёй, што тут усчалося ў аўтобусе!
І толькі наступнай раніцай экскурсавод распавяла, чаму вадзіцелі былі, мякка кажучы, няўважлівымі. Аказваецца, літаральна за гадзіну ці пару гадзін да таго, як наш аўтобус праехаў па трасе, здарылася аварыя з турыстычным аўтобусам з Расіі. З фуры, якая ехала паперадзе яго, раптоўна вываліўся на дарогу груз. Аўтобус перакуліўся.
Адзін з вадзіцеляў (таксама паляк) і, здаецца, экскурсавод загінулі. Многія пасажыры атрымалі траўмы. Нам жа ў гэты дзень нічога не расказалі, каб не нерваваць. А ўяўляеце, што дома было з нашымі блізкімі, якія пачулі пра тую аварыю?! Пакуль мы ні азваліся… А ў 2006-ым – самі ведаеце, як было з інтэрнэтам. Ніяк… Падключалі дарагі смс-роўмінг…
Маладую пару мы на наступны дзень сустрэлі ў краме «Іў Рашэ» на Елісейскіх палях. Пачулі рускую гаворку, пабачылі крывавыя драпіны на твары і руках – і здагадаліся, што яны з таго аўтобуса… А маглі б там ехаць і мы…
Але не будзем пра сумнае! У Эйфелевай жа вежы – свята! І ў той жа дзень якую яе, шматаблічную, мы ўбачылі!
У нас была запланаваная экскурсія на карабліку (штосьці пасля першай замежнай вандроўкі, якая была ў Чэхію, мяне так і цягне называць яго плавідлам!). Пачынала ўжо цямнець…
На берагах Сены было шмат людзей. Хтосьці сядзеў, звесіўшы ногі над вадой, хтосьці граў на гітары… Шмат дзе танчылі… Гэта было так рамантычна і прыгожа!
І тут прама па курсе Эйфелева вежа ўспыхнула! Яна запаліла свае агеньчыкі і пачала свяціцца-пералівацца, бы навагодняя ёлка! Яшчэ ніколі ў жыцці я не бачыла такога грандыёзнага відовішча! Ваў-ваў-ваў! І ўсе з фотаапаратамі адразу ж кінуліся фатаграфавацца на яе фоне… 🙂 І фатаграфаваць «жалезную лэдзі» асобна. І пагэтуль яе фота ў агеньчыках – маё самае любімае!
З Днём народзінаў, дарагая наша Эйфелева вежа! Радуй усіх, «жалезная лэдзі», яшчэ доўга-доўга – сваёй веліччу, убранствам, таямнічнасцю, рамантычнасцю… І дзякуй за тое, што ты здарылася ў маім жыцці! Віват, Парыж! Віват, Эйфелева вежа! 🙂
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Як часта сталы ці нават стары ўжо чалавек, звярнуўшыся да ўрача са скаргай на дрэннае самаадчуванне, чуе ў адказ: «А што ж вы хацелі? Узрост…» А колькі людзей пры пошуку працы сутыкаецца з тым, што «40+» – гэта ўжо не зусім пажадана для новага работніка?! І нават родныя часцяком спісваюць розныя расстройствы, змены ў паводзінах, дзівацтвы больш сталых сваякоў менавіта на колькасць пражытых гадоў.
Але насамрэч узрост тут зусім не вінаваты. У гэтым перакананы беларуска-расійскі герантолаг Кірыл Прашчаеў. Пра новы падыход у геранталогіі і герыятрыі, а таксама пра вяртанне годнасці людзям ва ўзросце – гутарым.
Кірыл Прашчаеў – доктар медыцынскіх навук, прафесар. Скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут (1996), дактарантуру пры Санкт-Пецярбургскім інстытуце біярэгуляцыі і геранталогіі (2005). Першы ў гісторыі Рэспублікі Беларусь яе грамадзянін, які абараніў доктарскую дэсертацыю па спецыяльнасці «геранталогія і герыятрыя». Разам з прафесарам Андрэем Iльнiцкiм – сузаснавальнік навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (г.Масква, Расійская Федэрацыя), яго дырэктар. Першы намеснік старшыні праўлення РГА «Беларускае рэспубліканскае геранталагічнае грамадскае аб’яднанне». Распрацоўшчык тэорыі этнамедыцыны (на беларускім фальклорным матэрыяле), мае навуковыя працы па гісторыі медыцыны Беларусі.
Спадар Кірыл, як мне падаецца, тэрмін «геранталогія» ў нас пакуль не дужа на слыху…
— Між тым, геранталогія за апошнія 10-20 гадоў змянілася. І гэта ўжо не тыя ўяўленні пра старога чалавека, якія панавалі ў грамадстве яшчэ два дзесяцігоддзі таму. Але давайце пачнем па парадку.
Тэрмін «геранталогія» паходзіць з 2 слоў: «герас» па-грэчаску – стары чалавек, ці старэнне, а «логас» – навука. Такім чынам, геранталогія – гэта навука пра старасць. Яна вывучае розныя аспекты старэння чалавека ды іншых жывых істотаў.
У яе ўваходзяць некалькі галінаў. І адна з іх – герыятрыя. Гэта медыцынская спецыяльнасць, якая займаецца лячэннем людзей сталага і старэчага ўзросту. Але не кожнага старога чалавека, а з так званай кволасцю, альбо старэчай астэніяй.
І як жа праяўляецца такі стан?
— А давайце паглядзім на прыкладзе. Мабыць, у кожнага чытача ёсць сваяк ці сусед, як мы кажам, ва ўзросце. Возьмем жанчыну, 75 гадоў, у якой – атлусценне, цукровы дыябет, гіпертанія. Магчыма, яна нават перанесла інсульт. Але зараз вясна, хутка надыдзе сезон агародаў і лецішчаў. І яна пойдзе на свае градкі, будзе на іх заўзята шчыраваць. А ёсць і другая жанчына, у якой няма столькі хваробаў, але яна – кволая…
І градак у яе няма…
— Няма. А магчыма, і ёсць. Але калі ў мінулую вясну яна на іх працавала, дык у гэтую – не можа. Хаця хваробаў – кот наплакаў. Яна ходзіць-ходзіць па паліклініках, а ў яе нічога асабліва і не знаходзяць. Здаецца, першая жанчына павінна быць больш нямоглай, чым другая. Але гэта не так. Проста ў другой развілася такая з’ява, якая і называецца старэчай астэніяй. Па-ангельску такі стан называецца frailty. А ўпершыню яго апісалі ў 1970-ыя гады французскія герыятры.
Гэта сітуацыя, калі сталы чалавек паступова худнее за кошт страты перш за ўсё мышачнай масы, але не больш за 10% у год. У яго нарастае слабасць, пагаршаецца памяць, запавольваецца хада, зніжаецца фізічная актыўнасць… І любое захворванне можа прывесці да сур’ёзных ускладненняў.
Дык вось геранталогія, герыятрыя пачалі займацца гэтай старэчай астэніяй. Чаму яна развіваецца, што рабіць, каб яна не развівалася. Вось так мы і выйшлі ў герыятрыю фактычна як у новую спецыяльнасць.
Па шчырасці, я пра гэта практычна нічога не чула. Хаця цяпер разумею, каму мог быць выстаўлены такі дыягназ… І што атрымліваецца?! Калі герыятра не будзе ў першасным звяне медыцынскай дапамогі, чалавеку са старэчай астэніяй ніхто не дапаможа?!
— Ведаеце, нідзе ў свеце шмат герыятраў у сістэме аховы здароўя няма. Большая частка такіх спецыялістаў за мяжой працуе ў сістэме сацыяльнай абароны, і перш за ўсё – у дамах для сталых людзей. Бо менавіта там канцэнтруюцца людзі з гэтай старэчай астэніяй.
Ёсць 2 падыходы да арганізацыі герыятрычнай дапамогі. Тое, што мы агучылі, – гэта такая мара, каб у нас былі ўчастковыя герыятры, як участковыя педыятры. Каб яны бралі ўсіх людзей ва ўзросце «60+» і вялі іх. Дарэчы, у Рэспублiцы Саха (Якуцiя) такi праект часткова ажыццявiўся.
Але, думаю, усё ж зараз ніводная краіна ў свеце, нават самая заможная, не зможа забяспечыць такую колькасць герыятраў. І, можа, гэта і не трэба. Бо герыятрычны пацыент – гэта не толькі чалавек са старэчай астэніяй. У яго зазвычай маецца яшчэ вялікі букет хваробаў, напрыклад, тэрапеўтычных паталогій.
Таму другі падыход, які больш распаўсюджаны, – гэта калі тэрапеўт альбо ўрач агульнай практыкі вывучае таксама праблемы геранталогіі і герыятрыі. І тады яны будуць весці пацыента як з пункту гледжання сваёй спецыяльнасці, так і нашай. На маю думку, на постсавецкай прасторы гэта найбольш разумны падыход.
А ў Расіі больш герыятраў, чым у Беларусі?
— Магчыма, трохі больш. Але іх функцыя – не столькі лячыць пажылых і сталых людзей, колькі аказваць дапамогу паліклінічнай службе ў плане арганізацыі працы тэрапеўтаў ці ўрачоў агульнай практыкі, вучыць іх працаваць з гэтай катэгорыяй пацыентаў. Таму зараз надышоў такі час, калі паліклінічныя ўрачы павінны шмат вучыцца, вывучаць гэтыя праблемы геранталогіі.
Але, думаю, і сам чалавек павінен імкнуцца да таго, каб у любым узросце заставацца актыўным?! Вось вы сказалі, што ў людзей, якія на працягу свайго жыцця карыстаюцца дзвюма і больш мовамі, змяншаецца рызыка дэменцыі. Ці значыць гэта, што сталым людзям можна параіць вывучаць якую-небудзь мову, нават калі мазгі ўжо «не тыя»?
— Па-першае, мазгі – тыя! Пра «не тыя» – чарговы стэрэатып. Мозг чалавека ў любым узросце мае аднолькавыя здольнасці. І калі ў сталых мы назіраем зніжэнне кагнітыўнай функцыі, дык гэта паталогія, якую трэба выяўляць, лячыць, усяляк дапамагаць чалавеку.
У любым узросце чалавек мае здольнасці да вывучэння замежнай мовы, карыстання ёй у паўсядзённасці. У мяне ёсць калега з Чэхіі, якая валодае чэшскай, рускай, ангельскай, нямецкай, французскай мовамі. А ў яе ёсць пацыентка, якую яна вядзе шмат гадоў.
І калі тая дасягнула ўзросту ў 75 гадоў, урач пачала праводзіць з ёй трэнінгі. А калі пабачыла, што зніжаюцца кагнітыўныя функцыі, прапанавала ёй вывучаць нямецкую мову. І вось за год яна перавяла свой прыём з гэтай пацыенткай цалкам на нямецкую мову, якую тая здолела вывучыць з дапамогай дачкі.
Атрымліваецца, было б жаданне?!
— Канешне! А вывучэнне замежнай мовы – гэта не толькі запас новых слоў, а і новыя веды, новыя стасункі, новая інфармацыя.
А ці карысна разгадваць красворды ў сталым узросце?
— Ведаеце, калі мы паглядзім на гэта з пункту гледжання навукі, дык для прафілактыкі дэменцыі гэта не падыходзіць. Але падыходзіць для людзей, якія ўжо маюць пэўныя парушэнні.
Калі ж мы кажам аб прафілактыцы дэменцыі, дык гэта павінны быць досыць сур’ёзныя рэчы, і іх не так шмат. Калі мы кажам пра інтэлектуальныя практыкі, дык гэта білінгвальнасць і шматлінгвальнасць.
Што цікава, вывучэнне нотнай граматы, мовы праграмавання – гэта таксама ўнёсак у наша кагнітыўнае здароўе.
І асваенне камп’ютара сюды ж?
— Так. Асваенне новых тэхнічных сродкаў, дэвайсаў і г.д. – таксама карысныя рэчы для нашага мозгу. Яшчэ – працяг працоўнай дзейнасці.
Напрыклад, жанчына была настаўніцай матэматыкі, выйшла на пенсію, у школе няма месца… Але ў яе ёсць калі не свае, дык суседскія дзеці, унукі. І можна так гэтую жанчыну заняць…
Вы не ўжываеце ў гэтым прыкладзе слова «бабуля». Цi праўда, што чужому чалавеку нельга называць бабуляй кожную сталую жанчыну?
— Так! І вось чаму мы кажам аб працягу працоўнай дзейнасці… Чалавек жа – істота сацыяльная. І калі ён штосьці робіць, працуе, дык з’яўляецца Марыяй Іванаўнай, Пятром Васільевічам. А тая ж Марыя Іванаўна – бабуля толькі для сваіх унукаў. І нават няправільна з пункту гледжання геранталогіі, калі дачка мае маму і сына і пры сустрэчы кажа: «Добры дзень, бабуля!»
У дзясятку! Заўсёды была супраць гэтага…
— Больш за тое! Калі мы чалавека не называем па той сацыяльнай ролі, якую ён выконвае, гэта – дэперсаніфікацыя. І таксама вельмі дрэнна для кагнітыўнага здароўя.
Гэта мы паразмаўлялі пра інтэлектуальныя практыкі. Ёсць яшчэ практыкі неінтэлектуальныя. Гэта фізічная актыўнасць. Любы рух – ён на карысць нашаму мозгу.
А як вы асабіста ставіцеся да вядомага правіла 10 тысяч крокаў? Іх павінна быць для сталага чалавека 10 тысяч у дзень ці ўсё ж меней?
— Мы арыентуемся на рэкамендацыі СААЗ. Яны крыху іншыя нарматывы даюць. Усе віды фізічнай актыўнасці дзеляць на 3 групы.
Першая – гэта аэробныя нагрузкі, г.зн, нагрузкі рухам. У сярэднім тэмпе іх павінна быць не меней за 150 хвілін на тыдзень, а пажадана 300. Прычым ідзе ў залік толькі тая нагрузка, якая была працягласцю 10 хвілін і болей. А калі вы 5 хвілін беглі за маршруткай, заскочылі ў яе і паехалі – не лічыцца.
Я не бегаю за маршруткамі! Нават дзеля нагрузкі… Стаю і чакаю наступную.
— Тады – 300 хвілін іншай рухальнай нагрузкі ў тыдзень! Другая група – анаэробная (сілавая) нагрузка. Не меней за 2-3 разы на тыдзень, і працаваць 30 хвілін і болей. А трэцяя – практыкаванні на трэніроўку балансу.
Між іншым, зараз выйшлі новыя рэкамендацыі, трэба пазнаёміцца. Але і тое, што я пералічыў, – гэта толькі мінімум. А максімуму няма. Колькі чалавек можа рухацца, столькі і павінен.
А магчымасці руху ёсць нават у немабільнага чалавека. Напрыклад, калі ён ляжыць пасля інсульту, рукі-ногі ў яго не рухаюцца, дык асістэнт, які яго суправаджае, мусіць узяць рукі-ногі чалавека ў свае і 150 хвілін на тыдзень рабіць гэтыя рухі.
А калі чалавек кволы, са старэчай астэніяй?
— Ён павінен рухацца і займацца фізічнай актыўнасцю, колькі зможа, але не праз сілу. Галоўнае – не сядзець. Калі можа зрабіць хаця б крок, трэба рабіць.
Гэта што тычыцца фізічнай актыўнасці. Цяпер – пра матэматыку здароўя. Што гэта такое? Кожны сучасны чалавек павінен ведаць свае пэўныя характарыстыкі. Гэта ўзровень артэрыяльнага ціску, паказчык глюкозы, глікіраванага гемаглабіну ў крыві, паказчык халестэрыну і яго фракцый, індэкс масы цела ды іншае. Калі некаторыя паказчыкі не ў норме, ён павінен з дапамогай урача кантраляваць, мадыфікаваць іх.
Зразумела, што адказнасць урача ёсць. Але ўрач, напрыклад, абавязаны навучыць чалавека з гіпертаніяй вымяраць ціск і кантраляваць дозу лекаў.
Вы малюеце iдэальную мадэль…
— А чым больш людзей будзе ведаць, што такое ідэал, тым больш іх будзе цягнуцца да яго. Калі чалавек не мае гэтай інфармацыі, дык ён і не ведае, куды ісці, што прасіць, патрабаваць і г.д.
Матэматыку здароўя людзі павінны ведаць. Назапашванне ведаў у гэтай вобласці вельмі важнае. Да матэматыкі здароўя адносяцца таксама вакцынацыя, стаматалогія, кантраляванне ВІЧ-статусу…
Як вы бачыце, мы ўвесь час круцімся вакол узросту. Узрост – гэта біялагічная характарыстыка чалавека. А чалавек не можа дыскрымінаваць ні сябе, ні іншых людзей ні па якіх біялагічных характарыстыках, няхай гэта будзе ўзрост, гендар, сэксуальная арыентацыя… І толькі тады мы можам казаць, што ў геранталогіі штосьці зрабілі.
А чаму ўвогуле ўзнікае такая дыскрымінацыя?
— Вось глядзіце. Раней мы жылі ў вельмі такім бінарным грамадстве. У нас было ўсё так альбо не так: мужчына-жанчына, малады-стары, член КПСС-беспартыйны… І ў гэтых бінарных характарыстыках усё здавалася простым.
Але ніхто не заўважаў выключэнняў. Зараз мы нарэшце зразумелі, што чалавек як біялагічна-сацыяльная істота ўяўляе сабой… палітру. І нам трэба вучыцца жыць у гэтай палітры.
Бо ўзрост – таксама палітра. У нас ёсць узрост біялагічны, храналагічны ці пашпартны, сацыяльны….
Нагадайце, калі ласка, нашым чытачам, якая градацыя ўзросту зараз прынятая.
— Дарослыя людзі – ад 18 гадоў і болей, 18-44 – маладыя, 45-59 – сярэдні ўзрост, 60-74 – пажылыя (сталыя), 75-89 – старыя, 90 і болей – доўгажыхары.
Дык вось з пункту гледжання пашпартнага, храналагічнага ўзросту чалавек можа быць пажылым – 62 гады. З пункту гледжання функцыянавання біялагічных сістэмаў – 46 гадоў, гэта сярэдні ўзрост. Ён можа яшчэ паступіць у інстытут – 18 гадоў, малады. Ён можа стаць бацькам дзіцяці – таксама малады ўзрост. І гэта ўсё – палітра. Дык які ж узрост у гэтага чалавека?!
Складаем, дзелім і выводзім сярэдняе. Жартую! Хаця ў мяне атрымалася – 36-37 гадоў… Малады.
— І гэта мы ўзялі толькі адну характарыстыку – узрост. А ёсць жа і іншыя. Вось і атрымліваецца, што нельга сучаснага чалавека загнаць у пэўную канструкцыю. Мы ніколі не пралiчым усе магчымыя варыянты. Ёсць чалавек, асоба, яго годнасць. І я лічу, што задача геранталогіі – зрабіць так, каб у любым узросце чалавек адчуваў сябе годным, запатрабаваным і вёў годнае жыццё.
А што тычыцца прафілактыкі старэчай астэніі, дык важную ролю тут адыгрывае яшчэ і харчаванне. Ды не простае, а рэзіліенс-харчаванне. Але пра гэта – наступным разам. Сачыце за публікацыямі на нашым інфармацыйным партале!
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Відэа – Андрэй Васкрасенскі.
Як новая каранавірусная інфекцыя ўплывае на працу органаў стрававальнай сістэмы? Якія страўнікава-кішэчныя сімптомы характэрныя для COVID-19 і як доўга яны могуць захоўвацца пасля акрыяння? Ці можа каранавірус стаць зыходнай кропкай для дэбюту захворвання СКТ? Ці абавязкова COVID-19 прыводзіць да абвастрэння хранічных захворванняў кішэчніка?
Ці ўплывае наяўнасць страўнікавых сімптомаў на зыход віруснага захворвання? Ці ёсць розніца паміж страўнікава-кішэчнымі хваробамі, выкліканымі COVID-19, і гастраінтэстынальнай сімптаматыкай, якая з'явілася на фоне прыёму лекавых прэпаратаў? Спецыяльна для інфармацыйнага партала Здаровыя людзі дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н. Алена Адаменка адказала на найбольш частыя пытанні, звязаныя з COVID-19 і яго ўплывам на органы стрававання.
Перш за ўсё, варта нагадаць, што разам з рэспіраторным зараз агульнапрызнаны і фекальна-аральны шлях перадачы віруса SARS-CoV-2. Па дадзеных даследаванняў, пры інфікаванні вірус выяўляецца ў тканках органаў сістэмы стрававання: страўніка, печані, стрававода, тонкай і тоўстай кішкі. Пры гэтым РНК віруса можа захоўвацца на кале пацыента нават праз 40 дзён пасля акрыяння, якое пацвярджаецца лабараторнымі аналізамі.
Паводле апошніх дадзеных, кожны пяты пацыент, хворы на каранавірусную інфекцыю, акрамя класічных рэспіраторных праяў, адчувае непрыемныя сімптомы з боку страўнікава-кішэчнага тракту. Часцей за ўсё размова ідзе пра страту апетыту (скаргі на яе прад'яўляе кожны 3-і хворы). Таксама характэрнымі страўнікавымі сімптомамі могуць быць млоснасць, ваніты, боль у жываце. Найбольш часта ў літаратуры згадваецца дыярэя. Згодна з метааналізам, ад яе пакутуе 12% тых, хто захварэў на COVID-19 інфекцыю. У некаторых выпадках пры вірусным інфікаванні гастраінтэстынальныя праявы могуць з'явіцца нават раней за рэспіраторныя.
Тым не менш, страўнікава-кішэчныя сімптомы – не абавязковы кампанент клінічнай карціны COVID-19. Г.зн., іх можа і не быць зусім. Самымі частымі і характэрнымі сімптомамі заражэння з'яўляюцца ўсё ж такі слабасць і задышка.
Важна адзначыць, што наяўнасць гастраінтэстынальнай сімптаматыкі ніяк не ўплывае на зыход захворвання. Навуковыя дадзеныя паказваюць, што смяротнасць пацыентаў з COVID-19 са страўнікава-кішэчнымі праявамі не адрозніваецца ад агульнай смяротнасці ў папуляцыі.
Наогул, усе пацыенты з COVID-19 інфекцыяй і любой наяўнай сур'ёзнай хранічнай паталогіяй адносяцца да групы высокай рызыкі неспрыяльнага зыходу. І ёсць яшчэ адзін ключавы крытэрый – узрост. Чым старэйшы пацыент, чым больш сур'ёзнае захворванне, тым вышэйшая рызыка.
Італьянскі нацыянальны інстытут аховы здароўя паведаміў, што толькі ў 0,8% выпадкаў смерцяў ад COVID-19 пацыенты не мелі спадарожных захворванняў. У 50% выпадкаў – адно і больш хранічнае захворванне, у 48,5% выпадкаў у пацыентаў было 3 і больш раней дыягнаставаных захворванняў.
Па дадзеных італьянскіх і кітайскіх вучоных, артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет і атлусценне з'яўляюцца аднымі з найбольш дамінуючых спадарожных захворванняў нароўні з сардэчна-сасудзістымі. Натуральна, розныя імунадэфіцыты, злаякасныя новаўтварэнні, нырачная недастатковасць, захворванні печані – гэта ўсё таксама звязана з горшым прагнозам.
Не. Напрыклад, сярод нашых пацыентаў з хранічнымі запаленчымі захворваннямі кішэчніка, якія знаходзяцца на імунамадулюючай тэрапіі, многія пераносяць новую COVID-19 інфекцыю бессімптомна.
Калі казаць пра дыярэю як пра адзін з найбольш часта згаданых страўнікава-кішэчных сімптомаў COVID-19, дык тут, вядома, размежаваць складана. Бо новая каранавірусная інфекцыя можа працякаць з дыярэяй, але ёсць таксама і лекавыя сродкі, якія могуць правакаваць яе развіццё.
Калі ў пацыента дыягнаставаны COVID-19 і сярод іншых сімптомаў адзначаецца дыярэя, урачы першапачаткова расцэньваюць яе як інфекцыйную (выкліканую вірусам). Але калі на працягу 3-4 дзён на сімптаматычнай тэрапіі няма паляпшэння, а наадварот, ёсць некаторае пацяжэнне стану, узнікае пытанне пра магчымую бактэрыяльную прыроду дыярэі. Прызначаюцца дадатковыя даследаванні для пошуку прычыны. Пры бактэрыяльным складніку, натуральна, падыходы да лячэння дыярэі крыху змяняюцца.
Напрыклад, сёння ўсё часцей гавораць пра такое захворванне як псеўдамембранозны каліт, які нярэдка развіваецца пасля прыёму антыбіётыкаў і суправаджаецца дыярэяй. Адпаведна, неабходна выключыць антыбіётыкаасацыяваную дыярэю (псеўдамембранозны каліт – самая цяжкая яе праява). Пры цяжкім цячэнні псеўдамембранознага каліту якасць жыцця істотна пагаршаецца і патрабуе прызначэння спецыфічнай тэрапіі. Пры лёгкім цячэнні антыбіётыкаасацыяванай дыярэі арганізм можа справіцца і сам.
Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма, шмат што залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў. Спашлюся на клінічнае італьянскае даследаванне. Вучоныя ацэньвалі ўстойлівыя сімптомы ў 143 пацыентаў, якія былі выпісаныя з бальніцы пасля вылячэння ад COVID-19. Гэтыя сімптомы ацэньваліся праз 60 дзён пасля заканчэння COVID-19 інфекцыі. Аказалася, што на момант ацэнкі толькі ў 18 чалавек наогул не было ніякіх сімптомаў. Скаргі на 1-2 сімптомы былі ў 32%, а ў 55% было 3 і больш сімптомаў.
У 44% пацыентаў назіралася пагаршэнне якасці жыцця, найбольш часта яны скардзіліся на стамляльнасць (53%), задышку (43%), боль у суставах (27%) і боль у грудзях (21%). Страўнікава-кішэчныя праявы – дыярэя, страта апетыту, боль у жываце – адзначаліся ў невялікім працэнце выпадкаў.
У тканкі печані вірус можа пранікаць, але ў меншай колькасці, чым, напрыклад, ён выяўляецца ў холангіяцытах (гэта эпітэліяльныя клеткі, якія высцілаюць жоўцевыя пратокі). Таму ў пацыентаў на фоне COVID-19 інфекцыі можа назірацца павышэнне ўзроўню ферментаў печані, так званых ферментаў цытолізу. З-за пашкоджання жоўцепратокаў не выключанае развіццё халестазу, які характарызуецца зніжэннем альбо спыненнем вывядзення жоўці.
У некаторых выпадках пацыент можа «пажаўцець» – склеры вачэй, скурнае покрыва. Але гэта адбываецца пры масіўных пашкоджаннях печані, калі парушаецца выпрацоўка білірубіну.
Што тычыцца болевых адчуванняў, дык сама па сабе печань нервовых канчаткаў не мае, таму не баліць. Але калі печань востра пашкоджаная ці хутка павялічваецца ў аб'ёме, яна расцягвае фіброзную абалонку (капсулу), і тады пацыент можа адчуваць боль у правым падрабрынні. Падобным болем могуць суправаджацца таксама парушэнні ў сістэме вывядзення жоўці.
Калі на фоне COVID-19 у пацыента дыягнаставанае пашкоджанне печані, прызначаецца спецыфічная тэрапія паралельна з супрацьвіруснай.
Адзначу, што Еўрапейская асацыяцыя па вывучэнні хваробаў печані вызначыла пацыентаў з захворваннямі печані, у прыватнасці, з цырозам печані, і пацыентаў пасля перанесенай трансплантацыі печані як групу высокай рызыкі неспрыяльнага зыходу пры інфікаванні COVID-19.
Трэба. Варта пазбягаць таго, што пашкоджвае печань: у першую чаргу, алкаголю. Прычым усё роўна, наколькі напой моцны: калі там ёсць этылавы спірт, печань будзе пад ударам. Таксама трэба быць асцярожнымі з прыёмам гепататаксічных лекаў: у прыватнасці, тых жа нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў. Іх прыём можа быць апраўданы толькі ў тым выпадку, калі карысць ад іх прымянення будзе вышэйшай за рызыку пашкоджання органа. І вырашаць гэта павінен, зразумела, урач.
Што тычыцца людзей, якія пераносяць інфекцыю бессімптомна.
У іх няма відавочных клінічных праяў, значыць, мы можам выказаць здагадку, што пашкоджанне органаў нязначнае і арганізм адновіцца сам.
Любая інфекцыя, не толькі COVID-19, можа стаць пускавым механізмам для развіцця пэўнага хранічнага захворвання. Нават банальнае пераахаладжэнне.
Да нас зараз часта прыходзяць пацыенты, якія перанеслі COVID-19. І мы ў іх дыягнастуем гастраэзафагіяльную рэфлюксную хваробу альбо якое іншае пашкоджанне страўнікава-кішэчнага тракту, якія да гэтага не былі дыягнаставаныя. Але ўзнікае пытанне: яны не былі дыягнаставаныя, бо чалавек не звяртаўся? Ці гэта справакаваў COVID-19? Вось на гэтыя пытанні складана адказаць пэўна. СКТ – такі орган, які і ва ўмоўна здаровага чалавека перыядычна дае пра сябе ведаць. Напрыклад, адзінкі людзей ні разу ў жыцці не адчувалі пякотку. Але ці шмат тых, хто пасля таго, як адчуў пякотку, звяртаецца да ўрача для абследавання? Як правіла, да яго ідуць толькі тады, калі гэтыя сімптомы пачынаюць замінаць у паўсядзённым жыцці.
Не, па тых жа самых законах. Усё залежыць ад ступені цяжару інфекцыі. Калі чалавек з'яўляецца носьбітам віруса і няма клінічных праяў COVID-19 інфекцыі, значыць, лечыцца асноўнае захворванне (цэліякія, хвароба Крона і г.д.).
Але калі адзначаюцца клінічныя праявы каранавіруснай інфекцыі, дык стан ацэньваецца ў сукупнасці сімптомаў. Калі пераважаюць праявы COVID-19, больш намаганняў прыкладаецца для таго, каб падавіць вірус. Калі пераважаюць праявы хранічнай хваробы, дык асноўныя намаганні накіраваныя на купіраванне хранічнай хваробы. Г.зн., усё залежыць ад ступені цяжару хваробаў і іх праяў.
Артэрыяльная гіпертэнзія – адна з самых частых прычынаў высокай захваральнасці і смяротнасці ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў ва ўсім свеце. Разам з тым, калі трымаць свой артэрыяльны ціск «у рамках», своечасова звяртацца да ўрачоў і выконваць усе іх рэкамендацыі, можна значна знізіць рызыку цяжкіх ускладненняў. Ігнараванне праблемы цягне за сабой развіццё сардэчнай і нырачнай недастатковасці, інфарктаў і інсультаў.
Артэрыяльная гіпертэнзія ў самым пачатку захворвання можа не даваць пра сябе ведаць, і павышаныя значэнні ціску нярэдка – выпадковая знаходка. Сярод частых сімптомаў хваробы – галаўны боль, галавакружэнні, агульная слабасць, хуткая стамляльнасць, раздражняльнасць, бяссонніца. Пры павышаным артэрыяльным ціску сэрца адчувае перагрузку, яму робіцца цяжэй запампоўваць кроў у сасуды.
Чаму развіваецца артэрыяльная гіпертэнзія? Як вызначыць, што ціск «зашкальвае»? Што трэба рабіць, каб трымаць яго пад кантролем? Чытайце ў нашым дайджэсце карысных артыкулаў інфармацыйнага партала Здаровыя людзі.
Асноўным крытэрыем захворвання з'яўляюцца высокія значэнні ціску (як правіла, вышэй за 140/90 мм ртутнага слупка), якія былі зафіксаваныя неаднаразова. Прыкладна 90% усіх выпадкаў хваробы прыпадае на эсэнцыяльную артэрыяльную гіпертэнзію. Гэта самастойнае захворванне, а прырода ўзнікнення да гэтага часу выклікае шмат пытанняў у спецыялістаў.
Існуе таксама сімптаматычная артэрыяльная гіпертэнзія, якая з'яўляецца ўскладненнем ужо наяўных паталогій – хваробаў эндакрыннай сістэмы (цукровы дыябет і іншыя), нырак, сэрца і сасудаў.
Што ж можа стаць прычынай павышэння значэнняў артэрыяльнага ціску? Справакаваць развіццё артэрыяльнай гіпертэнзіі могуць атэрасклероз, курэнне і злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія, залішняя маса цела і атлусценне, стрэсы, трывога, дэпрэсіі і нават залішняе ўжыванне солі.
Падрабязна аб першых прыкметах хваробы і што трэба рабіць, каб яе папярэдзіць, чытайце ў нашым матэрыяле. Даведацца, што неабходна зрабіць, каб нармалізаваць значэнні артэрыяльнага ціску, можна тут.
На любую стрэсавую сітуацыю, станоўчую альбо адмоўную, наш арганізм рэагуе павышэннем артэрыяльнага ціску, пачашчэннем пульса, звужэннем крывяносных сасудаў. У здаровага чалавека, калі стрэсавая сітуацыя сыходзіць, ціск, пульс і сасуды прыходзяць у норму. Разам з тым, калі сасуды пашкоджаныя атэрасклерозам, а паказанні на танометры далёкія ад мэтавых значэнняў, артэрыяльны ціск не кантралюецца, падобныя перапады могуць скончыцца гіпертанічным крызам альбо сасудзістай катастрофай.
Чым эмацыянальней чалавек, калі ён любую жыццёвую сітуацыю цяжка перажывае і прымае блізка да сэрца, тым больш ён схільны да артэрыяльнай гіпертэнзіі. Бо яго нервовая сістэма ўвесь час знаходзіцца ў напружанні, ён увесь час трывожыцца і хвалюецца. Калі гэты стан усё доўжыцца, дык могуць з'явіцца так званыя псіхасаматычныя захворванні, калі стан нервовай сістэмы прыводзіць да развіцця структурнай паталогіі (захворванняў). Артэрыяльная гіпертэнзія – яскравы таму прыклад.
Вымярэнне артэрыяльнага ціску патрабуе дакладнасці. Дастаткова дапусціць тры памылкі – і хібнасць у значэннях можа скласці да 30 мм ртутнага слупка!
Падчас вымярэння артэрыяльнага ціску ў памяшканні не павінна быць старонніх і раздражняльных гукаў. Сядзець трэба прама, абапёршыся на спінку крэсла. Поза не павiнна дастаўляць дыскамфорт. Руку варта сагнуць у локці на 90 градусаў і размясціць яе на якой-небудзь паверхні, ногі нельга крыжаваць. Перад тым, як пачаць вымяраць ціск, трэба расслабіцца і супакоіцца. Нельга размаўляць і рухацца.
Аб усіх нюансах вымярэння ціску можна даведацца з нашага інтэрв'ю з кардыёлагам.
Рэзка падскочыў артэрыяльны ціск? Моцна баліць галава і з'явілася галавакружэнне, пачуццё трывогі і неспакою? Магчыма, гэта гіпертанічны крыз. Ён бывае ўскладнены і няўскладнены, прычым у першым выпадку чалавек з-за высокай рызыкі інфаркту міякарда і парушэння мазгавога кровазвароту мае патрэбу ў неадкладным выкліку хуткай медыцынскай дапамогі і шпіталізацыі.
Што трэба рабіць у падобнай сітуацыі? Як правільна аказаць дапамогу? Чытаем у гэтым матэрыяле.
Трэба прызнаць, што пытанне булінгу (траўлi, сістэмнага цкавання) ў беларускіх школах зараз не вырашаецца на сістэмным узроўні і часцяком наогул не пазначаецца як праблема.
Калі ў бацькоў няма магчымасці паўплываць на сам працэс булінга, на першы план выходзіць пытанне, як спраўляцца з яго наступствамі і не дапусціць паўтарэння. Паспрабуем разабрацца.
Шмат гадоў я працую як псіхолаг-кансультант у сферы альтэрнатыўнай адукацыі. Да мяне даволі часта звяртаюцца бацькі, якія вымушана шукаюць альтэрнатыву школе менавіта з-за булінгу.
Са свайго досведу працы хачу адзначыць прынцыповыя моманты, важныя для працы з наступствамі цкавання:
1. Усе бацькі, якія звяртаюцца да мяне па дапамогу, валодаюць вялікай усвядомленасцю, зацікаўленыя ў дабрабыце сваіх дзяцей, не страцілі іх прыхільнасці, карыстаюцца аўтарытэтам. Тым не менш, нават дзеці з гэтых сем'яў сутыкаюцца з булінгам.
Такім чынам, адносна добрая сямейная сітуацыя не застрахоўвае ад яго ўзнікнення. І наадварот, калі дзіця цкуюць у школе, гэта не сведчыць напрамую пра нядобранадзейнасць сямейнай сітуацыі.
2. Калі на ўзроўні школы (альбо альтэрнатыўнай бацькоўскай ініцыятывы) праблема не прызнаецца, цкаванне раней ці пазней распаўсюджваецца і на бацькоў.
Як правіла, да мяне на кансультацыю з запытам сыходу са школьнай сістэмы бацькі прыходзяць ужо ў сітуацыі, калі ад булінгу церпіць уся сям'я.
Як гэта адбываецца?
Настаўнік/адміністрацыя школы не жадае прызнаць і/альбо не можа справіцца з сітуацыяй булінгу, скаргі/просьбы/патрабаванні з боку бацькоў не спыняюцца, і самі бацькі робяцца праблемай для школы. У выніку ўсё зводзіцца да абвінавачання бацькоў у тым, што іх дзіця не такое/ая, яны не так выхавалі/наладзілі, не кампетэнтныя як бацькі. Фактычна, гэта класічная сітуацыя віктымблеймінгу, калі ў праблемах абвінавачваюць саміх пацярпелых, а ў дадзеным выпадку – яшчэ і іх бацькоў.
3. Цкаванне можа ўзнікнуць у любым дзіцячым калектыве, у тым ліку нешматлікім, альтэрнатыўным, створаным з самымі гуманнымі ўяўленнямі пра адукацыю і выхаванне – у гуртку, прыватнай школе, сямейным класе, дзіцячым лагеры і г.д. Дарагая прыватная школа з маленькім класам – не гарантыя адсутнасці цкавання, часам, наадварот, яе статутныя і дэклараваныя каштоўнасці не дазваляюць адразу назваць рэчы сваімі імёнамі і пазначыць праблему.
Я заўсёды на баку бацькоў, якія звярнуліся да мяне па дапамогу.
І, натуральна, на баку іх дзіцяці. Сярод маіх кліентаў няма дарослых, якія відавочна становяцца на бок «крыўдзіцеляў» і адміністрацыі школы, аднак ва ўсіх бацькоў упэўненасць у сваёй праваце бывае непазбежна падарваная, яны асцерагаюцца сустрэць такое ж стаўленне, якое і прывяло іх на кансультацыю.
Часам дастаткова мінімальнай інфармацыі і проста адносінаў, якія ўпэўнена падтрымліваюць, каб бацькі зноў адчулі сваю кампетэнтнасць і акрэслілі крокі па самастойнаму вырашэнню праблемы.
Той жа прынцып можна перанесці на стаўленне бацькоў да свайго дзіцяці ў сітуацыі цкавання – адназначна, без сумненняў быць на баку дзіцяці. Нават калі вашае дзіця і ёсць «булі»-крыўдзіцель. Так, гэта складаней, чым падтрымліваць таго, каго буляць, але іншага шляху няма. Толькі з падтрымкі і супрацоўніцтва бацькоў з дзіцем можна вырашыць сітуацыю цкавання.
Я вяртаю бацькоў да іх мэтаў.
Гэта карпатлівая праца. Бацькі, аддаючы дзіця ў школу, сямейны клас, гурток, заўсёды маюць пэўную мэту: якасную адукацыю, прыемнае баўленне часу, засваенне ўменняў, стасункі ў прыязным калектыве і г.д.
У сітуацыі цкавання ў бацькоў збіваецца прыцэл – першапачатковая мэта выпадае з поля зроку, яе замяняюць мэты барацьбы і выжывання – пазбегнуць, даказаць, адбіцца, змагацца, абвергнуць, пацярпець, адпомсціць... Калі дапамагчы бацькам знізіць эмацыянальны напал ад працэсу барацьбы, часта робіцца відавочным, што мэта, дзеля якой дзіця ўсё яшчэ ходзіць у праблемны калектыў, не дасягаецца альбо першапачаткова была там не дасягальная.
Так, напрыклад, у бацькоў магла быць мэта, каб дзіця вучылася ў невялікім класе ва ўтульнай прыязнай абстаноўцы. Акадэмічныя поспехі не былі прыярытэтам сям'і, і менавіта за гэта бацькі былі гатовыя плаціць грошы. А ў выніку сям'я атрымлівае спаборніцкае, канкурэнтнае асяроддзе, гонку за акадэмічнай паспяховасцю, пры гэтым дзіця буляць за марудлівасць, някемлівасць, нежаданне канкурыраваць. Бацькі пераключаюць увагу на вырашэнне праблемаў, якія спарадзіла асяроддзе, і выпускаюць з-пад увагі тое, дзеля чаго змясцілі туды сваё дзіця. Вельмі важна вярнуцца на пазіцыю «заказчыка», які выбірае асяроддзе і паслугі пад патрэбы дзіцяці і сям'і.
Бацькі гэтак жа могуць дапамагчы дзіцяці вярнуцца ў пазіцыю таго, хто выбірае, папытаўшыся: «Калі ты вырашыў/а хадзіць сюды, што ты хацеў/а атрымаць? Гэтыя выкладчыкі/вучні дапамагаюць табе ў гэтым зараз? У гэтым месцы ты можаш дасягнуць сваёй мэты?»
Мая мэта – вяртанне годнасці бацькам і дзіцяці.
Роля «ахвяры» непазбежна адымае шмат сіл, энергіі, прыніжае, пазбаўляе рэсурсаў, адвагі, «змінае» вобраз сябе, уяўленне пра сябе – пазбаўляе адчування ўласнай годнасці. Я давяраю кампетэнтнасці бацькоў, абгрунтаванасці іх прэтэнзій да траўмуючага асяроддзя, дапамагаю вярнуцца ў пазіцыю тых, хто выбірае падыходзячае для свайго дзіцяці, і тым самым дапамагаю вярнуць страчаную годнасць. З гэтай пазіцыі і самаадчування ўсе рашэнні і дзеянні маюць прынцыпова іншае значэнне.
Напрыклад, перавод дзіцяці ў іншую школу ўжо не будзе ўспрымацца як уцёкі, капітуляцыя, правал, а будзе тым, чым з'яўляецца, – зменай благога месца навучання/выкладчыка/калектыву на падыходзячае, якое адказвае запытам і мэтам сям'і і дзіцяці. Гэта асабліва важна для мужчын, бацькоў, якія лёгка эмацыянальна ўключаюцца ў сітуацыю цкавання і часта вельмі балюча перажываюць немагчымасць абараніць сваё дзіця, аднавіць справядлівасць ці хаця б у пэўнай форме адпомсціць крыўдзіцелям.
Я настройваю бацькоў на мэтанакіраваны пошук падтрымкі ў сваім асяроддзі і хаця б часовае выключэнне з яго тых людзей, якія не падтрымліваюць.
Сям'я, якая спазнала цкаванне, знаходзіцца ва ўразлівым стане, галоўная яе задача – спыніць цкаванне і аднавіцца. Не даказваць камусьці сваю правату, «нармалёвасць», «невінаватасць», а займацца канкрэтна пытаннямі ўласнага аднаўлення, прасіць і атрымліваць падтрымку блізкіх, сяброў, знаёмых, спецыялістаў, якія дапамагаюць. Прычым дапамога і падтрымка патрэбныя не толькі дзіцяці, але і бацькам.
Як жа пазбегнуць цкавання, своечасова заўважыць, спыніць, не дапусціць паўтарэння ў новым калектыве? У мяне тры асноўныя парады бацькам.
Ужо каторы год назіраю, як усё меней рознагалоссяў паміж людзьмі рознага веравызнання. У апусцелай амаль што вёсцы Малінаўка Чэрвеньскага раёна колісь дзве суседкі – каталічка і праваслаўная – разам адзначалі ўсе рэлігійныя святы. Што ўжо казаць пра сем’і, дзе таксама паядналіся прадстаўнікі розных канфесій. І можна ж проста парадавацца сёння за шчырых вернікаў, якія альбо ўрачыста ідуць у касцёлы з прыгожымі букетамі вярбы, альбо, улічваючы пагрозу пандэміі новага каранавіруса, збіраюцца разам ля экрана тэлевізара ці ноўтбука. Бо сёння – адно з самых значных святаў у жыцці кожнага каталіка: Пальмовая нядзеля (Вербная).
Па-ранейшаму не бяруся разважаць пра пытанні веры. Яна сапраўды ў кожнага свая. Проста думкі ўслых і ўласныя ўражанні.
Ужо не раз заўважала тут, як мне падабаюцца касцёлы. Калі была магчымасць вандраваць па Беларусі і за яе межамі, пабачыла іх шмат. І ўсе такія розныя…
Памятаю, як мы, маладыя і бестурботныя, невялічкай кампаніяй завіталі да нашай сяброўкі-каляжанкі ў Дзяржынск, куды яна пэўны час таму пераехала на пастаяннае месца жыхарства. А падчас прагулкі па горадзе завіталі і ў касцёл. Здаецца, я і зараз, праз гады, адчуваю яго магію…
У Фарны касцёл у Нясвіжы стараюся зайсці хаця б на хвілінку падчас кожнага прыезду ў гэты чароўны горад, беларускі Парыж. Вось толькі падчас апошняга не атрымалася – з-за рамонту… Але і зараз заплюшчу вочы – і бачу той велічны будынак…
Што ўжо казаць пра сямейную вандроўку ў Гервяты ўвосень 2019 года, дзе, як я напісала тады, касцёл «высокім шпілем – у самае сэрца»! Калі хтосьці яшчэ не быў там, вельмі раю! Прыгожая, дагледжаная ва ўсе поры года тэрыторыя. Арган, змайстраваны ў свой час менавіта для гэтага касцёла. На жаль, падчас прыезду ён маўчаў. Так што будзе яшчэ адна нагода завітаць у Гервяты, каб яго ўсё ж паслухаць. І такія розныя адчуванні, якія нараджаюцца ўнутры цябе, калі ты знаходзішся ў касцёле…
Нам варта было ўжо спяшацца, каб накіравацца ў адваротны шлях, вельмі няблізкі. А я, ахутаная магіяй, усё ніяк не магла сябе прымусіць узняцца з лавы…
І хаця Троіцкі касцёл у Гервятах называюць беларускім Нотр-Дамам, усё ж маё сэрца назаўсёды аддадзена іншаму храму. І гэта, наўздзіў, не самы сапраўдны парыжскі Нотр-Дам… Хаця і ўразіў ён мяне вельмі моцна. Настолькі, што пасля звестак пра пажар, які там здарыўся, я нават плакала… А вынікам стаўся роздум «Слёзы… па Нотр-Дам-дэ-Пары».
Але яшчэ мацней уразіла базіліка Сакрэ-Кёр у Парыжы. Вось куды я ў думках вяртаюся зноў і зноў. І вельмі хачу яшчэ раз там пабываць, каб праверыць свае ўражанні. Сапраўды я там адчула… штосьці… Альбо мне проста падалося? 14 гадоў прамінула з таго часу. А здаецца, што я там была зусім нядаўна.
Ці выпусціць нас калі са сваіх хцівых лапаў новы каранавірус? І ці зможам мы без рызыкі для здароўя зноўку з захапленнем вандраваць па замежжы? Вельмі спадзяюся, што зможам… Вера ў штосьці ці кагосьці – вось што сапраўды падтрымлівае.
Памятаю, як мне хацелася пабываць на каталіцкае Раство ў краіне, дзе яго шырока святкуюць. Хацелася ў Польшчу, у Літву… Атрымалася ж – ва Украіну, у Львоў.
А цяпер я разумею, што хачу калі-небудзь прыйсці ў каталіцкі касцёл у Пальмовую нядзелю. У касцёл з доўгай і прыгожай гісторыяй. І абавязкова з арганам. Паглядзець на святочна апранутых людзей з упрыгожанай вярбою ў руках. Паслухаць урачыстую прамову ксяндза па-беларуску з польскім акцэнтам… Ну вельмі прыгожа!
Спачатку прыйсці туды простым назіральнікам, каб адчуць магію касцёла і свята, асаблівую еднасць людзей, таго настрою, які словамі не выказаць. І хто ведае, магчыма, калі-небудзь я застануся там усвядомлена. Бо па пэўных звестках Адамовічы сапраўды былі каталіцкага веравызнання. Хаця не выключана, што гэта будзе іншы храм…
А пакуль… Прыгожага свята ўсім, хто сустракае яго сёння! Боскай ласкі, дабрыні, пяшчоты ў сэрцы. І чыстага неба, і цёплага сонейка. Магчымасці быць разам з блізкімі людзьмі. А галоўнае – душэўнага спакою.
Пры няшчасных выпадках часцяком самым важным з'яўляецца правільна аказаць першую даўрачэбную дапамогу. Памылкі пры яе аказанні могуць прывесці да цяжкіх ускладненняў, працяглага і не заўсёды эфектыўнага аднаўлення пасля выздараўлення. У некаторых выпадках няправільныя дзеянні могуць стацца фатальнымі і каштаваць пацярпеламу жыцця.
Што катэгарычна нельга рабіць, аказваючы першую дапамогу да прыезду ўрачэбнай брыгады? Мы падрыхтавалі кароткі лікбез.
Адметнымі асаблівасцямі вывіху з'яўляюцца:
Гэта неабходна ведаць, каб не зблытаць вывіх з пераломам і правільна аказаць першую дапамогу.
Самая распаўсюджаная памылка пры аказанні даўрачэбнай дапамогі пры вывіху – спрабаваць яго ўправіць. Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга! Як нельга правяраць свае падазрэнні на вывіх на сімптом шчаўчка (менавіта такі гук чутны пры спробе рухаць пашкоджаны сустаў). Пералічаныя дзеянні могуць толькі пагоршыць стан пацярпелага, паколькі павялічваюць рызыку траўмавання сустава і навакольных мяккіх тканак, звязак і сухажылляў.
Пры вывіху важна зафіксаваць траўмаваную канечнасць у зручным для пацярпелага становішчы, да вобласці сустава прыкласці холад. Падрабязна аб правілах першай дапамогі пры вывіху – тут.
Рэзкі болевы сіндром, крэпітацыя, дэфармацыя ў пашкоджанай вобласці, ацёк, гематома і выяўленае абмежаванне руху альбо, наадварот, ненатуральная, празмерная рухомасць месца пашкоджання вылучаюць пераломы з іншых відаў траўмаў.
Калі ў вас ёсць падазрэнні на пералом у пацярпелага (адкрыты пералом бачны па абломках косці, якія тырчаць з ірванай раны), аказваючы першую дапамогу, катэгарычна ўстрымайцеся ад таго, каб паставіць косць на месца. Гэтая памылка, акрамя таго, што прынясе пацярпеламу дзікі боль і пагоршыць пашкоджанні, можа прывесці пасля да вялікіх ускладненняў: абцяжарыць гаенне і зрастанне косці, ажно да развіцця астэаміеліту (гнойна-некратычнага працэсу ў косці) з-за высокай рызыкі інфікавання адкрытай раны.
Правільна будзе абезрухоміць пашкоджаную вобласць, наклаўшы на месца пералому нетугую павязку. Прыкласці холад.
У выпадку, калі ёсць падазрэнне на пералом пазваночніка (пацярпелы скардзіцца на тое, што не можа паварушыць нагамі альбо рукамі), катэгарычна нельга спрабаваць пасадзіць, падняць, паставіць на ногі чалавека, перасоўваць яго з месца на месца. Любое дзеянне ў гэтым выпадку можа прывесці да зрушэння абломкаў пазваночніка, траўмаваць спінны мозг і выклікаць незваротныя наступствы, ажно да глыбокай інваліднасці і нават гібелі пацярпелага.
Правілы аказання першай дапамогі ў гэтым выпадку заключаюцца ў тым, каб забяспечыць чалавеку поўны спакой і дачакацца прыезду брыгады хуткай дапамогі. Поўны алгарытм правілаў аказання першай дапамогі пры пераломах – тут і тут.
Перад тым, як заляпіць пластырам альбо забінтаваць рану, неабходна яе прадэзінфікаваць, абеззаразіць. Гэта можна зрабіць любым антысептыкам, які ёсць пад рукой: ёдам, зялёнкай, хлоргексідынам, перакісам вадароду, спіртам, адэкалонам і г.д. Калі антысептычных сродкаў пад рукой няма, падыдзе чыстая вада. Аднак важна апрацаваць рану правільна і не дапусціць памылкі.
Прамываць рану ні вадой, ні дэзінфікуючым сродкам самастойна нельга! Але менавіта гэта даволі распаўсюджаная памылка пры аказанні першай дапамогі.
Варта акуратна прамыць краі раны кавалачкам ваты альбо бінта, змочаным у антысептыку. Затым забінтаваць, папярэдне абклаўшы краі чыстай тканінай, калі рана шырокая.
Што яшчэ нельга рабіць, дык гэта даставаць абломкі іншародных прадметаў, калі яны ёсць у ране. Такія памылковыя дзеянні могуць прывесці да яшчэ большай траўматызацыі тканак, інфікавання раны, справакаваць вялікі крывацёк.
Дарэчы, перш чым апрацоўваць рану, варта пераканацца, што крывацёку няма. Інакш, у першую чаргу, давдзецца спыніць яго, а потым ужо апрацоўваць саму рану.
Памылкова пры насавым крывацёку закідваць галаву назад: так кроў не спыняецца, яна проста цячэ па насаглотцы ў стрававод і страўнік. Аказваючы першую дапамогу, неабходна, наадварот, ледзь нахіліць галаву пацярпелага ўніз і затампанаваць насавыя хады бінтам, марляй альбо кавалачкамі чыстай баваўнянай тканіны (падыдзе і насоўка).
Запомніце!
Жгут абавязкова накладваецца на верхнюю траціну пляча (калі пашкоджаная рука) альбо верхнюю траціну сцягна (калі пашкоджаная нага).
Пры аказанні першай дапамогі пры артэрыяльным крывацёку памылкай будзе накладваць жгут на перадплечча альбо на галёнку, бо ў гэтым выпадку пераціскаюцца толькі вены і рана будзе працягваць сыходзіць крывёй.
Нельга накладваць жгут на голае цела, каб не зашчаміць скуру. Пры крывацёку з шыі і тулава жгут таксама не выкарыстоўваюць, а накладваюць павязку, якая сціскае.
Яшчэ адзін важны нюанс, які трэба памятаць, каб не дапусціць памылкі пры накладанні жгута. Правіла «чым мацней, тым лепей» тут працуе з прама супрацьлеглым эфектам.
Жгут нельга зацягваць занадта туга, гэта можа прывесці да сціскання нервовых канчаткаў з непажаданымі наступствамі, ажно да змярцвення тканак.
Калі вы ўсё зрабілі правільна, крывацёк з раны спыніцца, пульс будзе адсутнічаць, канечнасць ніжэй за жгут збялее. Тут крыху падрабязней аб прыпыненні крывацёку.
Калі вы хочаце правільна аказаць першую дапамогу пры тэрмічным апёку, не дапускайце наступных памылак:
Больш правільна накласці на абпаленую паверхню цела стэрыльную павязку і чакаць прыезду ўрачоў. Калі вобласць пашкоджання невялікая, рану лепей астудзіць пад струменем халоднай вады на працягу хаця б 10 хвілін – гэта знізіць тэмпературу ў вобласці апёку, спыніць унутраныя пашкоджанні, акажа некаторы эфект абязбольвання.
Катэгарычна нельга праколваць пухіры. Тым самым вы ўласнаручна забяспечваеце інфікаванне раны, доўгае гаенне ў наступным з гарантаванымі шнарамі і рубцамі.
Аб правілах першай дапамогі пры хімічных апёках можна прачытаць у гэтым матэрыяле.
Пры хімічным апёку слізістай вачэй (які можа ўзнікнуць, напрыклад, з прычыны ўздзеяння слезацечнага газу) церці вочы рукамі і няправільна, і палягчэння не прынясе. Самай аптымальнай першай дапамогай будзе тут жа добра прамыць вочы пад чыстай праточнай вадой.
Такая траўма, атрыманая з-за ўдару ў вобласць галавы ці пры падзенні, на жаль, не рэдкасць.
Пры закрытай ЧМТ чалавек можа адчуваць галавакружэнне, млоснасць, парушэнне выразнасці ўспрымання адлюстравання. Ваніты, страта прытомнасці і страта памяці сведчаць пра больш цяжкую ступень ЧМТ.
Аказанне першай дапамогі пры ЧМТ зводзіцца да двух базавых правілаў: забеспячэнне поўнага спакою пацярпеламу і зварот па медыцынскую дапамогу. Апошняе – прынцыпова важна. Нават калі здаецца, што траўма неістотная, каварнасць ЧМТ заключаецца ў тым, што наступствы яе могуць быць адтэрмінаванымі і выявіцца на наступны дзень ці нават пазней.
Пры відавочных ранах у вобласці галавы трэба спыніць крывацёк (калі ёсць) і накласці стэрыльную павязку. У астатнім дзейнічаць гэтак жа, як апісана вышэй.
Галоўная памылка пры любых траўмах галавы – свядома не звяртацца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
Падрабязна пра сімптомы і наступствы ЧМТ – у наступным матэрыяле. Беражыце сябе і блізкіх!
https://bel.24health.by/drymotnasc-svetly-pramezhak-i-koma-da-chago-pryvodzic-cherapna-mazgavaya-trauma/
Выпадаюць валасы, што рабіць? Мяркуючы па частаце запытаў у Google, гэтае пытанне хвалюе сотні тысяч людзей: жанчын, мужчын і нават дзяцей. Як зразумець: валасы выпадаюць ад стрэсу і гэта хутка пройдзе, альбо мае месца сур'ёзная праблема, якую трэба вырашаць у кабінеце ўрача? Як мінімізаваць страты? І якія метады аднаўлення валасоў лічацца самымі эфектыўнымі? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да дэрматавенеролага 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі, трыхолага, касметолага Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Наталлі Паўловіч.
Выяўленае выпадзенне валасоў складана не заўважыць. Яны застаюцца паўсюль – у ванным пакоі пасля мыцця, на расчосцы, падлозе і вопратцы... У норме ў суткі можа выпадаць да 150 валасоў. Але наўрад ці хтосьці будзе лічыць кожны валасок. На гэты выпадак ёсць просты тэст для самастойнай дыягностыкі, які можна зрабіць прама зараз. Аддзяліце пасму валасоў з верхняй часткі галавы, зацісніце яе паміж пальцамі і пацягніце ад сябе з невялікім нацяжэннем. Калі пасля гэтага ў руцэ застаецца больш за 5 валасінак – праблема сур'ёзная і патрабуе кансультацыі ў спецыяліста. Інтэнсіўная страта валасоў называецца алапецыяй.
У цыкле росту волас праходзіць праз тры стадыі. Першая – анаген – час актыўнага росту. 80% валасоў знаходзяцца ў гэтай фазе. Доўжыцца яна ад 2 да 5 гадоў.
Другая (пераходная) – катаген. Валасяны фалікул паступова замірае. Фаза доўжыцца каля 3 тыдняў.
На трэцяй, заключнай стадыі (тэлаген) волас выпадае разам з цыбулінай. На яго месцы пачынае фарміравацца новы. Працягласць гэтага перыяду складае ад 2 да 3 месяцаў.
Валасы не хварэюць асобна, самі па сабе. Гэта заўсёды адлюстраванне працэсаў, якія адбываюцца ў арганізме чалавека. Гарманальны збой, моцны стрэс, хвароба ўнутраных органаў, дэфіцыт вітамінаў і мікраэлементаў, дыеты, прыём лекавых сродкаў – прычынаў мноства. Уплывае і спадчыннасць. Калі ў бацькі ў 30 гадоў утварылася залысіна, сын павінен быць гатовым да таго, што і ў яго гэта здарыцца прыблізна ў такім жа ўзросце. Добрыя навіны ў тым, што алапецыя ў большасці выпадкаў – зварачальны працэс, гэта значыць, страту валасоў можна спыніць.
Алапецыю класіфікуюць на рубцовую ці нерубцовую. Волас расце толькі тады, калі ў яго ёсць здаровы валасяны фалікул. У рэдкіх выпадках вусці фалікула зацягваюцца рубцовай тканкай, утвараючы «мёртвую зону», на якой больш нічога не расце. Прычынамі такой з'явы могуць стаць аўтаімунныя хваробы (да прыкладу, чырвоная ваўчанка), траўмы, інфекцыі ды інш. Рубцовыя змены незваротныя.
Нерубцовую алапецыю адрозніваюць па фазах росту валасоў:
Часцей за ўсё з праблемай выпадзення валасоў прыходзяць жанчыны. Але валасаспад можа пачацца як у дарослым, так і ў дзіцячым узросце. Як правіла, у дзяцей і падлеткаў яго прычынай з'яўляюцца гельмінты.
Праблемамі валасоў займаецца трыхолаг. У Беларусі трыхалогія пакуль не выдзеленая ў асобную прафесію, ёй не вучаць у медыцынскіх інстытутах. Таму і спецыялістаў не так шмат. Трыхолаг – гэта заўсёды ўрач, як правіла, дэрматолаг, які атрымаў дадатковую адукацыю па трыхалогіі.
Выпадзенне валасоў – комплексная праблема, таму на хуткае яе вырашэнне разлічваць не варта. Звычайна да бачных паляпшэнняў праходзіць час ад паўгода і больш. Так што з трыхолагам пацыент бачыцца не аднойчы.
На першасным прыёме адбываецца збор анамнэзу – доктар даведваецца, на што хварэў пацыент, ці перажываў ён стрэс, ці прымае лекавыя прэпараты, якая спадчыннасць. Пры неабходнасці прызначаюцца аналізы. Для вызначэння прычынаў валасаспада можа спатрэбіцца комплекс абследаванняў: агульны і біяхімічны аналізы крыві, узровень вітаміну Д, сыроватачнага жалеза, ферытыну, сэкс-злучальнага глабуліну (бялок плазмы крыві, які ўдзельнічае ў злучэнні і транспарце палавых гармонаў), гармону шчытападобнай залозы, палавых гармонаў.
У нашым клімаце недахоп вітаміну Д сустракаецца практычна ў кожнага. У некаторых выпадках для спынення выпадзення валасоў досыць адкарэктаваць узровень вітаміну Д у арганізме. Тое ж і са шчытападобнай залозай. У пацыента можа быць невыразная паталогія, якая, тым не менш, робіцца прычынай выпадзення. Пасля ліквідацыі праблемы са шчытападобнай залозай аўтаматычна спыняецца і валасаспад.
Трыхолаг можа накіраваць пацыента да іншых урачоў: эндакрынолага (на праверку шчытападобнай залозы і гарманальнага статусу), гінеколага (з нагоды палавых гармонаў), неўрапатолага (ацаніць стан сасудаў).
Для дэталёвага даследавання стану скуры галавы і валасоў урач выкарыстоўвае спецыяльнае абсталяванне – трыхаскоп. Па сутнасці, мікраскоп з тысячаразовым павелічэннем. З яго дапамогай можна ўбачыць усё, што нябачна няўзброеным позіркам: шчыльнасць валасоў і ступень іх знясілення, надломы, праблемныя ўчасткі, тып і ступень тлустасці скуры, перхаць, суадносіны колькасці валасоў у розных стадыях і нават стан сасудаў скуры галавы.
Мы ўсе нараджаемся з пэўнай генетычна запраграмаванай колькасцю фалікулаў. Але не ўсе з іх актыўныя. У працэсе трыхаскапіі ўрач выяўляе колькасць «працоўных» фалікулаў, здольных вырабляць валасы, і «спячых» у рэзерве, якія можна абудзіць пры неабходнасці.
У некаторых выпадках трыхолаг праводзіць біяпсію валасістай часткі галавы. Спецыяльным цыркулярным нажом (панчам) выразае слупок тканкі скуры дыяметрам ад 1 да 4 мм, які змяшчае ўсе яе слаі, ажно да падскурнай тлушчавай клятчаткі. Далей фрагмент адпраўляецца на патагісталагічнае даследаванне, у выніку чаго ўстанаўліваецца выгляд алапецыі, што дазваляе вызначыць тактыку лячэння. Пры наяўнасці паталогіі валасяных фалікулаў біяпсія можа паказаць на магчымыя прычыны.
Спосабы лячэння будуць адрознівацца ў залежнасці ад віду алапецыі і стадыі росту валасоў.
Асноўная задача – захаваць «працоўныя» фалікулы, падсілкаваць іх. Калі гэтага не рабіць, дык пры кожным новым цыкле з фалікула будуць з'яўляцца ўсё больш слабыя валасы, і аднойчы фалікул проста спыніць выпрацоўку новых валасоў.
Падсілкоўваць можна вітамінамі ў лячэбных дозах курсамі ў два-тры месяцы (самалячэнне тут недапушчальнае!). Імгненнага выніку пры гэтым не будзе, бо волас, які не атрымаў дастатковага сілкавання, ужо «запраграмаваны» на слабасць. Але затое на наступным пакаленні (дзесьці праз 100 дзён) вынік будзе прыкметным.
Выкарыстоўваюцца таксама ін'екцыйныя працэдуры – плазма-, меза-, карбоксі- і азонатэрапія. Гэтыя метады паказваюць высокую эфектыўнасць, але могуць быць злёгку балючымі.
Пры мезатэрапіі ў скуру галавы ўводзіцца вітамінавы кактэйль, гэта сілкуе валасы знутры. Карбоксітэрапія з вуглякіслым газам утварае новыя сасуды і паляпшае біяхімічныя працэсы.
Азонатэрапія насычае клеткі кіслародам, актывізуе працэсы мікрацыркуляцыі ў праблемных зонах, для якіх характэрны недахоп кіслароду.
Плазматэрапія, мабыць, найбольш цікавы і эфектыўны метад. Прабірка з крывёю пацыента цэнтрыфугуецца, што дазваляе падзяліць яе на асноўныя кампаненты – клеткі крыві, перш за ўсё эрытрацыты, і плазму. Пасля чаго ў шпрыц адбіраецца плазма і ўводзіцца ў скуру галавы. Трамбацыты, якія ўтрымліваюцца ў плазме, дапамагаюць абудзіць «спячыя» фалікулы.
Плазматэрапія, як і астатнія ін'екцыйныя спосабы лячэння, магчымая толькі ў стадыі росту валасоў. Падчас актыўнага валасаспаду яна толькі ўзмоцніць іх выпадзенне. Тое ж самае з масажам галавы. Яго лепей рабіць на фазе анагену, а на стадыі тэлагену спыніцца на падтрымліваючай тэрапіі – да прыкладу, на прыёме вітамінных комплексаў.
Тут важныя тры моманты: увільгатненне, ачышчэнне, расчэсванне.
Колькасць выпітай вады наўпрост не ўплывае на якасць валасоў. Тым не менш, і скуру галавы, і валасы лепей трымаць у добра увільготненым стане. Тады яны самі сябе будуць абараняць ад агрэсіўных уздзеянняў навакольнага асяроддзя. Для гэтага трэба выпіваць дастатковую колькасць вады – у сярэднім не меней за 20 мл на кг масы цела.
Пры выпадзенні валасоў часта бывае перхаць (тлустая себарэя). Ад яе трэба пазбаўляцца, паколькі себарэя ўяўляе сабой перашкоду для росту валасоў.
Калі выхад з фалікула забіты лускавінкамі, злепленымі скурным салам, воласу будзе цяжка прабіцца, і расці ён будзе больш павольна. Таму звычайна трыхолагі раяць пацыентам сродкі ад тлустай себарэі, да прыкладу, пілінгі, якія як след чысцяць скуру і даюць ёй дыхаць.
Шампунь пры выпадзенні валасоў рэкамендуецца купляць не ў мас-маркеце, а ў аптэцы. У аптэчных доглядавых сродках утрымліваецца менш павярхоўна-актыўных рэчываў, якія траўмуюць валасы. Выкарыстоўваюцца пры алапецыі і лячэбныя шампуні. Іх прызначае ўрач, прымяняць трэба не пастаянна, а курсамі.
Некаторыя пацыенты ў гэты перыяд баяцца нават расчэсвацца. Гэта дарэмна. Валасы, якія ўвайшлі ў стадыю тэлагену, усё адно выпадуць. Але калі іх не вычэсваць, дык атрымліваюцца каўтуны, якія затым цягнуць за сабой не толькі тыя валасы, якія выпалі, але і зусім здаровыя. Атрымліваюцца двайныя страты. Таму расчэсвацца трэба абавязкова.
Ацэньваць дынаміку ў аднаўленні валасоў можна не раней чым праз паўгода-год. Гэта вялікі тэрмін, і не ўсе пацыенты вытрымліваюць, многія, на жаль, сыходзяць з дыстанцыі.
Важна разумець, што ў некаторых выпадках барацьба з алапецыяй доўжыцца ўсё жыццё. Пры рэзкім спыненні тэрапіі валасы пачынаюць імкліва выпадаць, і гэта можа прывесці пацыента да псіхалагічнай траўмы і нават дэпрэсіі. Задача трыхолага – быць трохі псіхолагам і падтрымаць чалавека ў барацьбе. Каб, з аднаго боку, ён не запусціў праблему, а з другога – не сышоў у чорныя думкі і працягнуў жыць паўнавартасным жыццём.
Хто здымае абаронча-ахоўныя маскі, а хто іх і ўвогуле не надзяваў… І якімі б ні былі матывы ў кожнага, але факт застаецца фактам: людзей у масках вакол мяне значна паменела. І гэта дужа здзіўляе. Мы па афіцыйнай статыстыцы наблізіліся ўжо да нуля?! Ды не, на вялікі жаль… Усё тыя ж «1000+» і радзей – «1000-», калі праведзена меней тэстаў. І каранавірус не спіць, не адступае. Камфортна яму, бачыце, сярод людзей без масак… Дык што ж адбываецца?!
А тэма па-ранейшаму на слыху. Абмяркоўваецца ў крамах і маршрутках, на працы і дома, на старонках парталаў і ў блогах. А відэа па тэме множацца проста ў геаметрычнай прагрэсіі!
Год таму, калі ўсё толькі пачыналася, мне шмат разоў дасылалі такое. Стаяць людзі на прыпынку. І раптам адна дзяўчына з доўгімі валасамі чхае, сагнуўшыся ледзьве не да зямлі. Не доўга думаючы, мужчына дастае пісталет і… страляе ў яе. Астатнія падскокваюць і пачынаюць пырскаць антысептыкамі – вакол, на сябе, а тады хапаюцца за тэлефоны…
А зараз каторы дзень дасылаюць у мэсэнджар пастановачнае відэа з акцёрамі. Справа адбываецца ў метро. Малады чалавек ідзе без маскі. За ім яшчэ людзі. І раптам ахоўнік накідваецца на хлопца з дубінкай і са словамі «Маска дзе?!» пачынае яго лупцаваць. Здымаюць некалькі сюжэтаў у розных месцах метро, з рознымі людзьмі за спіной акцёра. І гэта толькі трэба бачыць іх рэакцыю!
Амаль ва ўсіх, за рэдкім выключэннем, маскі адразу ж знаходзяцца і таропка нацягваюцца! А адзін хлопец, які спускаўся разам з усімі на эскалатары, раптам паворчваецца і спрабуе… ісці па ім уверх! Але, у рэшце рэшт, пад пільным позіркам ахоўніка таксама нацягвае маску і ідзе туды, куды яму трэба.
І смешна, і сумна… І адлюстроўвае нашу сучаснасць.
Днямі прачытала разважанні знаёмага, дзе ён кажа пра адсутнасць адказнасці людзей адно перад адным. І гэта праўда! А я зноўку прыгадала, што распавядала ў сваім блогу наша беларуска, якая жыве ў Японіі. Маўляў, калі там сказалі надзець маскі, у японцаў нават думкі не ўзнікла аслухацца.
А ў нас? Што, масачны рэжым адмянілі ўжо?! Ды наадварот. Шмат дзе гучыць, што маскі нам насіць, па ўсім відаць, да пачатку 2022 года. Калі пашанцуе. Я пакуль што не ўяўляю, як буду спраўляцца з дыханнем у масцы ўлетку. Але неяк буду. І ў грамадскіх месцах, у транспарце не здыму яе не толькі таму, што чалавек законапаслухмяны. А і таму, што на працягу гэтага года ўпэўнілася: яна сапраўды дапамагае…
У сэнсе, маска, надзетая правільна, не пад носам і не на падбароддзі. Так, шоу пад назвай «маска ёсць – маскі няма» таксама працягваецца. На жаль.
… Перад самым маім выхадам з маршруткі паразмаўлялі з вадзіцелем і на гэтую тэму. Ён сказаў, што яго напарнік перахварэў зусім нядаўна. А ўвогуле, перахварэлі ўсе вадзіцелі. Хто – лёгка, хто – цяжка, але – усе. І, маўляў, нічога добрага ў гэтым няма…
Вядома ж, што тут добрага? Асабліва, калі пасля даюць пра сябе ведаць розныя ўскладненні…
Але перад гэтым вадзіцель сказаў фразу: маўляў, каму лёсам наканавана памерці ў маладым ці іншым узросце, дык так і будзе, нічога не змяніць. Ну што ж…. Я дакладна гэтак жа лічыла, толькі… да нядаўняга часу. Да каранавіруса. А цяпер ужо зусім не ўпэўненая ў такім поглядзе на лёс і наша жыццё…
Дзівяць мяне і ў родным горадзе. То з прадаўшчыц знікнуць маскі, то з дзвярэй крамы – аб’явы пра неабходнасць іх насіць. Але тыя, хто адчувае адказнасць і за сябе, і за сваю сям’ю, і за навакольных, пад’язджаючы ці падыходзячы да крамы без аб’явы, усё роўна маскі надзяваюць. І такім – падзяка, рэспект і ўважуха!
А ў маршрутках па-ранейшаму ў масках – адзінкі… А ў метро многія без масак спакойна слухаюць на кожнай станцыі аб’явы пра тыя самыя маскі. А можа, і не слухаюць, а прапускаюць міма вушэй. Нават я, задумаўшыся, толькі праз пару прыпынкаў спахапілася: а гэта аб’явы няма ці я проста яе не чую? Не, аб’ява на месцы. 🙂
Так, хочацца, каб нішто дыханню не замінала. І памаду нармалёвую на вусны таксама хочацца. І каб кандэнсат ад маскі не размазваў туш… І… шмат чаго яшчэ – хочацца. Але… Масачны рэжым пакуль ніхто не адмяняў. Пацерпім?!
Фільмы-катастрофы, у якіх падзеі па сцэнары развіваюцца так, што прыводзяць планету да апакаліпсісу, нішто ў параўнанні з рэальнасцю. Звычайны пластык, які выкарыстоўваецца паўсюдна і паўсюль, – «біялагічная зброя», якая распаўсюджваецца з ашаламляльнай хуткасцю і нясе велізарную разбуральную сілу. Толькі ўдумайцеся: палова палімерных вырабаў, якія ёсць сёння ў выкарыстанні, зробленыя ўсяго за апошнія 15 гадоў. Каля 40% з іх выкідаюцца пасля аднаразовага выкарыстання. Паводле ацэнак спецыялістаў, калі не паменшыць тэмпы вытворчасці і выкарыстання пластыку, да 2050 года ў сусветным акіяне яго будзе больш, чым рыбы.
Сёння ўжо не засталося сумневаў, што забруджванне навакольнага асяроддзя пластыкам – глабальная праблема, якая патрабуе неадкладнага вырашэння і ўдзелу абсалютна ўсіх.
Якія меры прымае Беларусь, каб спыніць пластыкавую катастрофу, і што можа зрабіць для гэтага кожны з нас, – у меркаваннях экспертаў: кансультанта ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяны Голуб, старшыні Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганны Сушы, начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіла Жыгалы.
Каб прыцягнуць увагу да праблемы як мага большай колькасці людзей, сёлета Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў, які штогод адзначаецца 15 сакавіка, праводзіўся пад дэвізам: «Вырашыць праблему пластыкавага забруджвання планеты».
– На кожнага жыхара Беларусі прыпадае каля 400 кг адходаў у год, але на перапрацоўку трапляе толькі каля чвэрці. Таму забруджванне навакольнага асяроддзя – гэта часткова вынік нашай з вамі жыццядзейнасці як спажыўцоў, – лічыць Таццяна Голуб. – Калі паглядзець, што сярэднестатыстычная сям'я выкідвае ў вядро для смецця, дык можна ўбачыць велізарную колькасць упакоўкі. Часцей за ўсё гэта аднаразовая ўпакоўка, якая складана перапрацоўвацца, тонкія пластыкавыя пакеты, розныя тыпы харчовай плёнкі. Усё гэта немагчыма па-сапраўднаму добра адсартаваць і перапрацаваць.
На ўзроўні дзяржавы ўжо дзейнічае шэраг арганізацыйных дакументаў, якія рэгламентуюць абарот і вытворчасць палімернай прадукцыі. Пластыкавая прадукцыя, дзе гэта магчыма, замяняецца на вырабы з экалагічна бяспечных матэрыялаў: усё больш вырабляецца папяровых пакетаў, папяровага аднаразовага посуду, напояў у шкляных бутэльках. У кропках грамадскага харчавання забаронена рэалізоўваць аднаразовы пластыкавы посуд.
Выключэнне складае аднаразовы посуд з экалагічна бяспечных матэрыялаў, які пакрыты ламінаваннем. Па словах Міхаіла Жыгалы, з пункту гледжання функцыянальных уласцівасцяў такім вырабам на сёння няма альтэрнатываў, вырабленых цалкам з экалагічна бяспечных матэрыялаў. Такі посуд павінен вытрымліваць тэмпературную нагрузку (калі размова ідзе пра супы, гарбату, каву і іншую гарачую прадукцыю з грамадскага харчавання), у поўнай меры забяспечваць тлушча- і вільгацеўстойлівасць. На жаль, тара з цалкам бяспечных экалагічных матэрыялаў пакуль не спраўляецца з гэтай задачай, у адрозненне ад ламінаванага посуду.
Зараз у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вядуцца работы па вызначэнні найбольш перспектыўных, эканамічна і экалагічна абгрунтаваных вытворчасцяў біяраскладальнай упакоўкі. Дзяржстандарт вядзе распрацоўку шэрагу стандартаў у галіне ўстанаўлення патрабаванняў да экалагічна бяспечнай упакоўкі і метадаў яе выпрабаванняў. Як толькі бяспечная альтэрнатыва ламінаванаму посуду з'явіцца на айчынным рынку па прымальнаму, што нямалаважна, кошту, каб не ствараць дадатковую фінансавую нагрузку на спажыўца, пералік забароненай да выкарыстання ў кропках грамадскага харчавання пластыкавай тары будзе перагледжаны, запэўніў Міхаіл Жыгала.
Акрамя таго, абмеркаванне пытання аб увядзенні абмежаванняў на вытворчасць і спажыванне аднаразовага пластыку прадугледжанае ў рамках рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 г.
Аднак, толькі прыняцце мераў на дзяржаўным узроўні не вырашыць праблему пластыкавага забруджвання. Важную ролю ў пераадоленні глабальнага экалагічнага крызісу адыгрывае аб'яднанне намаганняў урада, вытворцаў, рытэйлу і, вядома, спажыўцоў, лічыць Таццяна Голуб.
– Няма і быць не можа ніякіх прамых указанняў, што спажыўцу купляць, а што не, – кажа эксперт. – Але свой асабісты ўдзел можна праявіць, калі па магчымасці выбіраць тавары не аднаразовага, а шматразовага выкарыстання, прыдатныя для другаснай перапрацоўкі, максімальна знізіць колькасць упакоўкі альбо аддаць перавагу экалагічна бяспечнай і г.д.
Меры, што прымаюцца для забароны выкарыстання пластыкавага посуду, – пазітыўныя. Яны дадуць магчымасць знізіць колькасць адходаў ад пластыку. Па гэтым шляху ідуць многія перадавыя краіны, у прыватнасці, у Еўрасаюзе была распрацаваная «пластыкавая стратэгія», якая абмяжоўвае выкарыстанне посуду, аднаразовай упакоўкі і іншых тавараў, вырабленых з палімерных матэрыялаў.
Але забаронныя меры – не выйсце, лічыць Ганна Суша. Важна мяняць падыход, стымулюючы спажыўца адмовіцца ад прадметаў аднаразовага выкарыстання на карысць шматразовага. У гэтым сэнсе паказальным можа быць вопыт заходніх краінаў, дзе ў харчовых крамах устаноўлены апараты па прыёме пластыкавай і шкляной тары. Сума ад здачы такой упакоўкі залічваецца ў чэк і выкарыстоўваецца пры куплі тавараў.
Сюды ж можна аднесці і заахвочванне людзей за карыстанне сваёй тарай і ўпакоўкай пры куплі тавараў. Некалькі гадоў таму Міністэрства аховы здароўя і санэпіднагляд Беларусі выступілі катэгарычна супраць выкарыстання сваёй тары (г.зн. продажу прадуктаў у тару спажыўца). Пакуль пазіцыя застаецца такой жа. Але калі скончыцца пандэмія новай каранавіруснай інфекцыі, да абмеркавання гэтага пытання можна вярнуцца, лічыць эксперт.
– У Беларусі функцыянуе шэраг грамадскіх аб'яднанняў экалагічнай накіраванасці, уключаючы і Беларускае таварыства абароны спажыўцоў (БТАС), якія на працягу доўгага часу прасоўваюць ідэю і робяць практычныя крокі па папулярызацыі рацыянальнага спажывання, – распавядае Ганна Суша. – Гэтаму адпавядае і ідэя, якую зараз рэалізуе БТАС: вырабляць і купляць адказна.
Няўхільнае захаванне прынцыпу сямі Р – цалкам эфектыўная мера, здольная спыніць пластыкавую катастрофу.
Але ці гатовы вытворца і прадавец паставіць у патрэбнай колькасці такія экалагічныя посуд і тару, задаецца пытаннем Ганна Суша. З вопыту: адна з кавярняў закупіла партыю драўляных відэльцаў і лыжак па 300 штук. Яны «сышлі» за пару дзён. Пытанне пра вытворчасць, нарошчванне аб'ёмаў, прымальнага кошту для прадаўца і спажыўца такіх экалагічна бяспечных вырабаў пакуль застаецца адкрытым.
Але сёе-тое можна ўкараняць, так бы мовіць, у прыватным парадку, не чакаючы адмашкі «зверху». Напрыклад, шырокае выкарыстанне тэкстыльных торбаў для пакупак. Так званыя шоперы сёння з'яўляюцца модным аксэсуарам для моладзі. Але папулярызацыя іх мэтавага выкарыстання ўжо сёння можа зрабіцца адной з істотных мераў па супрацьдзеянні пластыкавай катастрофе.
Штогод у свеце выяўляецца 10 мільёнаў новых выпадкаў туберкулёзу. Штогод хвароба забірае жыцці паўтара мільёна чалавек. Усяго ж, паводле ацэнак спецыялістаў, агульная смяротнасць ад туберкулёзу за ўвесь час існавання захворвання (а гэта больш за 70 тысяч гадоў) на планеце склала больш за 1 мільярд чалавек, распавёў журналістам у Мінску спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі доктар Масуд Дара.
Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:
– Паводле нашых ацэнак, сёння туберкулёзам інфікавана амаль чвэрць насельніцтва свету. Разам з тым, гэта зусім не значыць, што ўсе гэтыя людзі захварэюць і пяройдуць у актыўную стадыю туберкулёзу. Калі ў чалавека добры імунітэт, належныя ўмовы жыцця, адсутнічаюць стрэс-фактары і іншыя фактары рызыкі, дык хвароба ў актыўную стадыю не пераходзіць.
Дарэчы, у свеце да гэтага часу існуе толькі адна вакцына супраць туберкулёзу – БЦЖ, якой сёлета споўніцца 100 гадоў. Аднак яна эфектыўная супраць туберкулёзу ў дзяцей, але не працуе ў дарослых. І гэта збольшага з'яўляецца адной з прычынаў, па якой не атрымліваецца выкараніць туберкулёз, падкрэсліў Масуд Дара.
Паводле яго слоў, у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ адзначаецца памяншэнне колькасці новых выпадкаў туберкулёзу. Ступень зніжэння захворвання складае прыкладна 5% у год, смяротнасці – 9%.
Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:
– Калі я пачаў працу ў Рэгіянальным бюро СААЗ па тэме туберкулёзу, штогод у нашым рэгіёне рэгістравалася каля паўмільёна выпадкаў. Сёлета – 240 тысяч. Пры гэтым у Еўропе захоўваюцца і праблемы, у прыватнасці, лекавай устойлівасці туберкулёзу, паколькі менавіта ў гэтым рэгіёне рэгіструецца найбольшая колькасць выпадкаў з множнай і лекавай устойлівасцю. Гэта тыя формы туберкулёзу, якія вельмі складана лячыць. Сярод новых выпадкаў захворвання з лекавай формай устойлівасці фіксуецца каля 40%, сярод рэцыдываў захворвання – 60%.
Як адзначыў галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч, у Беларусі адзначанае ўстойлівае зніжэнне як колькасці выпадкаў туберкулёзу, так і смяротнасці.
Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:
– Смяротнасць ад туберкулёзу ў краіне за 5 гадоў знізілася на 73,9% (з 4,6 да 1,2 на 100 тысяч насельніцтва), захворванне – на 59, 2% (з 39,9 да 16,3 на 100 тысяч жыхароў). Доля паспяховага лячэння туберкулёзу павялічылася на 36,2%. Усе гэтыя паказчыкі сведчаць, як шмат намаганняў выдаткавана на барацьбу з туберкулёзам.
Летась сярод дзяцей зафіксавана 11 выпадкаў туберкулёзу (у 2019-м – 23). Зменшылася колькасць пацыентаў з мультырэзістэнтнай формай. У 2020 годзе выяўлена 665 чалавек (на 190 меней, чым у 2019-м). Усяго на ўліку ў супрацьтуберкулёзных арганізацыях знаходзіцца 2 тысяч 78 чалавек. А яшчэ 10 гадоў таму іх было больш за 12 тысяч, падкрэсліў Генадзь Гурэвіч.
З 2015 года ў рэспубліцы выкарыстоўваецца шэраг новых супрацьтуберкулёзных лекавых сродкаў. Але калі пяць гадоў таму яны прымяняліся ў 12% хворых, дык у 2020 годзе 97% наноў выяўленых пацыентаў пачалі лячэнне з выкарыстаннем гэтых прэпаратаў. Эфектыўнасць лячэння пры множнай і шырокай лекавай устойлівасці складае 78%, у дзяцей – 100% (пралячылі 41 дзіця).
З 2016 года выкарыстоўваецца так званае лячэнне з відэакантролем. За гэты перыяд былі пралечаныя 1 694 пацыенты. Прычым калі ў першы год іх было 102, дык у 2020 – ужо 600 чалавек. Асабліва такі спосаб кантролю лячэння пацыентаў паказаў сваю эфектыўнасць ва ўмовах пандэміі COVID-19, падкрэсліў дырэктар РНПЦ.
Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:
– Эфектыўнасць лячэння з відэакантролем складае 94%. Гэта нашмат вышэй, чым сярод тых пацыентаў, якім трэба было штодня прыходзіць у супрацьтуберкулёзную арганізацыю і прымаць пад кантролем супрацьтуберкулёзныя прэпараты.
З 2018 года стартавалі навуковыя даследаванні па ацэнцы эфектыўнасці і бяспекі мадыфікаваных скарочаных і безін'екцыйных рэжымаў лячэння туберкулёзу з лекавай устойлівасцю. Іх прымяненне дазваляе ў два разы скараціць тэрміны лячэння (да 9-11 месяцаў пры звычайных тэрмінах у 20-24 месяцы). Усяго летась з выкарыстаннем гэтых схемаў тэрапіі былі пралечаныя 332 пацыенты (эфектыўнасць склала 89,4%).
З 2019 года ў рамках другой-трэцяй фазаў клінічных выпрабаванняў праводзіцца рандамізаванае кантраляванае адкрытае даследаванне па ацэнцы эфектыўнасці і бяспекі рэжымаў лячэння туберкулёзу з уключэннем новых лекавых сродкаў.
Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:
– Такія рэжымы выкарыстоўваюцца і для лячэння пацыентаў з множнай, і для пацыентаў з шырокай лекавай устойлівасцю туберкулёзу. Тэрміны тэрапіі складаюць усяго 5,5 месяца, што амаль у 4 разы меней за стандартныя тэрміны. Пралечаныя каля 100 пацыентаў. Мы бачым выдатныя вынікі, адсутнасць рэцыдываў і выпадкаў неэфектыўнага лячэння. Гэтыя даследаванні будуць працягнутыя і ў 2021 годзе.
На працягу некалькіх гадоў у цэнтры сумесна з міжнароднай гуманітарнай арганізацыяй «Урачы без межаў» рэалізуецца праграма дапамогі пацыентам з туберкулёзам са множнай лекавай устойлівасцю, абцяжараным злоўжываннем алкаголем. Ім аказваецца медыкаментозная, псіхалагічная і сацыяльная падтрымка, што дазваляе ўтрымаць іх на лячэнні.
Гэта важна, бо сярод такіх пацыентаў часта здараецца адмова ад тэрапіі, сказаў спецыяліст.
На фоне COVID-19 Масуд Дара адзначыў зніжэнне выпадкаў дыягностыкі туберкулёзу і зваротаў людзей па медыцынскую дапамогу.
Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ у Беларусі:
– За першы год пандэміі ва ўсім свеце мы ўбачылі зніжэнне колькасці наноў выяўленых выпадкаў туберкулёзу на 1,4 мільёна. Былі прааналізаваныя дадзеныя і ў Еўрапейскім рэгіёне. Па нашых ацэнках, за першы месяц лакдаўну ў Еўропе колькасць апавяшчэнняў, якія мы атрымлівалі пра рэгістрацыю новых выпадкаў, знізілася на 50%.
Прычынаў такога зніжэння можа быць некалькі. З-за страху захварэць на каранавірус людзі баяцца звяртацца ў медыцынскія ўстановы. Магчыма, таксама пэўныя супрацьтуберкулёзныя цэнтры былі перапрафіляваныя пад лячэнне пацыентаў з каранавірусам. Аднак цяпер профільныя ўстановы лепей падрыхтаваныя да таго, каб весці працу паралельна, а значыць, абслугоўваць пацыентаў і з туберкулёзам, і з COVID-19, упэўнены Масуд Дара. Ён дадаў, што калі з'явіўся кашаль, які турбуе на працягу трох і больш тыдняў, абавязкова трэба звярнуцца да ўрача і прайсці неабходнае абследаванне.
Генадзь Гурэвіч таксама адзначыў пэўнае зніжэнне выяўленых выпадкаў туберкулёзу. Ён патлумачыў гэта зніжэннем з-за пандэміі ўзроўню малекулярна-генетычнай дыягностыкі.
Генадзь Гурэвіч, пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі:
– Таму ў бліжэйшыя гады выяўляльнасць можа некалькі павялічыцца. Супрацьтуберкулёзная служба да гэтага цалкам гатовая і робіць захады для таго, каб павялічыць ахоп і рэнтгеналагічнай, і бактэрыялагічнай дыягностыкай пагражальных кантынгентаў.
Ён распавёў, што больш 6 400 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй прайшлі лячэнне ў стацыянарах супрацьтуберкулёзнай службы. Сярод іх больш за 20 чалавек – з туберкулёзам.
На пытанне, ці ўплывае захворванне на цячэнне каранавіруснай інфекцыі, эксперт адказаў, што цяжкіх выпадкаў зафіксавана не было. Разам з тым, плануецца правядзенне навуковых даследаванняў па вывучэнні асаблівасцяў цячэння і лячэння COVID-19 у пацыентаў з туберкулёзам.
«Пакінь мяне, старая, я сумую», – казаў цар Іаан Грозны ў фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію». А што яшчэ яму было казаць, пасядзеўшы на канапе ў кватэры сучаснай маскоўскай высоткі ды паслухаўшы песню Высоцкага з магнітафона?! Што з ім рабілася тады? У нас бы зараз многія выставілі дыягназ, нават не задумваючыся: «Дэпрэсія ў цара!» А можа, усё ж такі дрэнны настрой?! А чаму такі сур’ёзны роздум сёння? Бо нагода ёсць, міма якой не пройдзеш: Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй. Змагаемся разам!
І зноўку вельмі дарэчы аказалася кніга Андрэя Ільніцкага і Кірыла Прашчаева «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост». Бо там адпаведны раздзел ёсць пад сугучнай назвай: «Дэпрэсія – гэта не проста дрэнны настрой». А колькі разоў мы, як той Іван Васільевіч, прасілі, каб нас пакінулі ў спакоі?! Маўляў, дэпрэсія… Як кажуць, цьфу-цьфу-цьфу, не дай Бог! Бо ад гэтага стану, як ад дрэннага настрою, не адмахнешся так лёгка. Не вылезеш. Асабіста я нават і слова гэта не ўжываю ў дачыненні да сябе… І вам не раю… 🙂
Бо, па-першае, думкі, як вядома, матэрыяльныя. І гэта зусім не прымхі, а даказаны факт. А па-другое, пазнаёміўшыся з дапамогай Таццяны Валодзінай з вераваннямі нашых продкаў у галіне народнай медыцыны… Мімаволі задумаешся калі не аб прымхах, дык аб нечым такім… Што не паддаецца ніякай логіцы і тым не менш – існуе.
… Сустракаю знаёмага ўрача, які зазначае, што даўно мяне не бачыў. У свой час ён вельмі шмат дапамагаў маім сямейнікам. І парадай, і добрымі адносінамі… Цяпер, калі мамачкі не стала, ужо і патрэба турбаваць яго знікла.
Распытваецца, што і як. Апісваю свой стан.
– Што, дэпрэсняк?! – спачувальна пытаецца ён.
– Ды што вы! Вядома ж, не… Проста мне блага па вядомай прычыне. Але я спраўлюся… Мне сапраўды патрэбны час.
Разбіраемся, хто з нас мае рацыю ў гэтай сітуацыі. Чытаем у кнізе беларуска-расійскіх герантолагаў пра дэпрэсію: «Гэтая паталогія сустракаецца даволі часта. Многія ўспрымаюць яе проста як дрэнны настрой. Але ў любым узросце – і ў маладым, і ў сталым, і ў старым – дэпрэсія не проста дрэнны настрой. Гэта цэлы комплекс сур’ёзных зменаў у арганізме…
У любым узросце пускавым фактарам для разівцця дэпрэсіі з’яўляецца разрыў паміж чаканнямі чалавека і тым, што ён атрымлівае ад жыцця ў рэальнасці. Неразуменне сябе, няправільная ацэнка свайго месца ў свеце – адна з асноўных прычынаў дэпрэсіі».
Ну як? Падобная ваша ўласная «дэпрэсія» на гэтае апісанне? Калі вы пасумавалі-пасумавалі, а тады чамусьці нязмушана ўзрадаваліся. І вось ужо нават і не прыгадаеце ў размове з лепшай сяброўкай, што ў вас была – «дэпрэсія». Калі толькі сяброўка тая не спытаецца… І якой жа будзе вашая рэакцыя? Так, адмахнецеся. Маўляў, ай, несур’ёзна. Проста дрэнны настрой…
А вось калі сапраўды чагосьці дужа хочацца… Прынца на белым кані (хацела напісаць – «Мерсэдэсе», але ж гэтая марка машыны даўно ўжо не мяжа жаданняў)… Заняць высокі пост у бацькоўскай кампаніі, але там ужо засеў брат (сястра). Чамусьці гэтая тэма надзвычай папулярная апошнім часам у розных серыялах, якія пастаянна трапляюцца на вочы ў сеціве… Ды ці ж мала сёння хочацца?! Такая прастора для мараў і фантазій!
Вось толькі хочацца часцяком усё і адразу, без усялякіх намаганняў (пераважна моладзі – майму пакаленню ўжо не…). А калі ніхто на сподачку не падасць... Вось тут-то і яна, дэпрэсія. І, магчыма, самая сапраўдная…
Абсалютна сугучныя думкі сустракаю і ў «Кнізе пра ўзрост»: «З узростам чалавек атрымлівае вопыт, які яму падказвае, на што ён здольны, а чаго не можа. Таму, калі параўноўваюць, хто больш шчаслівы – 30-гадовыя ці 70-гадовыя, менавіта сталыя людзі, дзякуючы вопыту, аказваюцца больш шчаслівымі.
Маладому чалавеку, напрыклад, хочацца любой цаной заняць пасаду топ-менэджара, а ў яго для гэтага няма дадзеных. Ён засмучаецца. У сталым узросце такія пакуты-сумненні ўжо ў мінулым: чалавек дакладна ведае, што такі род дзейнасці – не яго».
Вельмі добра, калі гэта раскладзе па палічках хтосьці разумны і блізкі. Альбо, наадварот, таксама разумны, толькі далёкі – псіхолаг, псіхатэрапеўт, напрыклад… Збоку яно-то заўсёды лепей бачна. Толькі каб хапіла розуму і мужнасці прызнаць і прыняць… Прычым усё ж у сярэднім узросце чалавек ужо здольны гэта ўсвядоміць сам. І не даводзіць свой стан да дыягназу.
Бо калі такое здарыцца… «Важна ведаць, што дэпрэсія не праходзіць за некалькі дзён, як прастуда, – зазначаюць Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў. – Яна доўжыцца працяглы час, бывае, не меней за паўгода».
Паўгода шэрасці вакол з-за ўласных замарочак?! Не-не, я да гэтага не гатовая. І вам не раю.
Іншая справа, калі сапраўдная дэпрэсія ўзнікае ў крызісным стане: з-за страты працы і немагчымасці знайсці новую, страты кагосьці з блізкіх ды іншага. Тады, вядома ж, можа спатрэбіцца дапамога спецыяліста. А яшчэ – падтрымка, клопат і любоў блізкіх, родзічаў, сяброў, калег…
І якімі ж уважлівымі нам варта быць адно да аднаго! Каб сапраўды ўбачыць, што з чалавекам штосьці не тое, а не проста дрэнны настрой. Каб ён не атрымаў з-за развіцця дэпрэсіі шэраг спадарожных хваробаў. І вось Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй сярод іншага ставіць на мэце звярнуць нашу ўвагу і на гэта таксама.
Дык будзьма ж міласэрнымі да тых, хто побач. Давайце не абцяжарваць жыццё надуманымі праблемамі. Па магчымасці радавацца любой дробязі і радаваць іншых. Здароўя ўсім і душэўнага спакою!
One fine body…